Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Словаўтварэнне прыметнікаў
§§ 627–663
Словаўтварэнне прыметнікаў
Суфіксальныя прыметнікі
§ 627. З улікам асаблівасцей словаўтваральнай структуры і семантыкі суфіксальныя прыметнікі складаюць два разрады: 1) утварэнні з прыналежным значэннем і 2) утварэнні з адносным значэннем.
Прыметнікі з прыналежным значэннем
§ 628. Суфікс -оў. Прыметнікі з суфіксам -оў (пасля мяккіх зычных пад націскам -ёў, не пад націскам -аў, -еў, ва ўскосных склонах і ў формах жаночага і ніякага роду — -ов-, -ёв-, -ав-, -ев-) маюць значэнне ’які належыць таму, хто названы ўтваральным словам’: рыбак — рыбакоў, Петрусёў, братаў, Колеў, брыгадзіраў. Утваральнымі выступаюць агульныя адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду, назвы асоб па прафесіі, занятку, пасадзе, сваяцкіх адносінах: інжынер — інжынераў, брыгадзіраў, старшынёў, дзедаў; назвы жывёл і птушак: заяц — зайцаў, буслаў, сомаў, уюноў; назвы міфалагічных істот: бог — богаў, чортаў, а таксама ўласныя назоўнікі — мужчынскія імёны і прозвішчы: Адам — Адамаў, Пецеў, Танкаў, Броўкаў.
Націск на суфіксе (-оў, -ёў) або на тым складзе, што і ва ўтваральным слове (Чыгрын — Чыгрынаў, дзед — дзедаў).
Тып высокапрадуктыўны, асабліва ў гутарковай мове і творах мастацкай літаратуры (ад назоўнікаў са значэннем асобы).
§ 629. Суфікс -ін (-ын). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў жаночага роду і маюць тое значэнне, што і папярэдні тып: бабуля — бабулін, сястрын, Аленін. Нешматлікую групу складаюць утварэнні ад назваў жывёл і птушак: зязюля — зязюлін, ластаўчын, лісіцын; міфічных істот: ведзьма — ведзьмін, русалчын. Утварэнні з суфіксам -ін (-ын) ад назоўнікаў мужчынскага роду (Пецін, Лёнін) з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: Алена — Аленін, а таксама к—ч, х—ш: бабулька — бабульчын, старасціха — старасцішын.
Заўвага. Выпадкі адсутнасці чаргавання к—ч (кніжкін, Зоськін) з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
Націск на тым складзе, што ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны, асабліва ў гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры.
Прыметнікі з адносна-якасным значэннем
§ 630. Суфікс -ач- (-яч-). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў — назваў жывёл і маюць значэнне ’характарызуецца тым, мае адносіны да таго ці ўласцівы таму, што названа ўтваральным словам’: быдла — быдлячы, бычачы, жарабячы, кашачы, парасячы, цялячы, шчанячы, ягнячы. Адасоблена слова дзіцячы, утворанае ад назвы са значэннем асобы.
Чаргуюцца к—ч: сабака — сабачы.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 631. Суфікс -ін- (-ын-). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назваў жывёл, птушак, насякомых і маюць значэнне ’уласцівы таму, мае адносіны да таго, што названа ўтваральным словам’: журавель — жураўліны, звярыны, качыны, птушыны, пчаліны, савіны. Семантычна ізаляваны словы тапаліны (ад таполя) і дзяціны (ад дзіця). У працэсе ўтварэння ў словах арліны, жураўліны, салаўіны выпадаюць галосныя ўтваральнай асновы о, э.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі, заднеязычныя — з шыпячымі; фіналь утваральнай асновы -к- адсякаецца: кот — каціны, грак — грачыны, бялуга — белужыны, муха — мушыны, качка — качыны, птушка — птушыны.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
§ 632. Суфікс -ан- (-ян-). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і маюць значэнні ’зроблены з таго ці з прымессю таго, што названа ўтваральным словам’: волава — алавяны, бляшаны, гліняны, дашчаны, драўляны, драцяны, жардзяны, ільняны, палатняны, саламяны, скураны, слюдзяны, сярэбраны, цагляны, шарсцяны, шкляны, аржаны, аўсяны, бульбяны, крывяны, ледзяны, маслены, пясчаны, супяшчаны, травяны; ’які працуе на тым, што названа ўтваральным словам’: вада — вадзяны, ветраны, тарфяны; ’мае ўласцівасць, якасць таго, што названа ўтваральным словам’: дрыгва — дрыгвяны, палымяны, цьмяны, ядраны. Прыметнікі драўляны (варыянт дзеравяны, разм.), дрывяны, драўняны адрозніваюцца паміж сабой характарам утваральных асноў і значэннем: драўляны < дрэва; драўняны < драўніна, дрывяны < дровы.
У мове мастацкіх твораў зафіксаваны рад прыметнікаў з гэтым суфіксам, утвораных ад іншага тыпу асноў: балацяны, барвяны, вясняны, капусцяны, маразяны, святляны. Словы барвяны, вясняны набылі статус літаратурнай нормы, балацяны адносіцца да размоўнага стылю, астатнія выкарыстоўваюцца толькі ў мастацкіх творах.
Заўвага. Прыметнікі духмяны, паслухмяны, слухмяны, ціхмяны ўтвораны ад назоўніка дух, дзеясловаў паслухаць, слухаць і прыметніка ціхі пры дапамозе суфікса -мян-ы.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: бульба — бульбяны, слюда — слюдзяны; заднеязычныя — з шыпячымі: бляха — бляшаны.
Націск на суфіксе, радзей — на канчатку (дрывяны́, скураны́, слюдзяны́, шкляны́) ці на аснове (сярэ́браны, я́драны).
Тып прадуктыўны.
§ 633. Суфікс -н-. Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў, радзей — ад прыслоўяў і займеннікаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць агульнае значэнне ’адносіцца да таго, мае тое або якасць таго, што названа ўтваральным словам’: аварыя — аварыйны, бітумны, варыянтны, выйгрышны, выплатны, газаправодны, даходны, інтэлігентны, калгасны, кінапракатны, комплексны, кукурузны, латарэйны, музейны, надзейны, прыродны, саўгасны, стратны, турбагенератарны, узорны, хвойны, чарназёмны, эвалюцыйны, экскурсійны.
Утваральнымі выступаюць невытворныя назоўнікі, якія абазначаюць прадметы, рэчывы, падзеі, з’явы, працэсы, адцягненыя паняцці: веласіпед — веласіпедны, дагавор — дагаворны, карціна — карцінны, аварыя — аварыйны, аранжарэя — аранжарэйны; складаныя (з дзвюма і больш асновамі): чарназём — чарназёмны, авіядэсант — авіядэсантны, бромавадарод — бромавадародны складанаскарочаныя: калгас — калгасны, саўгас — саўгасны.
Заўвага. Словы калгасны, саўгасны і братні маюць і прыналежнае значэнне: калгасны (саўгасны) сад, братні сын.
Пасля парных цвёрдых зычных (за выключэннем л) выступаюць нарошчаныя, ускладненыя суфіксы (звычайна ў запазычаных словах): -альн- (кантынентальны, музыкальны, нармальны), -арн- (легендарны, малекулярны, фрагментарны), -озн- (венозны, грыпозны), а таксама вытворныя ад яго -тозн-/-атозн- (экзэматозны, эмфізематозны), у прыметніку прэтэнцыёзны суфікс -цыёзн-.
Ускладненыя суфіксы -орн-, -уальн- выступаюць пасля зычных д, т, с, з: ілюзорны, рэфлекторны, індывідуальны, працэсуальны, тэкстуальны; -іўн- (-ыўн-) — пасля зычных т, с, з: прагрэсіўны, спартыўны, эксплазіўны; -ічн- (-ычн-), -аічн-, -атычн-, -іяльн- — пасля парных мяккіх і цвёрдых зычных, у тым ліку к, г, х: ідэалістычны, металічны, сімвалічны, песімістычны, цыклічны, парадыгматычны, бранхіяльны.
У радзе запазычаных слоў перад суфіксам адбываецца чаргаванне з—т: аналіз — аналітычны, паэзія — паэтычны; с—т: хаос — хаатычны.
Пры ўтварэнні прыметнікаў ад нескланяльных назоўнікаў з асновай на галосныя е, э адбываецца нарашчэнне асновы за кошт j: купэ — купэйны, рэле — рэлейны, шашэ — шашэйны.
Суфікс -ённ- выступае толькі ў словах парцыённы, пенсіённы, сесіённы, але ў літаратурнай мове ў такім выглядзе выкарыстоўваецца рэдка (часцей у форме сесійны, пенсійны).
Суфікс -арн- малапрадуктыўны і лексічна абмежаваны галоўным чынам спецыяльнай тэрміналогіяй.
Перад суфіксам звычайна парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: гартань — гартанны, дробязь — дробязны; заднеязычныя — з шыпячымі: адліга — адліжны, жаўтуха — жаўтушны, абаранак — абараначны, а таксама ц—ч: аканіца — аканічны; в—ў: дзяржава — дзяржаўны.
Калі перад суфіксам -к- утваральнай асновы ёсць які-небудзь іншы зычны, то пры ўтварэнні прыметнікаў з суфіксам -н-, апрача чаргавання, праяўляюцца ўстаўныя галосныя а, е: бэлька — бэлечны, гарэлка — гарэлачны, казка — казачны, капейка — капеечны. Такое ж чаргаванне назіраецца і пры ўтваральнай аснове на -ўк-а: вінтоўка — вінтовачны, вяроўка — вяровачны, а таксама ў прыметніках, утвораных ад назоўнікаў дзеяслоўнага паходжання: абліцоўка — абліцовачны, драпіроўка — драпіровачны, камандзіроўка — камандзіровачны.
Пры ўтварэнні прыметнікаў гарманічны, дысперсны, дыфузны, ілюзорны, лабараторны, санаторны, экспрэсіўны адпадае канцавая частка асновы -іj-.
Заўвага. Прыметнік дывізіённы суадносіцца з назоўнікам дывізіён, а прыметнік дывізійны — з назоўнікам дывізія.
Націск, як правіла, на тым складзе, што і ва ўтваральным слове. Выключэнне складаюць прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў на -ацыя, і некаторыя прыметнікі ад назоўнікаў на -ія: авія́цыя — авіяцы́йны, эвалю́цыя — эвалюцы́йны, эксплуата́цыя — эксплуатацы́йны, ава́рыя — авары́йны, але аранжарэя — аранжарэйны, галантарэя — галантарэйны, дыфу́зія — дыфу́зны, дыспе́рсія — дыспе́рсны, лабараторыя — лабараторны.
Тып высокапрадуктыўны.
Утварэнні з суфіксам -н-, як правіла, стылістычна нейтральныя, а з яго варыянтамі (пераважна тымі, якія спалучаюцца з іншамоўнымі асновамі) ужываюцца ў кніжнай мове — навуковай тэрміналогіі.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць агульнае значэнне ’які адносіцца да дзеяння’. Гэта значэнне рэалізуецца ў прыватных словаўтваральных значэннях: ’мае ўласцівасць падвяргацца пэўнаму дзеянню’ (адкідаць — адкідны, адразны, адсыпны), ’здольны ўтвараць пэўнае дзеянне’ (выварыць — выварны, выграбны, захлапны, заціскны), ’з’яўляецца вынікам пэўнага дзеяння’ (накладаць — накладны, нашыўны, чаканны).
Канцавая галосная асновы інфінітыва, а таксама -ва-, -ыва-, -оўва- пры ўтварэнні прыметнікаў адсякаюцца. Чаргуюцца парна-мяккія зычныя з цвёрдымі: чаканіць — чаканны; заднеязычныя — з шыпячымі: абцягваць — абцяжны, слухаць — слушны; в—ў: заліваць — заліўны, а таксама л—л’: пасылаць — пасыльны.
Заўвага. Прыметнікі ліцейны, піцейны (уст.) суадносяцца са словамі ліць, піць і назоўнікамі ліццё, піццё (суфікс -ейн-).
Націск пераважна на флексіі, радзей — на аснове, незалежна ад націску ўтваральнага дзеяслова.
Тып прадуктыўны.
Адпрыслоўныя прыметнікі абазначаюць якасць прадмета паводле розных акалічнасцей (часу, месца і г. д.), названых утваральнымі словамі: апрыёрны, заўсёдны, міжвольны, навакольны, наўмысны, папярочны, паўсюдны, сапраўдны, сумысны, штохвілінны.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып малапрадуктыўны.
Ад займенніка нічый утворан прыметнік нічыйны.
§ 634. Суфікс -ов- (-ав-, -ев-). Пры дапамозе суфікса -ов-ы (пад націскам, не пад націскам -ав-ы, пасля мяккіх асноў не пад націскам -ев-ы, пад націскам -ёв-ы) утвараюцца прыметнікі ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць значэнне ’які адносіцца да таго або ўласцівы таму, што названа ўтваральным словам’: вольха — альховы, балансавы, гадзіннікавы, газавы, дзіравы, дывановы, дымавы, журавінавы, ласкавы, пачуццёвы, пісьмовы, тыднёвы, узроставы, фінансавы, хваёвы, этылавы, яскравы. Прыметнікі, утвораныя ад назваў жывёл, абазначаюць яшчэ прыналежнасць да пэўнай пароды або віду жывёльнага свету: коцік — коцікавы, кракадзілавы, леапардавы, маржовы, слановы. Невялікую падгрупу з гэтым суфіксам складаюць якасныя прыметнікі: гонар — ганаровы, ліловы, пурпуровы, ружовы, тыповы.
Беглая галосная ўтваральных асноў адсутнічае: бабёр — бабра — бабровы, вузел — вузла — вузлавы, лямец — лямца — лямцавы; выключэнне: песня — песень — песенны. Пры ўтварэнні прыметнікаў ад нескланяльных назоўнікаў адсякаецца канцавая галосная асновы: кенгуру — кенгуравы, джэрсі — джэрсовы, какава — какававы.
У прыметніках з суфіксам -ов- (-ёв-) націск на суфіксе, з суфіксам -ав- (яв-) — на тым складзе, што і ва ўтваральных словах. Выключэнне складаюць некаторыя прыметнікі з аднаскладовай утваральнай асновай: бой — баявы́, гук — гукавы́, корм — кармавы́, ніз — нізавы́, страх — страхавы́ і інш.
Асобныя прыметнікі ўжываюцца ў літаратурнай мове ў двух варыянтах — з націскным і ненаціскным суфіксам: веснавы́ і вясно́вы, лі́павы і ліпо́вы (разм.), манеўро́вы, пухо́вы — з націскным суфіксам, арке́стравы — з ненаціскным.
Тып высокапрадуктыўны.
Па-за межамі сучаснай нормы знаходзяцца некаторыя прыметнікі, якія ўжываюцца ў мове мастацкай літаратуры: брукавы (літ. брукаваны), жытнёвы (жытні), казкавы (казачны), металёвы (металічны), сталёвы (стальны), стылёвы (стылявы) і інш.
Прыметнікі, утвораныя ад саміх прыметнікаў, абазначаюць непаўнату якасці: белы — бялявы, гаркавы, зелянявы (разм.), кіслявы (разм.), маладжавы, русявы і русавы (разм.), саладжавы, сінявы, смуглявы, або маюць агульнае якаснае значэнне: белавы, легкавы, чарнавы.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі, а таксама д—дж: белы — бялявы, малады — маладжавы.
Заўвага. У прыметніках жаўтлявы, танклявы, выступае варыянт суфікса -ав- фармант -ляв-ы, а ў словах сухарлявы, хударлявы — -арляв-ы.
Аддзеяслоўныя прыметнікі ў асноўным маюць значэнне ’які прызначаны для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам’: бурыць — буравы, качаваць — качавы, скакаць — скакавы, страхаваць — страхавы, хадзіць — хадавы.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы і -ава- перад суфіксам адсякаюцца.
Націск на флексіі.
Тып малапрадуктыўны.
§ 635. Суфікс -ават- (-яват-). Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца якасныя прыметнікі ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць агульнае значэнне ’які характарызуецца адносінамі да таго, што названа ўтваральным словам’. Яно рэалізуецца ў некалькіх прыватных значэннях: ’які мае ўласцівасці таго, што названа ўтваральным словам’: гультай — гультаяваты (разм.), жулікаваты (разм.), звераваты, зухаваты (разм.), ленаваты, мужыкаваты (разм.); ’які валодае тым, што названа ўтваральным словам’: воспа — васпаваты, вуграваты, сукаваты, храшчаваты; часам з адценнем ’які мае састаўной часткай тое, што названа ўтваральным словам’: глей — глеяваты, жвіраваты. Асобна стаіць прыметнік вінаваты.
Перад суфіксам беглая галосная ўтваральнай асновы выпадае: кручок — кручкаваты, рубец — рубцаваты.
Націск пераважна на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Прыметнікі, утвораныя ад саміх прыметнікаў, маюць значэнне ’валодае ў меншай ступені якасцю, названай утваральным словам’: белы — белаваты, бруднаваты, гаркаваты, даўгаваты, драбнаваты, жаўтаваты, кіславаты, макраваты, нізкаваты, рудаваты, сіняваты, сыраваты, таўставаты, халаднаваты, цеплаваты, чарнаваты, шараваты.
Утваральнымі выступаюць якасныя прыметнікі невытворныя (белы — белаваты) і з суфіксамі: -н (брудны — бруднаваты, халодны — халаднаваты), -к- (гразкаваты), -л- (хрыплы — хрыплаваты), -ов- (ружовы — ружаваты) (з сумяшчэннем -ов- утваральнай асновы і фарманта).
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Прыметнікі ніштаваты, ніякаваты (разм.) суадносяцца з асновамі займенніка (нішто) і прыслоўя (ніяк).
§ 636. Суфікс -авіт- (-явіт-). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць значэнне ’які валодае ў вялікай ступені тым, што названа ўтваральным словам’: бас — басавіты, сакавіты, таленавіты, ядавіты.
Тып малапрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнне ’схільны да дзеяння, названага ўтваральным словам’: працаваць — працавіты, прагнуць — прагавіты, хварэць — хваравіты, цягнуць — цягавіты, пладзіць — пладавіты.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ава-, -ну- перад суфіксам адсякаюцца.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 637. Суфікс -ат-. Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад неадушаўлёных назоўнікаў — назваў частак цела або якой-небудзь спецыфічнай рысы асобы ці жывой істоты і маюць значэнне ’які характарызуецца тым або мае ў вялікай меры тое, што названа ўтваральным словам’: барада — барадаты, валасаты, вусаты, гарбаты, губаты, зубаты, крылаты, лабаты, мардаты, насаты, пузаты, рагаты, хвастаты. цыбаты, кудлаты, чубаты, жалабаты, паласаты.
Перад суфіксам адсякаецца фіналь -ін- (шчарбіна — шчарбаты), чаргуюцца к—ч: губка — губчаты.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Ад дзеясловаў утвораны адзінкавыя словы: зіркаты (ад зіркаць), пухнаты (ад пухнуць), смаркаты (ад смаркацца).
§ 638. Суфікс -чат-. Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць агульнае значэнне ’які адносіцца да прадмета, названага ўтваральным словам’. Яно рэалізуецца ў больш прыватных значэннях: ’мае ў сабе тое, ці падобны на тое, што абазначана ўтваральным словам’: грэбень — грабенчаты, зубчаты, каленчаты (тэхн.), палавінчаты, рэпчаты, сцябельчаты.
Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, выключэнне: зубча́ты, сцябе́льчаты.
Тып малапрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнне ’схільны да дзеяння, або характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам’: пералівацца — пераліўчаты, расплыўчаты, узрыўчаты.
Націск на корані.
Тып непрадуктыўны, абмежаваны ўтварэннямі з каранямі дзеясловаў ліць, плыць, рваць, сыпаць.
§ 639. Суфікс -аст- (-яст-). Прыметнікі з гэтым суфіксам утвараюцца пераважна ад назоўнікаў, радзей — ад дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць значэнне ’які характарызуецца знешняй інтэнсіўнай прыметай, названай утваральным словам’: брыжы — брыжасты, вушасты, галінасты, галавасты, гарласты, грудасты, грывасты, губасты, дуплясты, дзюбасты, зубасты, іглісты, каранасты, кіпцюрасты, лычасты, мардасты, скуласты, языкасты. Семантычна адасоблены прыметнікі вугласты, мышасты.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны, асабліва ў гутарковым стылі і мове мастацкай літаратуры.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнне ’схільны да дзеяння або характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам’: блішчаць — блішчасты, віхлясты, выгінасты, выкручасты, закручасты, зіркасты, павілясты (абл.), пакручасты.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
§ 640. Суфікс -ів- (-ыв-). Прыметнікі з гэтым суфіксам звычайна ўтвараюцца ад назоўнікаў і маюць значэнне ’які характарызуецца наяўнасцю таго, што названа ўтваральным словам’: літасць — літасцівы, міласцівы, паршывы, пляшывы, праўдзівы.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Асобныя прыметнікі з суфіксам -ів-ы (-ыв-ы) утвораны ад дзеясловаў; яны маюць значэнне ’схільны да дзеяння, названага ўтваральным словам’: ленавацца — лянівы, ілжывы, раўнівы, чарвівы.
Націск на суфіксе; перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва, а таксама -ава- адсякаюцца (раўнаваць — раўнівы, чарвівець — чарвівы).
Тып малапрадуктыўны.
§ 641. Суфікс -лів-. Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца якасныя прыметнікі ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць значэнні: ’характарызуецца тым, мае ўласцівасці таго або схільны да таго, што названа ўтваральным словам’: дождж — дажджлівы, жахлівы, засушлівы, зацейлівы, крыклівы, дураслівы, зайздрослівы, плаксівы, пралазлівы, пранырлівы, санлівы, сарамлівы, сіратлівы. Утваральнымі выступаюць назоўнікі невытворныя: жах — жахлівы; з суфіксамі -асць: зайздрасць — зайздрослівы; з нулявым суфіксам: засуха — засушлівы. Перад суфіксам чаргуюцца х—ш.
У прыметніках, утвораных ад аднаскладовай асновы, націск на суфіксе; у астатніх выпадках пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове (агі́да — агі́длівы, гаспада́р — гаспада́рлівы), выключэнне: за́суха — засу́шлівы, сірата́ — сіратлі́вы, шча́сце — шчаслі́вы, за́йздрасць — зайздрослі́вы.
Тып прадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі звычайна абазначаюць схільнасць да дзеяння, названага ўтваральным словам: гаварыць — гаварлівы, даверлівы, жартаўлівы, здагадлівы, імклівы, кемлівы, маўклівы, пакорлівы.
Многія прыметнікі з суфіксам -лів- суадносяцца як з назоўнікамі, так і з дзеясловамі: здрадлівы (здраджваць, здрада), дикорлівы (дакараць, дакор), зняважлівы (зневажаць, знявага), пакутлівы (пакутаваць, пакута).
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы перад суфіксам -лів- адсякаецца: жартаваць — жартаўлівы, кеміць — кемлівы; чаргуюцца заднеязычныя з шыпячымі: берагчы — беражлівы, маўчаць — маўклівы, насміхацца — насмешлівы.
Націск часткова на суфіксе (пераважна ў тых выпадках, калі ўтваральнае слова мае рухомы націск); часткова на аснове (пераважна пры нерухомым націску ва ўтваральным слове).
Тып прадуктыўны.
§ 642. Суфікс -чыв-. Пры дапамозе гэтага суфікса ад прыставачных дзеясловаў утвараюцца якасныя прыметнікі са значэннем ’схільны да дзеяння, абазначанага ўтваральным словам’: запальваць — запальчывы, забыўчывы, прывязчывы, прыліпчывы, ужыўчывы, уступчывы.
Націск на аснове.
Тып малапрадуктыўны.
§ 643. Суфікс -іст- (-ыст-). Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца якасныя прыметнікі ад назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў і прыслоўяў.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць значэнне ’валодае ўласцівасцямі таго, мае ці змяшчае (нярэдка ў вялікай меры) тое, што абазначана ўтваральным словам’: абрыў — абрывісты, агністы, багністы, балоцісты, валакністы, галасісты, гарысты, залацісты, каласісты, квяцісты, мускулісты, падзолісты, пушысты, рабрысты, скалісты, смалісты, ухабісты.
Утваральнымі выступаюць назоўнікі невытворныя: глей — глеісты, скала — скалісты; з суфіксамі: -ак (суглінак — сугліністы), -к- (кветка — квяцісты), -ын (маршчына — маршчыністы), з нулявым суфіксам (навар — наварысты).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: балота — балоцісты; заднеязычныя — з шыпячымі: лапух — лапушысты, парог — парожысты. Фіналі ўтваральных слоў -ін-, -ак-, -к-, -ыj- адсякаюцца: суглінак — сугліністы, выбоіна — выбоісты, фанабэрыя — фанабэрысты.
Націск пераважна на тым жа складзе, што і ва ўтваральным слове, радзей — на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Прыметнікі, утвораныя ад саміх прыметнікаў (звычайна — адназоўнікавых), абазначаюць вялікую колькасць таго ці прымесь або падабенства да таго, што названа ў аснове прыметніка: агромны — агромністы, вадзяністы, крывяністы, ледзяністы, пясчаністы, сярністы, тарфяністы, травяністы, шаўкавісты.
Утваральнымі выступаюць прыметнікі з суфіксамі -н-, -ан-, -ян-, -ав- (-яв-), -ов- і інш.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі абазначаюць схільнасць да дзеяння, названага ўтваральным словам: адрываць — адрывісты, задзірысты, пакладзісты, пералівісты, развесісты, раскідзісты, учэпісты.
Утваральнымі выступаюць звычайна прэфіксальныя дзеясловы; канцавая галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ва-, -іва- адсякаюцца: залівацца — залівісты, учэплівацца — учэпісты.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: надрываць — надрывісты.
У прыметніках, утвораных ад прэфіксальных дзеясловаў, націск на корані, у астатніх — на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Ад лічэбнікаў утвораны толькі два словы: два — дваісты, тры — траісты; ад прыслоўяў адно — знарочысты (ад знарок).
§ 644. Суфікс -к-. Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца якасныя прыметнікі звычайна ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя прыметнікі абазначаюць ’мае ў сабе тое, характарызуецца тым, што названа ўтваральным словам’: вада — вадкі, глейкі, гразкі, гулкі, звонкі, мелкі, салодкі, слізкі, цяжкі.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: мель — мелкі, гразь — гразкі.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып малапрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнне ’схільны да дзеяння ці здольны выклікаць дзеянне, названае ўтваральным словам’: гібкі, гнуткі, грузкі, даўкі, клейкі, колкі, коўзкі, ліпкі, ломкі, мылкі, плаўкі, сыпкі, чуткі.
Утваральнымі выступаюць асновы беспрэфіксальных дзеясловаў: вязнуць — вязкі, зябнуць — зябкі, часам уся форма інфінітыва: гнуць — гнуткі.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: мыліць — мылкі, звінець — звонкі; в — ў: плавіць — плаўкі; ж — г: дрыжаць — дрыготкі.
Націск на аснове (але трапяткі).
Тып прадуктыўны.
§ 645. Суфікс -ск-. Пры дапамозе суфікса -ск- і яго вытворных ад асноў назоўнікаў утвараюцца адносныя прыметнікі з агульным значэннем ’які адносіцца да таго або ўласцівы таму, што названа ўтваральным словам’. Утваральнымі выступаюць наступныя групы назоўнікаў: 1) назоўнікі са значэннем асобы; 2) назоўнікі са значэннем назвы жыхароў, краін, народаў і плямён; 3) назоўнікі са значэннем назвы жывёл; 4) уласныя геаграфічныя назвы; 5) назоўнікі са значэннем пор года і месяцаў; 6) назоўнікі са значэннем канкрэтных прадметаў і розных паняццяў.
Прыметнікі ад назоўнікаў першай групы маюць значэнне ’які належыць, уласцівы таму, мае адносіны да таго, што названа ўтваральным словам’: акцёр — акцёрскі, аўтарскі, афіцэрскі, бухгалтарскі, доктарскі, дырыжорскі, камандзірскі, партызанскі, піянерскі, пралетарскі, рэжысёрскі, снайперскі, шахцёрскі, штурманскі. Сюды прымыкаюць таксама прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў, якія абазначаюць калектывы, аб’яднанні, ідэалагічныя плыні і г. д.: грамадства — грамадскі, камсамольскі, ленінскі, людскі.
Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў другой групы, суадносяцца таксама з назвамі краін: балгарскі (балгары і Балгарыя), беларускі, грузінскі, іранскі, скіфскі, татарскі.
Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў трэцяй групы, прадстаўлены асобнымі словамі: зверскі, конскі, свінскі.
Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў чацвёртай групы, абазначаюць прымету па адносінах да месца, абазначанага ўтваральным словам: Барысаў — барысаўскі, быхаўскі, бярэзінскі, гомельскі, добрушскі, капыльскі, кобрынскі, лепельскі, мядзельскі, пінскі, ружанскі, старобінскі, столінскі, чэрвеньскі.
Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў пятай групы, выражаюць прымету па адносінах да часу, абазначанага ўтваральным словам: восеньскі, жнівеньскі, ліпеньскі, снежаньскі. Блізка стаяць да гэтай групы прыметнікі, утвораныя ад назваў свят: кастрычніцкі, купальскі, першамайскі.
Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў шостай групы, выражаюць прымету па адносінах да ўстановы, тэрыторыі, вучэння і г. д., названых утваральным словам: акіянскі, гарадскі, заводскі, канцылярскі, марскі, медыцынскі, сельскі, філасофскі.
Утваральнымі выступаюць назоўнікі невытворныя: скіф — скіфскі, конь — конскі; з суфіксамі: -ак (рыбак — рыбацкі), -нік (разбойнік — разбойніцкі), -ук (паляшук — паляшуцкі), -ыст (дзекабрыст — дзекабрысцкі), -ар (арганізатар — арганізатарскі), -цель (прыяцель — прыяцельскі), -енн- (упраўленне — упраўленскі), -ішч- (Гарадзішча — гарадзішчанскі); складаныя назоўнікі з кампанентамі -горад, -град: ленінградскі, ноўгарадскі; абрэвіятуры: абкомаўскі, камсамольскі.
У залежнасці ад будовы ўтваральнай асновы суфікс -ск-, захоўваючы ўласцівае яму значэнне, ускладняецца і выступае ў выглядзе наступных варыянтаў -анск- (-янск-), -енск-, -аўск-, -оўск-, -ейск-, -ійск- (-ыйск-), -інск- (-ынск-).
Фармант -анск- (-янск-), -іянск- (-ыянск-) пераважна маюць прыметнікі ад геаграфічных назваў на -ч, -ча, -ша, -шча, -жа, -ля, -ма, -на, -ня, -та, -це і з некаторымі іншымі асновамі: Нарач — нарачанскі, Елча — елчанскі, Орша — аршанскі, Селішча — селішчанскі, Нароўля — нараўлянскі, Карма — кармянскі, Хлеўна — хляўнянскі, Вусце — вусцянскі. Сюды ж адносіцца рад прыметнікаў, утвораных ад іншамоўных геаграфічных назваў: амерыканскі, афрыканскі, італьянскі, мараканскі, неапалітанскі, перуанскі.
Фармант -енск- выступае пераважна ў прыметніках ад геаграфічных назваў на -ба, -ва, -ля, -на, -ня: Газьба — газьбенскі, Зэльва — зэльвенскі, Відомля — відомленскі, Рагозна — рагозненскі, Стрэльня — стрэльненскі.
Фармант -оўск- (-ёўск-), -аўск- (-еўск-) выступае пасля зычных (апрача г, к, х) у прыметніках, утвораных ад некаторых агульных назоўнікаў, а таксама ў асабовых назоўніках мужчынскага роду і ўласных назоўніках, якія з’яўляюцца прозвішчамі асоб мужчынскага полу або геаграфічнымі назвамі, абрэвіятурамі агульнымі і ўласнымі: верасень — вераснёўскі, лістападаўскі; бацькоўскі, вучнёўскі, дзедаўскі, каралеўскі, краўцоўскі, сяброўскі, коласаўскі, купалаўскі, чапаеўскі; дняпроўскі, нёманаўскі, пустынкаўскі, старынкаўскі, чарнееўскі; дзетсадаўскі, уралмашаўскі.
Фармант -ейск- выступае ў прыметніках, утвораных ад назоўнікаў з асновай на -іj- (-ыj-): армія — армейскі, архейскі (геал.), біблейскі, гвардзейскі. Асобна стаіць прыметнік еўрапейскі, утвораны ад асновы назоўніка Еўроп-а.
Фармант -ійск- (-ыйск-) выступае ў асобных прыметніках, утвораных ад агульных і ўласных назоўнікаў на зычны: алімпійскі, балтыйскі, камбаджыйскі, піфагарэйскі.
Фармант -інск- (-ынск-) выкарыстоўваецца ў прыметніках, утвораных ад агульных асабовых назоўнікаў жаночага роду і ўласных назоўнікаў, якія з’яўляюцца геаграфічнымі назвамі: екацярынінскі, мацярынскі, гагрынскі, сочынскі, чыцінскі. У прыметніку братэрскі вылучаецца суфікс -эрск-і.
Перад суфіксам -ск- чаргуюцца заднеязычныя з шыпячымі: Волга — волжскі, чэхі — чэшскі.
Утварэнне прыметнікаў ад назоўнікаў з асновай на к, т, ц, ч суправаджаецца паяўленнем спалучэння цк на месцы кск, тск, цск, чск: Гарадок — гарадоцкі, студэнт — студэнцкі, кравец — кравецкі, ткач — ткацкі. У прыметніках ад іншамоўных геаграфічных і этнічных назваў на х, к гэтыя зычныя перад суфіксам -ск- на пісьме захоўваюцца: казах — казахскі, узбек — узбекскі.
Перад суфіксам -інск- парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: Куба — кубінскі, Чыта — чыцінскі.
Беглы галосны асновы ўтваральнага слова захоўваецца перад -цк: купец — купца — купецкі, Егіпет — Егіпта — егіпецкі, а перад -оўск- адсутнічае: Выселак — Выселка — высялкоўскі. У некаторых выпадках нулявы галосны асновы ўтваральнага слова чаргуецца з галосным е або о: міністр — міністэрскі, шляхта — шляхецкі, Літва — літоўскі, Масква — маскоўскі.
Утварэнне прыметнікаў суправаджаецца адсячэннем часткі ўтваральных асноў: а) канцавой галоснай нескланяльных назоўнікаў: Баку — бакінскі, Туапсэ — туапсінскі; б) спалучэння -іj- (-ыj-): канцылярыя — канцылярскі, пралетарый — пралетарскі; в) канцавога зычнага ў назоўніках з падвоеным зычным: праўленне — праўленскі, Балонне — балонскі, Зарэчча — зарачанскі; г) -ец/-ц асноў асабовых назоўнікаў, а таксама этнонімаў: якабінец — якабінскі, афрыканец — афрыканскі; д) -к/-ак асноў агульных і ўласных назоўнікаў перад суфіксам -ск-: ураўнілаўка — ураўнілаўскі, Ямайка — ямайскі, Навагрудак — навагрудскі; е) -л асноў на -ўл: Яраслаўль — яраслаўскі.
Накладванне суфікса -ск- на фіналь -ск (-цк) утваральнай асновы назіраецца ў прыметніках ад беларускіх і рускіх тапонімаў: Мінск — мінскі, Бранск — бранскі, Брацк — брацкі, а таксама ў прыметніках ад тапонімаў з асновай на с: Адэса — адэскі, Праванс — праванскі, Уэльс — уэльскі.
Нерэгулярныя суадносіны асноў: негр — негрыцянскі, Мальтус — мальтузіянскі, Генуя — генуэзскі, Ангола — ангалезскі, Конга — кангалезскі, Тога — тагалезскі, Персія — персідскі, Уфа — уфімскі, Польшча — польскі, Данія — дацкі, Турцыя, турак — турэцкі, чукчы — чукоцкі.
У прыметніках на -скі, -цкі націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове: грузін — грузінскі, ліпень — ліпеньскі, Лагойск — лагойскі, кастрычнік — кастрычніцкі, або на перадапошнім складзе (пераважна ў тых выпадках, калі ва ўтваральным слове ён на першым або на апошнім складзе): грамада — грамадскі, міністр — міністэрскі, немец — нямецкі, турак — турэцкі, чукчы — чукоцкі, шляхта — шляхецкі; Бухара — бухарскі, Масква — маскоўскі, сяло — сельскі і інш. Выключэнне: горад — гарадскі, мора — марскі, хутар — хутарскі.
У прыметніках на -оўскі, -ёўскі націск на суфіксе: бацькоўскі, дзядоўскі, вучнёўскі; у словах на -аўскі, -еўскі — на тым складзе, што і ва ўтваральным слове: нёманаўскі.
У прыметніках з фармантам -анск- (-янск-) націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове: вальтэрыя́нец — вальтэрыя́нскі, гегелья́нец — гегелья́нскі, Парэ́чча — парэ́чанскі, але патрыцый — патрыцыя́нскі, рэспу́бліка — рэспубліка́нскі, Ву́сце — вусця́нскі, На́рач — нарача́нскі, Нароўля — нараўля́нскі, Орша — арша́нскі, Ру́дня — рудня́нскі, Туроўля — тураўля́нскі, Хле́ўна — хляўня́нскі і інш.
У прыметніках з фармантамі -ейск-, -ійск (-ыйск) націск на суфіксе: бібле́йскі, гвардзе́йскі, еўрапе́йскі; алімпійскі, балтыйскі.
У прыметніках з фармантам -енск- націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове: Глі́на — глі́ненскі, Рагозна — рагозненскі, Хобнае — хобненскі.
Найбольшую прадуктыўнасць у сучаснай беларускай мове маюць фарманты -ск-, -цк- (-цск-, -чск-), -оўск-, -аўск- (-еўск-), -анск- (-янск-), -іянск- (-ыянск-). Астатнія адносяцца да малапрадуктыўных.
§ 646. Суфікс -шн- (-ашн-). Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца прыметнікі ад прыслоўяў: дома — дамашні, заўчарашні, знешні, сённяшні, цяперашні, заўсёдашні, тамашні, нікудышні і інш.
Фармант -ашн-і выступае ў прыметніках ад прыслоўяў на зычны (там — тамашні) ці пры адсячэнні галоснага (заўсёды — заўсёд-ашні).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
§ 647. Суфіксы -ач- (-яч-), -уч- (-юч-). Пры дапамозе гэтых суфіксаў ад дзеясловаў утвараюцца пераважна якасныя прыметнікі са значэннем ’схільны да таго або мае ўласцівасці, адзнакі таго, што названа ўтваральным словам’: блішчаць — бліскучы, рашучы, ляжачы, стаячы.
Утваральнымі выступаюць непераходныя і пераходныя дзеясловы на -аць (-яць): ліняць — лінючы, рэзаць — рэжучы, трашчаць — траскучы; на -ець (-эць): вісець — вісячы, звінець — звінячы, грымець — грымучы, ляцець — лятучы; на -іць (-ыць): мысліць — мыслячы, падыходзіць — падыходзячы, хадзіць — хадзячы; на -оць: калоць — калючы, колючы; на -уць: цягнуць — цягучы; на зычны: бегчы — бягучы, весці — вядучы, несці — нясучы, паўзці — паўзучы, пячы — пякучы, цячы — цякучы.
Ад асновы дзеясловаў цяперашняга часу ўтвораны прыметнікі будучы, жывучы, плывучы, адстаючы, арганізуючы, акаючы (лінгв.), блукаючы, кіруючы, пульсуючы.
Прыметнікі пахучы, цягучы ўтвораны ад пахнуць, цягнуць з адсячэннем фінальнага зычнага -н- утваральнай асновы.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі; заднеязычныя — з шыпячымі: рыпець — рыпучы, грымець — грымучы, вязаць — вяжучы, плакаць — плакучы, а таксама с—ш: пісаць — пішучы; шч—ск: трашчаць — траскучы.
У прыметніках, утвораных ад інфінітыўнай асновы, націск пераважна на суфіксе, а ад формы цяперашняга часу — на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны ў галіне навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.
§ 648. Суфіксы -ашч- (-яшч-), -ушч- (-юшч-). Пры дапамозе гэтых суфіксаў утворана нязначная колькасць прыметнікаў (ад асноў дзеясловаў) са значэннем ’які характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам’ з канкрэтызацыяй ’схільны да дзеяння’ ці ’вынік дзеяння’: валачыць — валачашчы, гуляшчы, заваляшчы, прапашчы, заграбушчы.
Утваральнымі выступаюць тыя тыпы дзеясловаў, што і пры ўтварэнні прыметнікаў з суфіксамі -ач-, -уч- (гл. § 647).
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны. Усе прыметнікі гэтага тыпу належаць да размоўнага стылю.
§ 649. Суфікс -л-. Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць значэнне ’які знаходзіцца ў стане, што выкліканы працэсам, названым утваральным словам’: адстаць — адсталы, гарэлы, гнілы, кіслы, разлезлы, цвілы, бывалы, мінулы, чулы, беглы, рослы, прышлы.
Прыметнікі на -лы (асабліва ад прэфіксальных дзеясловаў) суадносяцца з адпаведнымі дзеепрыметнікамі: ахрыплы, азызлы, вымерзлы, звар’яцелы, пачарнелы.
Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове, выключэнне: праця́глы, гнілы́, насты́лы, падгні́лы, прасты́лы, даро́слы, пераро́слы, праро́слы, за́йшлы, пры́йшлы і некаторыя іншыя.
§ 650. Суфіксы -ім-, -ом- (-ем-). Прыметнікі з гэтымі суфіксамі маюць значэнне ’здольны падвергнуцца дзеянню ці выканаць дзеянне, названае ўтваральным словам’: дзяліць — дзялімы, любімы, судзімы, цярпімы, ядомы (ад ядуць), магчымы (ад формы інфінітыва магчы, з адсячэннем фінальнага галоснага), значымы (лінгв.), вядомы, рухомы, знаёмы (ад знаць).
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 651. Суфіксы -н-, -он- (-ён-), -ен-. Прыметнікі з гэтымі суфіксамі маюць значэнне ’падвержаны дзеянню ці заключае вынік дзеяння, названага ўтваральным словам’: вязаць — вязаны, мочаны, ранены, салёны, сушаны.
Прыметнікі з суфіксам -н- утвараюцца ад пераходных і непераходных дзеясловаў незакончанага трывання на -аць, -іць: дыпламаваны, жаданы, кваліфікаваны, мяшаны (спец.), даданы (лінгв.), каханы, паліваны, складаны, гашаны (спец.), кошаны, крышаны, мечаны, мочаны, ношаны, пудраны.
Прыметнікі з суфіксамі -он- (-ён-) утвораны ад дзеясловаў на -ыць (-іць), -ыцца (-іцца), -нуць, -чы: адушавіць — адушаўлёны (грам.), вучоны, куплёны, пранікнёны, салёны, сцеражоны, улюбёны, шалёны.
Прыметнікі з суфіксам -ен утвораны ад асновы інфінітыва на -ыць (-іць) пераходных дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання: галіць — голены, дублены, здаволены, знясілены, крадзены, кроены, маслены, надломлены, насуплены, прасветлены, прасолены, разгублены, раздроблены, смалены, узброены, упэўнены.
Націск звычайна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове. Змена націску назіраецца ў выпадках аманіміі прыметнікаў з суфіксам -он- (-ён-) з адпаведнымі дзеепрыметнікамі: вучоны (дзеепрым. вучаны), куплёны (куплены), салёны (солены).
Прадуктыўнасць маюць фарманты -н-, -ен-; -он- (-ен-) — малапрадуктыўны.
§ 652. Суфікс -т-. Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць тое значэнне, што і з суфіксамі -н-, -ен.
Яны ўтвараюцца ад дзеясловаў на -аць, -ыць (-іць), -оць, -нуць і ад асноў на зычны пераходных і непераходных дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання: адкрываць — адкрыты, біты, віты, гнуты, жаты, забіты, знябыты, колаты, мыты, мяты, надзьмуты, пацёрты, прадузяты, пракляты, прыўзняты, разбіты, развіты. Некаторыя з прыметнікаў суадносяцца з дзеепрыметнікамі; іншыя не маюць такой суадноснасці (заўзяты, зацяты).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
Прыметнікі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі
§ 653. Пры дапамозе суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі ад якасных прыметнікаў утвараюцца прыметнікі з разнастайнымі дадатковымі адценнямі — ласкальнасці, памяншальнасці, павелічальнасці, узмацняльнасці, зневажальнасці і г. д.
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 654. Суфікс -еньк- (-эньк-, -аньк- не пад націскам). Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць ласкальнае значэнне ці паказваюць на зменшаную або павялічаную меру якасці, названай утваральным словам: белы — беленькі, жоўценькі, кругленькі, маленькі, новенькі, старэнькі, сухенькі, худзенькі, чысценькі.
Утваральныя прыметнікі — невытворныя (крывы — крывенькі, стары — старэнькі) і з суфіксамі: -ават- (рыжаваты — рыжаваценькі), -яв- (бялявы — бялявенькі), -к- (вузкі — вузенькі), -ок- (высокі — высокенькі).
Перад суфіксам фіналь утваральных асноў -к- адсякаецца; парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: вясёлы — вясёленькі, кароткі — кароценькі.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып высокапрадуктыўны.
§ 655. Суфікс -утк- (-ютк-). Прыметнікі з гэтым суфіксам абазначаюць высокую ступень якасці адпаведна спалучэнням утваральных прыметнікаў са словамі вельмі, зусім, надта: белы — бялюткі, драбнюткі, паўнюткі, раўнюткі, танюткі, чысцюткі.
Утваральныя прыметнікі — невытворныя (белы — бялюткі) і з суфіксамі: -к- (тонкі — танюткі), -н- (дробны — драбнюткі).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі; фіналь -к- адсякаецца: тонкі — танюткі.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
§ 656. Суфікс -усеньк- (-юсеньк-). Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць тое значэнне, што і з суфіксам -утк- (-ютк-): бялюсенькі, драбнюсенькі, малюсенькі, паўнюсенькі, раўнюсенькі. Марфаналагічныя працэсы і ўтваральныя словы тыя, што і ў папярэднім тыпе. Утварэнні менш пашыраны ў літаратурнай мове, чым з суфіксам -утк- (-ютк-). (ТСБМ дае толькі бялюткі і драбнюткі і не фіксуе ўтварэнняў бялюсенькі і драбнюсенькі.)
§ 657. Суфікс -ечк-. Прыметнікі з гэтым суфіксам выступаюць як словаўтваральныя варыянты да слоў з суфіксам -усеньк-: зелянюсенечкі, малюсенечкі, танюсенечкі, ціхусенечкі.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -н-
§ 658. Суфікс -озн-. Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць значэнне высокай меры якасці.
Перад суфіксам -озн- фіналь утваральнай асновы -ок- адсякаецца: глыбокі — глыбозны.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 659. Суфікс -эзн-. Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць значэнне высокай меры якасці: велічэзны, высачэзны, глыбачэзны, даўжэзны, таўшчэзны, шырачэзны. Утваральныя — прыметнікі бяссуфіксныя: доўгі — даўжэзны і з суфіксам -ок-: высокі — высачэзны. Перад суфіксам чаргуюцца заднеязычныя з шыпячымі, а таксама ст—шч: доўгі — даўжэзны, шырокі — шырачэзны, тоўсты — таўшчэзны.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 660. Суфікс -енн- (-энн-). Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць значэнне высокай меры якасці: высокі — высачэнны, здаровы — здаравенны.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 661. Суфікс -эразн-. Прыметнікі з гэтым суфіксам маюць значэнне высокай меры якасці: даўжэразны, таўшчэразны. Яны сінанімічныя ўтварэнням на -енны, -езны, маюць тыя ж марфаналагічныя прыметы.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 662. Адзінкавымі словамі прадстаўлены ўтварэнні з суфіксамі -ізн-ы (вялізны — ад вялікі, з адсячэннем -ік) і -ізарн-ы (велізарны); апошні прыметнік можна кваліфікаваць і як словаўтваральны дублет слова вялізны (з суфіксам -арн-ы).
Нульсуфіксальныя прыметнікі
§ 663. Нульсуфіксальным спосабам прыметнікі ўтвараюцца ад прыслоўяў, назоўнікаў і дзеясловаў.
Адпрыслоўныя прыметнікі маюць значэнне параўнання; яны ўтвораны ад форм вышэйшай ступені прыслоўяў з суфіксамі -ейш- (-эйш-), -ш-: больш — большы, менш — меншы, лепш — лепшы, горш — горшы.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя прыметнікі маюць прыналежнае або адноснае значэнне: авечка — авечы, воўчы, мядзведжы, заячы, чалавечы, залаты, будны, рабочы, пакаты.
Чаргуюцца к—ч, ц—ч, т—ч, а таксама мяккія зычныя з цвёрдымі: бык — бычы, заяц — заячы, работа — рабочы, будзень — будны.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове (бу́дзень — бу́дны), або на канчатку (залаты́, свіны́).
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнне ’які характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам’: жыць (жывуць) — жывы, любы, праезджы, прахожы, прыезджы, хворы.
Чаргуюцца дз—ж: праходзіць — прахожы; мяккія зычныя з цвёрдымі: любіць — любы.
Тып непрадуктыўны.
