Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Прэфіксальныя прыметнікі

§§ 664–706

Прэфіксальныя прыметнікі

§ 664. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад саміх прыметнікаў.

§ 665. Прыметнікі з прэфіксам а- абазначаюць адсутнасць прыметы, названай утваральным словам: алагічны, амаральны, анармальны, апалітычны, арытмічны, асіметрычны, асінхронны.

Утваральнымі могуць выступаць як прыметнікі (маральны — амаральны), так і назоўнікі з прэфіксам а- (алагізм — алагічны, арытмія — арытмічны). У апошнім выпадку ўтварэнне прыметнікаў адбываецца суфіксальным спосабам.

Тып прадуктыўны ў навуковай тэрміналогіі.

§ 666. Прыметнікі з прэфіксам анты- абазначаюць прымету, супрацьлеглую або супрацьпастаўленую той, што названа ўтваральным словам: ваенны — антываенны, антыгістарычны, антыграмадскі, антыдэмакратычны, антынавуковы, антынародны, антыпартыйны, антырэлігійны, антысанітарны, антыфашысцкі.

Некаторыя прыметнікі суадносяцца з назоўнікамі, якія маюць гэты прэфікс: антыбіётыкі — антыбіатычны, антысеміт — антысеміцкі, антысептыка — антысептычны. У такім выпадку ўтварэнне названых прыметнікаў можа разглядацца і як суфіксальнае.

Тып прадуктыўны, асабліва ў грамадска-палітычнай і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 667. Прыметнікі з прэфіксам архі- абазначаюць вышэйшую ці самую высокую ступень праяўлення прыметы, названай утваральным словам: архіасцярожны, архігеніяльны, архімодны, архінебяспечны, архірэакцыйны.

Тып прадуктыўны ў кніжных стылях мовы.

§ 668. Прыметнікі з прэфіксам без- (бес-, бяз-, бяс-) маюць значэнне адсутнасці або супрацьлегласці. Яны суадносяцца: а) са словазлучэннямі, куды ўваходзіць беспрыставачны прыметнік-азначэнне, і маюць значэнне адсутнасці таго, што названа гэтым словазлучэннем: бяз’ядзерная (зона) — ’якая (зона) характарызуецца адсутнасцю ядзернага ўзбраення’; аналагічна безнаяўны (разлік) — ’без наяўных грошай’, безатамны, бездухоўны; б) з беспрэфіксальным прыметнікам і абазначаюць прымету, супрацьлеглую той, якая названа ўтваральным словам: адказны — безадказны, безнаціскны, бяспісьменны, бяздзейны; в) з беспрэфіксальнымі прыметнікамі, утворанымі ад назоўнікаў (з дапамогай суфіксаў -н-, -ов-, -іст- і інш.), і абазначаюць прымету па адсутнасці таго, што названа назоўнікамі: безбілетны, бездэфектны, беззямельны, бяскласавы, бяскрайні, бяспланавы.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Заўвага. Прыметнікі тыпу бязногі, бязрукі адносяцца да прэфіксальна-нульсуфіксальных утварэнняў (гл. § 707).

§ 669. Прыметнікі з прэфіксам гіпер- называюць якасць, якая перавышае межы той, што названа ўтваральным словам (яны сінанімічныя прыметнікам з прэфіксам звыш-): гукавы — гіпергукавы, гіпергеаметрычны, гіпердактылічны, гіперкомплексны.

Тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі.

§ 670. Прыметнікі з прэфіксам да- маюць значэнне ’які папярэднічае па часу таму, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам або назоўнікам, ад якога ўтворан прыметнік’: дагістарычны, дакапіталістычны, дапятроўскі, дарэвалюцыйны, дасавецкі, дахрысціянскі, даваенны, даледніковы, даўрачэбны, дашлюбны.

Тып прадуктыўны ў кніжных стылях мовы.

§ 671. Прыметнікі з прэфіксам за- складаюць тры тыпы.

1. Прыметнікі са значэннем ’які знаходзіцца па той бок, за межамі таго, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам’: закаспійскі, запалярны, занаціскны (лінгв.), закрытычны (тэхн.).

2. Прыметнікі са значэннямі: а) ’які нязначна перавышае ступень якасці, названай утваральным словам’; б) ’які значна перавышае ступень якасці, названай утваральным словам’: завузкі, завялікі, задарагі, задоўгі, залішні, замалады, зашырокі, зацесны.

Першы тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі, другі — у гутарковым стылі.

§ 672. Прыметнікі з прэфіксам звыш- складаюць два тыпы.

1. Прыметнікі, якія абазначаюць крайне высокую ступень праяўлення прыметы, названай утваральным словам: гукавы — звышгукавы, звышдалёкі, звышмагутны, звышустойлівы, звышсучасны, звышнатуральны.

Тып прадуктыўны ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі і публіцыстычнай мове.

2. Прыметнікі са значэннем перавышэння якасці, названай утваральным прыметнікам: натуральны — звышнатуральны, звышпланавы, звыштэрміновы, звышчалавечы.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 673. Прыметнікі з прэфіксам каля- маюць значэнне: а) ’які знаходзіцца каля ці непадалёку ад таго, што названа назоўнікам, ад якога ўтвораны суадносны прыметнік’: воблачны — калявоблачны, каляземны, калямесяцавы; б) ’які прымыкае да таго, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам’: калялітаратурны, калянавуковы, каляпартыйны. Для гэтых прыметнікаў характэрна экспрэсія непахвальнасці.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжных стылях мовы.

§ 674. Прыметнікі з прэфіксам між- абазначаюць прымету паводле словазлучэння з утваральным прыметнікам: міжарабскі (між арабскімі краінамі), міжімперыялістычны, міжсацыялістычны.

Тып набывае прадуктыўнасць у грамадска-палітычнай і навуковай тэрміналогіі.

§ 675. Прыметнікі з прэфіксам не- (ня-) абазначаюць адсутнасць таго ці супрацьлегласць таму, што названа ўтваральным словам: абавязковы — неабавязковы, неактуальны, невыразны, недасканалы, некультурны, ненатуральны, непаслядоўны, неспрыяльны, неўласцівы, нешматлікі, нядужы, няхітры, няцвёрды, нячулы, няшчыры, няясны.

Часам утварэнні з не- (ня-) маюць значэнне няпоўнай супрацьлегласці (недурны, някепскі, немалы).

Тып высокапрадуктыўны.

§ 676. Прыметнікі з прэфіксам небез- (небес-) абазначаюць ступень праяўлення прыметы, названай утваральным словам: вядомы — небезвядомы, небясшкодны, небязгрэшны, небеспаспяховы.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжных стылях мовы.

§ 677. Прыметнікі з прэфіксам паза- маюць значэнне ’больш ранні ў параўнанні з тым, што названы ўтваральным словам’: леташні — пазалеташні, мінулы — пазамінулы, учарашні — пазаўчарашні.

Тып непрадуктыўны.

Утварэнні суадносяцца таксама з прыслоўямі з прэфіксам паза- і могуць разглядацца як суфіксальныя (суфікс -шн-).

§ 678. Прыметнікі з прэфіксам пасля- абазначаюць прымету, якая ўзнікла пасля той, што названа ўтваральным прыметнікам: гарантыйны — паслягарантыйны, паслякастрычніцкі, пасляледавіковы, паслямайскі.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 679. Прыметнікі з прэфіксам перад- маюць значэнне ’які непасрэдна папярэднічае таму, што названа ўтваральным словам’: абедзенны — перадабедзенны, перадаперацыйны, перадапошні, перадвеснавы, перадвыбарчы, перадвыхадны, перадмайскі, пераднавагодні, перадстарэчы.

Тып прадуктыўны.

§ 680. Прыметнікі з прэфіксам пост- антанімічныя да слоў папярэдняга тыпу і выкарыстоўваюцца ў спецыяльнай тэрміналогіі: постінфекцыйны, пострадыяцыйны.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 681. Прыметнікі з прэфіксам пра- складаюць два тыпы.

1. Прыметнікі са значэннем ’неадпаведны таму, супрацьлеглы таму, што названа ўтваральным словам’: мудры — прамудры, праславуты.

Тып непрадуктыўны.

2. Прыметнікі са значэннем ’прыхільны да таго, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам’: праатлантычны, праамерыканскі (адпавядае амерыканскім інтарэсам), праімперыялістычны.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 682. Прыметнікі з прэфіксам пры- маюць значэнне ’які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з тым, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам’: прыазоўскі, прыбалтыйскі, прыпалярны (пры Азоўскім, Балтыйскім моры, пры Палярным крузе).

Тып набывае прадуктыўнасць у геаграфічнай тэрміналогіі. У прыметніку прыўдалы прэфікс надае ўзмацняльнае значэнне (тое, што і словы надта, вельмі).

§ 683. Прыметнікі з прэфіксам раз- (рас-) абазначаюць найвышэйшую ступень праяўлення якасці, названай утваральным словам: вясёлы — развясёлы, разудалы.

Тып непрадуктыўны.

§ 684. Прыметнікі з прэфіксам суб- маюць значэнне ’блізкі да таго, што названа словазлучэннем з утваральным прыметнікам’: субарктычны (блізкі да арктычнага), субантарктычны, субальпійскі.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжных стылях мовы.

§ 685. Прыметнікі з прэфіксам супер- абазначаюць крайне высокую ступень праяўлення адпаведнай прыметы: модны — супермодны, суперсучасны, суперэластычны, суперэфектны.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжных стылях мовы.

§ 686. Прыметнікі з прэфіксамі супраць-/проці- маюць значэнне супрацьлеглае ці супрацьнакіраванае ў адносінах да таго, што абазначана ўтваральным прыметнікам ці словазлучэннем з гэтым прыметнікам: супрацьатамны, проціатамны (супраць атамнай зброі), супрацьпаветраны, проціпаветраны, супрацьгніласны, процігніласны, супрацьгрыпозны, процігрыпозны.

Тыпы набываюць прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 687. Прыметнікі з прэфіксам транс- абазначаюць прымету, звязаную з рухам праз тэрыторыю, названую словазлучэннем з утваральным прыметнікам: трансарктычны (праз арктычны пояс), трансеўрапейскі, транссібірскі, трансакіянскі.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 688. Прыметнікі з прэфіксам ультра- выражаюць празмерна высокую ступень праяўлення якасці: высокі — ультравысокі, ультракароткі, ультрамодны, ультраправы, ультрафіялетавы.

Тып прадуктыўны ў навуковай тэрміналогіі і публіцыстыцы.

§ 689. Прыметнікі з прэфіксам экстра- называюць прымету, не абмежаваную тым, што абазначана ўтваральным словам: экстралінгвістычны, экстразанальны.

Тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі.

Прэфіксальна-суфіксальныя прыметнікі

§ 690. Да ўласна прэфіксальна-суфіксальных прыметнікаў належаць тыя, у якіх беспрыфіксальная частка самастойна не выкарыстоўваецца, мае іншы суфікс або адрозніваецца націскам, напрыклад: марскі — прыморскі, рачны — зарэчны, а таксама ўтварэнні з прэфіксамі ад-, бяз-, за-, пад-, пры-, якія ў аднолькавай меры суадносяцца як з назоўнікамі і прыназоўнікамі, так і з беспрыфіксальнымі прыметнікамі: безбілетны пасажыр — без білета (пасажыр) і білетны (пасажыр).

Прыметнікі з прэфіксамі анты-, да-, звыш-, пасля-, пра-, проці-/супраць-, транс- адносяцца да прэфіксальных, утвораны ад адпаведных прыметнікаў з дапамогай названых прэфіксаў: антынародны, дапрызыўны, звышнатуральны, пасляродавы, прафашысцкі, проціракавы (супрацьракавы), транскантынентальны.

Пры ўтварэнні прэфіксальна-суфіксальных прыметнікаў, апрача названых прэфіксаў, прымаюць удзел суфіксы -н-, -ск- (з іх словаўтваральнымі варыянтамі), -ов- (-ав-).

§ 691. Прыметнікі з прэфіксам ад- і суфіксамі -н-, -ав- утвараюцца ад назоўнікаў і маюць значэнне ’які паходзіць або ўтвораны ад таго, што названа ўтваральным словам’: дзеяслоў — аддзеяслоўны, адыменны, адпрыметнікавы, адпрыслоўны.

Утварэнні ўласцівы лінгвістычнай тэрміналогіі.

Тып прадуктыўны.

§ 692. Прыметнікі з прэфіксам без- (бяз-, бес-) і суфіксамі -н-, -ов- утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя прыметнікі заключаюць указанне на адсутнасць таго, што названа ўтваральным словам: білет — безбілетны, бязвольны, бяздзетны, бязмежны, беспілотны, бесталковы, бяскрайні, бяссуфіксны, бясхітрасны.

Тып высокапрадуктыўны.

Аддзеяслоўныя прыметнікі маюць значэнні ’які характарызуецца адсутнасцю дзеяння ці стану, названага ўтваральным словам’: аглядацца — безаглядны, бездакорны, бяздумны.

Тып непрадуктыўны.

§ 693. Прыметнікі з прэфіксам за- і суфіксамі -н-, -ск- маюць значэнне ’які знаходзіцца па той бок, за тым, што названа ўтваральным назоўнікам’: воблака — завоблачны, закулісны, замежны, заморскі, зарэчны, занёманскі, засожскі, запрыпяцкі.

Тып прадуктыўны, асабліва ў геаграфічнай тэрміналогіі.

§ 694. Прыметнікі з прэфіксам каля- і суфіксамі -н-, -ав- маюць значэнне ’які знаходзіцца вакол або паблізу таго, што названа ўтваральным назоўнікам’: плод — каляплодны, каляротавы, калямесяцавы, калясонечны.

Тыпы прадуктыўныя ў навуковай тэрміналогіі.

§ 695. Прыметнікі з прэфіксам між- і суфіксамі -ов- (-ав-), -н-, -ск- маюць значэнне ’які займае прамежкавае становішча ў адносінах да аднолькавых прадметаў, паняццяў, з’яў, названых утваральным назоўнікам’: від — міжвідавы (біял.), міжаконны, міжбрыгадны, міжвенны (анат.), міжгародні, міжкалгасны, міжнародны, міжраённы, міжрэспубліканскі, міжсесійны.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 696. Прыметнікі з прэфіксам на- і суфіксам -н- маюць значэнне ’які знаходзіцца на тым, паверх таго, што названа ўтваральным назоўнікам’: грудзі — нагрудны, надворны, наземны, наплечны, нарукаўны, наскурны, нацельны.

Тып прадуктыўны.

§ 697. Прыметнікі з прэфіксам над- і суфіксамі -ов- (-ав-), -н-, -ск- маюць значэнне ’які знаходзіцца над тым, вышэй за тое, што названа ўтваральным назоўнікам’: клас — надкласавы, надазёрны, надвоблачны, надгартанны, радок — надрадковы, надземны, надлобны, наднёманскі.

Тыпы прадуктыўныя ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 698. Прыметнікі з прэфіксам не- (ня-) і суфіксам -н- утвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’які характарызуецца адсутнасцю дзеяння, стану, немагчымасцю здзейсніць дзеянне, названае ўтваральным словам, ці падвергнуцца яму’: абдымаць — неабдымны, неаглядны, неад’емны, неадкладны, неадлічны, неадольны, недасяжны, ненажэрны, непарыўны, нястрымны, несупынны, няўцерпны, няўцешны, няшчасны.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып прадуктыўны.

Прыметнікі гэтага тыпу суадносяцца не толькі з дзеясловамі, але і са спалучэннем «не + дзеяслоў»: не стрымаць — нястрымны.

§ 699. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам па- і суфіксамі -ав-, -оўск-, -н- утвараюць два тыпы.

1. Прыметнікі са значэннем ’размешчаны паблізу або ўздоўж таго, што названа ўтваральным словам’: дарога — падарожны, падняпроўскі, панёманскі.

2. Прыметнікі са значэннем ’які ўтвараецца, вымяраецца, размяркоўваецца ў адпаведнасці з тым, што названа ўтваральным словам’: гадзіна — пагадзінны, пагектарны, падаходны, пазямельны, паквартальны.

Прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі маюць тыпы з суфіксам -н-.

§ 700. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам пад- і суфіксамі -н-, -ов- (-ав-) складаюць два семантычныя тыпы.

1. Прыметнікі са значэннем ’які знаходзіцца пад тым, ніжэй за тое або каля таго, што названа ўтваральным словам’: акно — падаконны, падбрушны, падземны, падснежны, падсэрцавы, падшэрсны.

2. Прыметнікі са значэннем ’які з’яўляецца аб’ектам дзеяння, названага аддзеяслоўным назоўнікам’: допыт — паддопытны, паддоследны, паднаглядны, падкантрольны, падапечны, падшэфны (ад шэфства).

Прадуктыўныя тыпы з суфіксам -н-.

§ 701. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам паза- і суфіксамі -н-, -ав- маюць значэнне ’які знаходзіцца па-за межамі таго, не мае адносін да таго, што названа ўтваральным словам’: дагавор — пазадагаворны, пазакласавы, пазапартыйны, пазапланавы, пазаслужбовы, пазашкольны, пазашлюбны, пазаштатны.

Тыпы прадуктыўныя ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 702. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам перад- (прад-) і суфіксамі -н-, -ав-, -ск- маюць значэнне ’які непасрэдна папярэднічае па часе, прасторы таму, што названа ўтваральным словам’: выбары — перадвыбарны, перадкастрычніцкі, пераднавальнічны, перадсвяточны, перадбрушынны, перадгорны, перадкамерны, перадмаставы.

Тыпы прадуктыўныя ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 703. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам пры- і суфіксамі -н-, -ск- маюць значэнне ’які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад таго, што названа ўтваральным словам’: возера — прыазёрны, прывакзальны, прыгранічны, прыдарожны, прыдворны, прынёманскі, прырэчны, прысядзібны.

Тыпы прадуктыўныя ў тэрміналогіі.

§ 704. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам су- і суфіксам -н- маюць значэнне ’які характарызуецца супадзеннем, збліжэннем ці падабенствам з тым, што названа ўтваральным словам’: сугучча — сугучны, сумежны, сумесны, сучасны, суадносны (ад адносіны).

Тып непрадуктыўны.

§ 705. Адназоўнікавыя прыметнікі з прэфіксам унутры- і суфіксамі -н-, -ав-, -ск- маюць значэнне ’які знаходзіцца, адбываецца ў межах таго, што названа ўтваральным словам’: від — унутрывідавы, унутрыгарадскі, унутрыгаспадарчы, унутрыквартальны, унутрысістэмны.

Тыпы прадуктыўныя ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 706. Адзінкавымі прыкладамі прадстаўлены прэфіксальна-суфіксальныя прыметнікі з наступнымі афіксамі: праз- ... -н-ы (празмерны), не- ... -ім-ы (нелюдзімы), да- ... -н-ы (даслоўны); пад- ... ават-ы (падслепаваты), пра- ... -ават-ы (прадаўгаваты).

Перад суфіксам -н- заднеязычныя чаргуюцца з шыпячымі: дарога — падарожны, страха — застрэшны, рака — зарэчны, а таксама мл’ — м: зямля — падземны.

Націск звычайна на перадсуфіксальным складзе: імя — адыме́нны, слова — даслоўны.

Утварэнні суадносяцца з прыназоўнікава-іменнымі формамі адпаведных назоўнікаў: за ракой — зарэчны, над Нёманам — наднёманскі. Не маюць такой суадноснасці толькі ўтварэнні, у якіх прыстаўкі не суадносяцца з прыназоўнікамі прасторава-часавай семантыкі (су-, не-).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел