Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Складаныя прыметнікі
§§ 707–729
Прэфіксальна-нульсуфіксальныя прыметнікі
§ 707. Да гэтай групы належаць прыметнікі з прэфіксам без- (бес-, бяз-, бяс-) і нулявым суфіксам. Яны маюць значэнне ’пазбаўлены таго, што названа ўтваральным словам’: голас — безгалосы, безбароды, бяззубы, бязмозгі, бязногі, бяспальцы, бязрогі, бязрукі, бяссілы, бясхвосты. Утваральнымі звычайна выступаюць назоўнікі — назвы частак цела чалавека, жывёлы, частак расліны.
Паводле структуры гэтыя прыметнікі з аднаскладовай, як правіла, асновай.
Націск на корані, нерухомы.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.
Некаторыя ўтварэнні з’яўляюцца сінанімічнымі да прэфіксальна-суфіксальных: бяссілы і бяссільны.
Складаныя прыметнікі
Складанні з апорным кампанентам, роўным самастойнаму слову
§ 708. У прыметніках, утвораных спосабам чыстага складання, асновы (дзве ці больш) аб’яднаны толькі з дапамогай інтэрфікса (матэрыяльна выражанага ці нулявога). Паводле характару семантычных адносін аб’яднаных асноў гэтыя прыметнікі складаюць дзве разнавіднасці: 1) складанні са спалучальнымі адносінамі асноў і 2) складанні з падпарадкавальнымі адносінамі асноў.
Прыметнікі са спалучальнымі адносінамі асноў
§ 709. Яны складаюцца з дзвюх і болей асноў, раўнапраўных па сэнсу; гэта могуць быць невытворныя і вытворныя асновы (адназоўнікавыя і аддзеяслоўныя). Такія прыметнікі выражаюць адзіную прымету, якая з’яўляецца сумай прымет, названых ва ўтваральных асновах: глуханямы, паштова-тэлеграфны, партыйна-ўрадавы, асенне-зімовы, кісла-салодкі.
Першым кампанентам (пры апорным кампаненце — суфіксальным прыметніку) могуць быць як суфіксальныя асновы прыметнікаў, так і бяссуфіксныя асновы назоўнікаў або ўсечаныя асновы назоўнікаў і суфіксальных прыметнікаў: камсамольска-маладзёжны, хлебабулачны, мясамалочны, амерыкана-французскі (ад амерыканскі), медыка-біялагічны (ад медыцынскі), гісторыка-філалагічны. Магчымы сінанімічныя ўтварэнні з усечанай і няўсечанай асновай прыметніка: амерыкана-французскі і амерыканска-французскі, хіміка-біялагічны і хімічна-біялагічны.
Тып прадуктыўны.
Прыметнікі з падпарадкавальнымі адносінамі асноў
§ 710. Яны складаюцца ў асноўным з дзвюх асноў, пры гэтым першая аснова ў адносінах да другой — апорнага кампанента — выступае як удакладняльная, яна канкрэтызуе змест апорнага кампанента: абароназдольны (здольны да абароны), дугападобны (падобны на дугу).
Апорным кампанентам звычайна выступаюць суфіксальныя прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў і дзеясловаў з дапамогай суфіксаў -н-, -ск-, -ч-, -іст-, -ёў-, -льн- і інш.; рэдка — невытворныя прыметнікі ці дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч-ы (-юч-ы), -ач-ы (-яч-ы): суднарамонтны, заходнеславянскі, лесанарыхтоўчы, буйназярністы, кнігагандлёвы, дноачышчальны; светла-сіні, цёмна-русы, водарэгулюючы, кормаздабываючы.
Пашыраны ў літаратурнай мове прыметнікі чыстага складання з наступнымі апорнымі кампанентамі (з першым кампанентам — назоўнікам): а) -падобны: алеепадобны, вуглепадобны, газападобны, каметападобны, конусападобны, лінзападобны, цестападобны; б) -здольны: абароназдольны, жыццяздольны, плацежаздольны, працаздольны; в) -ўстойлівы: вогнеўстойлівы, водаўстойлівы, марозаўстойлівы, ракаўстойлівы, цеплаўстойлівы; г) -трывалы: вогнетрывалы, водатрывалы, кіслотатрывалы, цеплатрывалы.
Першым кампанентам могуць быць асновы: 1) прыметнікаў: добрасуседскі, лёгкаплаўкі, новавыбраны, новаўтвораны, снежна-белы, цёмна-сіні; 2) назоўнікаў: вагонарамонтны, водапад’ёмны, жалезапракатны; 3) лічэбнікаў, у тым ліку паў-, многа-, мала-: двухпакаёвы, першачарговы, пяціпавярховы, трохзменны; паўавальны, паўжывы; многатыражны, маласемейны; 4) займеннікаў (часцей слова усе): усемагутны, усесаюзны, штомесячны, штохвілінны, іншамоўны, своеасаблівы; 5) усечаныя асновы назоўнікаў ці суфіксальных прыметнікаў: аўтапад’ёмны (аўтаматычна пад’ёмны), механазборачны (механізмазборачны); 6) звязаныя кампаненты бія-, геа-, гелія- гідра-, мікра-, макра-, мона-, полі-, радыё-, тэле-: біягенны, геамагнітны, гідраэнергетычны, мікрапорысты, макракрышталічны, монамалекулярны, політэхнічны, радыёкіравальны, тэлевымяральны.
Значнае пашырэнне маюць прыметнікі чыстага складання з першым кампанентам: 1) агульна- (другім кампанентам выступаюць адназоўнікавыя і аддзеяслоўныя прыметнікі, часам дзеепрыметныя): агульнавядомы, агульнадаступны, агульназразумелы, агульнанародны, агульнапашыраны, агульнапрыняты, агульнасаюзны, агульнаславянскі; гэты кампанент мае значэнне, адпаведнае займенніку усім, і нярэдка ўтварэнні з гэтым кампанентам з’яўляюцца сінанімічнымі складаным прыметнікам аднатыпнай будовы з першым кампанентам усе-: агульнабеларускі і ўсебеларускі, агульнанародны і ўсенародны, агульнасаюзны і ўсесаюзны, агульнаславянскі і ўсеславянскі; 2) нова- са значэннем ’толькі што’, ’нядаўна’ (апорны кампанент — залежны, зрэдку — незалежны дзеепрыметнік прошлага часу): новавыбраны, новавыдадзены, нованароджаны, новапрыбыўшы, новасабраны, новаспечаны, новаствораны, новаўведзены.
Складанні са звязанымі апорнымі кампанентамі
§ 711. Сюды належаць складаныя прыметнікі, якія выкарыстоўваюцца ў тэрміналогіі: са звязанымі апорнымі кампанентамі — валентны (аднавалентны, трохвалентны), -відны ’падобны’ (шчытавідны (лінгв.)), -генічны (тэлегенічны, фотагенічны) -генны (біягенны, радыегенны).
Утварэнні з кампанентам -відны належаць да непрадуктыўнага тыпу. Астатнія тыпы набываюць прадуктыўнасць у кніжнай мове.
Суфіксальна-складаныя прыметнікі
§ 712. Да суфіксальна-складаных прыметнікаў належаць перш за ўсё ўтварэнні, у якіх апорны кампанент не выкарыстоўваецца як асобнае слова. Ён можа адрознівацца ад самастойнага суфіксальнага прыметніка іншым суфіксам (параўн.: часавы і тагачасны, берагавы і левабярэжны) ці націскам (у простых прыметніках націск на канчатку, а ў апорным кампаненце складанага прыметніка — на аснове: марскі і беламорскі, векавы і сярэдневяковы). Калі апорны кампанент выступае як асобнае слова, то такія прыметнікі звычайна ўтвараюцца спосабам чыстага складання (гл. § 708).
Суфіксальна-складаныя прыметнікі маюць дзве разнавіднасці: 1) складанні з апорным кампанентам — асновай назоўніка і 2) складанні з апорным кампанентам — асновай дзеяслова.
Складанні з апорным кампанентам — асновай назоўніка
§ 713. Гэтыя суфіксальна-складаныя прыметнікі ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -н-, -ав-, -ск-, -оўск- і маюць агульнае значэнне ’які адносіцца да таго ці характарызуецца тым, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана ў першай аснове складання’.
§ 714. Прыметнікі з суфіксам -н- у якасці першага кампанента маюць асновы: 1) прыметнікаў (буйнаплодны, густашэрсны, левабярэжны, чужаземны); 2) лічэбнікаў (парадкавых і колькасных, у тым ліку многа, мала, шмат) (аднагалосы, двухбаковы, першакласны, першаразрадны, пяцізначны, малакроўны, шматплодны, шматфазны); 3) займеннікаў (іншародны, іншаземны, самавольны, тагасветны, тагачасны); 4) назоўнікаў (воданапорны, злабадзённы, ільноўборачны).
Тыпы прадуктыўныя.
§ 715. Прыметнікі з суфіксам -ав-/-ев- у якасці першага кампанента маюць асновы: 1) прыметнікаў (кароткахвалевы, круглагадовы, левабаковы); 2) лічэбнікаў (аднавосевы, трохбаковы, сямірублёвы, шматгадовы); 3) займеннікаў (своечасовы, усебаковы); 4) назоўнікаў (галёнкаступнёвы, кнігагандлёвы, нікеляхромавы).
Тыпы прадуктыўныя.
§ 716. Прыметнікі з суфіксам -ск-. Яны ўтвараюцца ад двухслоўных уласных назваў, звычайна геаграфічных: Старыя Дарогі — старадарожскі, міжземнаморскі, чарнаморскі, белаазерскі, малазямельскі, чырвонасельскі (Чырвонае Сяло).
Тып прадуктыўны.
Складанні з апорным кампанентам — асновай дзеяслова
§ 717. Суфіксальна-складаныя прыметнікі гэтай разнавіднасці ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -н-/-льн-, -ніч-, -лів- і маюць агульнае значэнне ’які характарызуецца дзеяннем, што названа апорнай асновай і ўдакладнена ў першай (папярэдняй) аснове складання’, найчасцей з прыватнымі значэннямі ’які выконвае дзеянне’, ’прызначаны для яго ажыццяўлення’.
§ 718. Прыметнікі з суфіксам -н- у якасці першай маюць асновы: 1) назоўнікаў (газаносны, крывяносны, металарэзны, пладаносны, пчалаводны, рыбалоўны, траваедны); 2) прыметнікаў (лёгкапраходны, скарастрэльны, ціхаходны); 3) займеннікаў (самаакупны, самазапальны, самаробны, самасейны, самачынны, усепераможны).
Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца (рабіць — самароб-н-ы); утваральнай выступае таксама форма інфінітыва цалкам (з чаргаваннем ц’ — т): глінабітны (біць), сырамятны і аснова цяперашняга часу: вадагрэйны (грэюць), траваедны (ядуць).
Тып прадуктыўны ў навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі. Асобныя прыметнікі гэтага тыпу могуць кваліфікавацца і як суфіксальныя ўтварэнні (суфікс -н-) ад нульсуфіксальна-складаных назоўнікаў (гуказапіс — гуказапісны, дажджамер — дажджамерны).
§ 719. Прыметнікі з суфіксам -льн- у якасці першай асновы звычайна маюць асновы назоўнікаў і займеннікаў (сам): бавоўнаачышчальны, водачарпальны, вугледрабільны, гораўтваральны, самавыпрабавальны, самазагаральны, самакіравальны, шкловыдзімальны.
Галосная канца асновы інфінітыва захоўваецца; націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.
§ 720. Прыметнікі з суфіксам -ніч- маюць значэнне ’прызначаны для ажыццяўлення дзеяння, названага ў апорнай аснове і ўдакладненага ў папярэдняй аснове (асновах)’. У якасці папярэдняй выступаюць асновы назоўнікаў: аўтамабілебудаўнічы, вагонабудаўнічы, станкабудаўнічы, трактарабудаўнічы, электрабудаўнічы, энергабудаўнічы.
Фінальная галосная асновы інфінітыва перад суфіксам адсякаецца.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў тэрміналагічных сферах мовы.
§ 721. Прыметнікі з суфіксам -лів- маюць значэнне ’якому характэрна дзеянне, названае ў апорнай аснове і ўдакладненае ў першай аснове складання’. У якасці першай выступаюць асновы назоўнікаў: водалюбівы, міралюбівы, светалюбівы, злапамятлівы, добразычлівы. Найбольш частыя ўтварэнні з асновай дзеяслова любіць.
Націск на суфіксе; фіналь -і- адсякаецца.
Тып мае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі.
§ 722. Прыметнікі з суфіксам -ів- маюць тое значэнне, што і папярэдні тып. Першым кампанентам выступаюць займеннікі сам і сябе: самалюбівы, сябелюбівы.
Прыметнікі кроватачывы і слезатачывы утвораны суфіксальным спосабам ад складаных дзеясловаў кроватачыць і слезатачыць.
Нульсуфіксальна-складаныя прыметнікі
§ 723. Гэта прыметнікі з апорным кампанентам — асновай назоўніка. Яны маюць значэнне ’які валодае тым, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана ў першай аснове складання’: белазубы, чарнавокі, двухрогі, гарбаносы.
Апорныя асновы абазначаюць частку цела чалавека, жывёлы, частку расліны; у якасці першай выступаюць асновы: 1) назоўнікаў, звычайна гэта прыродазнаўчыя тэрміны: кліналістыя, кістаносыя, ластаногія, ігласкурыя; 2) прыметнікаў (звычайна — якасных): басаногі, белавокі, бледнатвары, вастраносы, вузкалобы, вузкалісты, галаногі, рыжавусы, светлавокі; 3) лічэбнікаў, у тым ліку многа, шмат: аднавокі, двухрогі, мнагабокі, чацвераногі, шматгалосы.
Тып прадуктыўны.
§ 724. Пры ўтварэнні складаных, суфіксальна-складаных і нульсуфіксальна-складаных прыметнікаў асновы аб’ядноўваюцца з дапамогай інтэрфіксаў: -а- і -е- (самалюбівы, сябелюбівы), інтэрфіксаў, аманімічных канчаткам роднага склону колькасных лічэбнікаў: -і- (пяціпавярховы), -ух- (двухзначны), -ох- (трохпальцы).
Націск звычайна падае ў апорным кампаненце на суфіксы -ів-, -лів-, -ніч- (працалюбівы, добразычлівы, вагонабудаўнічы); два націскі маюць кампаненты спалучальнага тыпу (кісла-салодкі) і з падпарадкавальнымі адносінамі (снежна-белы).
Перад інтэрфіксам -а- ва ўсечаных асновах назоўнікаў і прыметнікаў і ў іншых выпадках парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: механазборачны (ад механізм), англа-рускі (ад англійскі, Англія), дальнабойны (ад дальні).
Прыметнікі-зрашчэнні
§ 725. У прыметніках-зрашчэннях кампаненты аб’яднаны ў адно слова без удзелу афіксаў (у тым ліку і нулявых), а шляхам зрашчэння кампанентаў словазлучэння ў адно слова. Звычайна так утвараюцца тэрміналагічныя адзінкі і некаторыя агульналітаратурныя словы: доўгайграючы, усепаглынальны, вельмішаноўны, шырокавядомы, глыбокапаважаны.
У якасці апорнага кампанента выступаюць прыметнікі і дзеепрыметнікі.
Прыметнікі-зрашчэнні з апорным кампанентам — прыметнікам
§ 726. У якасці першага, удакладняльнага кампанента ў гэтых складаных прыметніках выступаюць прыслоўі: вечназялёны, вострадэфіцытны, слабаразвіты, цяжкадаступны; найбольш часта ў якасці першага кампанента выступаюць прыслоўі высока, глыбока, мала, якія надаюць складанаму прыметніку значэнне высокай ці нізкай ступені прыметы, абазначанай апорным кампанентам: высокакультурны, высокапрэстыжны, глыбоканавуковы, глыбокашаноўны, малазразумелы, маласвядомы, маласакавіты.
Націск на перадапошнім складзе. Выключэнне: слабара́звіты.
Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.
Прыметнікі-зрашчэнні з апорным кампанентам — залежным і незалежным дзеепрыметнікам
§ 727. Першым, удакладняльным кампанентам выступаюць: 1) прыслоўі (вышэйпамянёны, ніжэйпералічаны, скоравысыхаючы, хуткарэжучы, лёгкаўзброены, малавывучаны, рэдканаселены, шматабяцаючы); 2) займеннікі (усеперамагаючы, самарэгулюючы); 3) назоўнікі ўскосных склонаў (азотфіксуючы (азотфіксуючыя мікраарганізмы)).
Націск на другой частцы складанага слова.
Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.
§ 728. Асобныя прыметнікі ўтвораны (і ўтвараюцца) пры дапамозе некалькіх спосабаў словаўтварэння: 1) прэфіксальна-суфіксальна-складаны: паўсядзённы (па ўсіх днях), паўсямесны (па ўсіх месцах); акрамя зрашчэння тут прымаюць удзел прэфікс па- і суфіксы -ов-ы і -н-ы; 2) зрашчэнне разам з афіксацыяй: патойбаковы (па той бок + -ов-ы), нішчымны (ні з чым + -н-ы), нікчэмны (ні к чаму + -н-ы, з адсячэннем -у ў слове чаму).
Словаўтваральная сінанімія прыметнікаў
§ 729. Пры ўтварэнні прыметнікаў узнікаюць аднакаранёвыя словаўтваральныя сінонімы з наступнымі суфіксамі: з суфіксамі -н- і -ов- (вячэрні — вечаровы), -н- і -іст- (адхонны — адхоністы), -лів- і -к- (гаварлівы — гаваркі), -лів- і -н- (гарэзлівы — гарэзны), -лів- і -іст- (натурлівы — натурысты), -аст- і -ат- (губасты — губаты), -ан- і -ат- (дашчаны — дашчаты), -ін- і -яч- (кабыліны — кабылячы), -к- і -уч- (ліпкі — ліпучы), -уч- і -аюч- (лятучы — лятаючы), -ов- і -ск- (маёвы — майскі), -ян- і -н- (медзяны — медны), -льн- і -уч- (пераканальны — пераканаўчы), -іст- і -чат- (рассыпісты — рассыпчаты), -н- і -ашн- (заўсёдны — заўсёдашні), -эзн- і -эразн- (даўжэзны — даўжэразны), -ав-/-ляв- і -ават- (зеленкавы — зеленкаваты, жаўтлявы — жаўтаваты), -ютк- і -юсеньк- (бялюткі — бялюсенькі), -ын- і нулявым суфіксам (ваўчыны — воўчы), -аў і -н’- (братаў — братні), -ск- і -оўск- (-аўск-) (шамякінскі — шамякінаўскі), -н’- і -эрск- (братні — братэрскі).
