Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Словаўтварэнне лічэбнікаў і займеннікаў
§§ 730–739
Словаўтварэнне лічэбнікаў
Суфіксальныя лічэбнікі
§ 730. Суфіксальным спосабам утвораны: 1) парадкавыя лічэбнікі трэці (ад колькаснага тры, суфікс -эц-), чацвёрты (ад зборнага чацвёра, суфікс -т-), саракавы (ад колькаснага сорак, суфікс -ав-), мільённы, мільярдны, трыльённы (ад колькасных лічэбнікаў мільён, мільярд, трыльён, суфікс -н-); 2) зборныя лічэбнікі: двое, трое (суфікс -oj-), пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра, дзевяцера, дзесяцера (суфікс -ёр- (-ер-)).
Націск на суфіксе, зрэдку — на аснове (дзеся́цера), ва ўскосных склонах — на флексіі (пяцяры́х, дзесяцяры́х).
Утварэнні з суфіксам -ёр- складаюць прадуктыўны тып у гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры (трыццацёра і інш.).
Нульсуфіксальныя лічэбнікі
§ 731. Нульсуфіксальным спосабам утвараюцца парадкавыя лічэбнікі ад колькасных, пры гэтым адбываецца чаргаванне канцавых зычных ц’ — т: пяць — пяты, дзесяць — дзесяты, дваццаць — дваццаты, трыццаць — трыццаты; э з нулём гука: восем — восьмы; э’ з о: сем — сёмы, нуль гука з о: сто — соты; у складаных парадкавых лічэбніках першая частка мае форму роднага склону: пяцідзесяці — пяцідзесяты, пяцісот — пяцісоты, трохсот — трохсоты.
Націск на апошнім складзе асновы.
Тып прадуктыўны.
Складаныя лічэбнікі
§ 732. Складаныя парадкавыя лічэбнікі ўтвараюцца трыма спосабамі: 1) суфіксальна-складаным; 2) нульсуфіксальна-складаным; 3) чыстым складаннем.
У лічэбніках, утвораных суфіксальна-складаным спосабам, другім, асноўным, кампанентам выступаюць суфіксальныя кампаненты (суфіксы -н-, -ав-) -тысячны, -мільённы, -мільярдны, -трыльённы, -саракавы: двухтысячны, трохмільённы, дваццацімільярдны, васьмітрыльённы, двухсотсаракавы; утваральныя — састаўныя колькасныя лічэбнікі з апошнім словам тысяча, мільён, мільярд, трыльён, сорак (дзве тысячы, тры мільёны і г. д.).
Пры нульсуфіксальна-складаным спосабе ўтварэння другі кампанент -дзясяты: стопяцідзясяты, трохсотвасьмідзясяты (ад сто пяцьдзясят, трыста восемдзясят). Утваральныя — састаўныя лічэбнікі з апошнім словам — складаным лічэбнікам (пяцьдзясят, шэсцьдзясят, семдзесят, восемдзесят).
Пры чыстым складанні апошні кампанент (слова) мае форму нульсуфіксальнага парадкавага лічэбніка, а папярэднія — нязменную форму колькасных лічэбнікаў: трыццаць восьмы, сорак пяты, сто дваццаць восьмы.
У першых двух тыпах асновы далучаюцца з дапамогай інтэрфіксаў -і-, -ух-, -ох-, -о-; у трэцім тыпе кожны кампанент — асобнае слова.
Націск на другой частцы слова.
Тыпы прадуктыўныя.
Словаўтварэнне займеннікаў
Прэфіксальныя займеннікі
§ 733. Прэфіксальным спосабам утвараюцца няпэўныя і адмоўныя займеннікі.
§ 734. Займеннікі з прэфіксам не- маюць значэнне няпэўнасці прадмета, прыметы ці колькасці, абазначанай утваральным словам; у якасці апошніх выступаюць пытальна-адносныя займеннікі: хто — нехта, што — нешта, які — нейкі, чый — нечый (нечы), каторы — некаторы, колькі — некалькі.
Націск на прэфіксе, але некаторы.
Тып непрадуктыўны.
§ 735. Займеннікі з прэфіксам абы- маюць тое ж значэнне і тыя ж утваральныя словы, што і папярэдні тып: абы-хто, абы-што, абы-чый, абы-які, абы-колькі.
Прэфікс ненаціскны.
Тып непрадуктыўны.
§ 736. Займеннікі з прэфіксам ні- маюць адмоўнае значэнне — называюць адсутнасць прадмета, якасці, колькасці, абазначаных утваральным словам — пытальна-адносным займеннікам: хто — ніхто, адпаведна нішто, ніякі, нічый, ніколькі.
Прэфікс ненаціскны, націск — як ва ўтваральных словах, але ніякі (які).
Тып непрадуктыўны.
Суфіксальныя і постфіксальныя займеннікі
§ 737. Суфіксальным спосабам (суфікс -н-, -ск-) утвораны займеннікі-амонімы ягоны (яго + -н-ы), іхні (іх + -н-і), наскі (уст., наш + -ск-і са сцягненнем шс > с). Гутарковыя формы няпэўных і адмоўных займеннікаў маюць суфіксы -ачк- (нештачка), -усеньк- (нічагусенькі), -утк- (нічагуткі), -ечк- (нісколечкі).
§ 738. Постфіксальным спосабам утвораны займеннікі пры дапамозе постфіксаў -сьці (-сь) і -небудзь ад пытальна-адносных займеннікаў. Яны маюць значэнне няпэўнасці (прадмета ці прыметы): хто — хтосьці (хтось), штосьці (штось), якісьці, чыйсьці; хто-небудзь, што-небудзь, які-небудзь, колькі-небудзь.
Постфікс -небудзь мае аслаблены націск. Утварэнні з постфіксам -сь носяць гутарковы характар.
Тыпы непрадуктыўныя.
Складаныя займеннікі (зрашчэнні)
§ 739. Складаныя займеннікі (хто-ніхто, што-нішто, той-сёй, сёе-тое, такі-сякі) узніклі шляхам аб’яднання пытальна-адносных з адмоўнымі (хто-ніхто, што-нішто) або ўказальных (той, тое, такі) і сёй, сёе, сякі, якія ў сучаснай мове асобна не выкарыстоўваюцца.
