Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словаўтварэнне дзеясловаў

§§ 740–779

Словаўтварэнне дзеясловаў

§ 740. Словаўтварэнне дзеясловаў адбываецца некалькімі спосабамі. Найбольш актыўнымі з іх з’яўляюцца суфіксальны, прэфіксальны, постфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, прэфіксальна-постфіксальны. Радзей выкарыстоўваюцца суфіксальна-постфіксальны, прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальны, складанне і прэфіксацыя з складаннем, зрашчэнне і зрашчэнне ў спалучэнні з суфіксацыяй.

Суфіксальныя дзеясловы

§ 741. Суфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -і- (-ы-), -е- (-э-), -а- (-я-), -ава- (-ева-, -ява-), -ізава- (-ызава-), -ірава- (-ырава-), -а-, -ка-, -ніча-/-іч-а, -фікава-/-іфікава- (-ыфікава-), -ствава-, -ну-.

У якасці ўтваральных выступаюць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, зрэдку лічэбнікі, займеннікі, выклічнікі.

Суфіксы са структурным элементам -а- (-я-)

§ 742. Суфікс -а- (-я-). Пры дапамозе гэтага суфікса дзеясловы ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў і зрэдку выклічнікаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое мае адносіны да таго, што названа ўтваральнай асновай: абед — абедаць, вячэраць, казыраць, караць, праракаць, путаць, пятляць, пячатаць, сядлаць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове. Выключэнне: казыра́ць (ад козыр), прарака́ць (ад прарок).

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя дзеясловы абазначаюць дзеянне паводле прыметы, названай утваральным словам: велічны ← велічаць, гатаваць, раўняць, ялчаць (дыял.).

Перад суфіксам магчыма чаргаванне парна-цвёрдых зычных з мяккімі: роўны — раўняць, к — ч: ёлкі — ялчаць.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

Дзеясловы, утвораныя ад саміх дзеясловаў, складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы, якія абазначаюць працягласць дзеяння: аглушаць, вырашаць, выграбаць, выключаць, забіраць, заграбаць.

2. Дзеясловы, якія абазначаюць прымусовае выкананне дзеяння, названага ўтваральным словам: вісець — вешаць, сядзець — саджаць.

3. Дзеясловы, якія абазначаюць неаднаразовасць ці рознанакіраванасць дзеяння: бегчы — бегаць, гнаць — ганяць, каціць — катаць, ляцець — лятаць, паўзці — поўзаць.

Перад суфіксам могуць чаргавацца с — ш: вісець — вешаць; дз’ — дж: сядзець — саджаць; мяккія зычныя з цвёрдымі: каціць — катаць, ляцець — лятаць.

Націск на суфіксе, рэдка — на перадсуфіксальным складзе (ве́шаць).

Тыпы непрадуктыўныя.

Адвыклічнікавыя (адгукапераймальныя) дзеясловы ўзнаўляюць у гучанні ўтваральнае слова: бабах — бабахаць, бахаць, бухаць, гопаць, трахаць, цмокаць.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып мае прадуктыўнасць у гутарковай мове.

§ 743. Суфікс -ава- (-ява-). Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’даваць тое, пакрываць тым, што названа ўтваральным словам’: крэдыт — крэдытаваць, фінансаваць, вапнаваць, нікеляваць.

2. Дзеясловы са значэннем ’ажыццяўляць дзеянне на працягу часу, названага ўтваральным словам’: дзень — дняваць, начаваць, нядзеляваць, зімаваць, летаваць.

3. Дзеясловы са значэннем ’утвараць дзеянне паводле таго, што названа ўтваральным словам’: група — групаваць, камплектаваць, канспектаваць, крытыкаваць, рэцэнзаваць, цюкаваць.

4. Дзеясловы са значэннем ’утвараць дзеянне з дапамогай таго, што названа ўтваральным словам’: дрыль — дрыляваць, піла — пілаваць.

Тып прадуктыўны.

Адпрыметнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’надзяляць прыметай, якасцю, уласцівай утваральнаму слову’: ласы — ласаваць, мілаваць, радаваць, раўнаваць.

2. Дзеясловы са значэннем ’праяўляць прымету, уласцівую ўтваральнаму слову’: люты — лютаваць, мудраваць, хітраваць.

Націск пераважна на суфіксе, радзей — на аснове.

Тыпы непрадуктыўныя.

§ 744. Суфікс -ізава- (-ызава-). Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’падвяргаць дзеянню чаго-н., рабіць каго-н. схільным да чаго-н.’: бактэрызаваць, гераізаваць, дагматызаваць, імунізаваць, матэматызаваць.

2. Дзеясловы са значэннем ’ператвараць у каго-н., рабіць кім-н.’: пралетарызаваць, рэвалюцыянізаваць.

3. Дзеясловы са значэннем ’змяшчаць у пэўнае месца’: шпіталізаваць, дыспансерызаваць.

4. Дзеясловы са значэннем ’прыводзіць у пэўны стан’: гіпнатызаваць, паралізаваць. Семантычна адасоблены дзеясловы гіпербалізаваць, дэталізаваць, інвентарызаваць, характарызаваць, экранізаваць.

У працэсе ўтварэння адсякаюцца канцавыя часткі ўтваральных асноў: -к-, -ык- (героіка — гераізаваць, матэматыка — матэматызаваць), -тэт (імунітэт — імунізаваць), -ус (тонус — танізаваць), -ыj- (пралетарый — пралетарызаваць), -ер (рэвалюцыянер — рэвалюцыянізаваць), -іч (параліч — паралізаваць).

Націск на суфіксе.

Тыпы прадуктыўныя ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

Адпрыметнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’надзяляць прыметай, уласцівай утваральнаму слову’: актыўны — актывізаваць, беларусізаваць, германізаваць, драматызаваць, дэмакратызаваць, еўрапеізаваць, нармалізаваць, тэатралізаваць, украінізаваць, яравізаваць.

2. Дзеясловы са значэннем ’апрацоўваць пэўным чынам’: гальванічны — гальванізаваць, герматызаваць.

Утваральныя — невытворныя прыметнікі: яравы — яравізаваць; з суфіксамі -н- (у дзеяслоўных асновах яны адсутнічаюць): тэатральны — тэатралізаваць; -ічн-: дэмакратычны — дэмакратызаваць; -ск- (-цк-): украінскі — украінізаваць, бальшавіцкі — бальшавізаваць.

Націск на суфіксе.

Тыпы прадуктыўныя ў грамадска-палітычнай і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 745. Суфікс -ірава- (-ырава-). Пры дапамозе гэтага суфікса ад асноў назоўнікаў утвараюцца дзеясловы са значэннем дзеяння, якое мае адносіны да таго, што названа ўтваральным словам, з той канкрэтызацыяй, што і ў дзеясловах з суфіксам -ава- (гл. § 743): акумуляцыя — акумуліраваць, акупіраваць, амнісціраваць, анатаміраваць, аперыраваць, асісціраваць, афішыраваць, бальзаміраваць, браніраваць, гастраліраваць, зандзіраваць, канваіраваць, маскіраваць, мініраваць, нарміраваць, пікіраваць, плісіраваць.

Перад суфіксам адсякаюцца канцавыя часткі ўтваральных асноў: -і- (субсідыя — субсідзіраваць), -ацыj- (асацыяцыя — асацыіраваць), канцавая галосная нескланяльных слоў (гафрэ — гафрыраваць, дэкальтэ — дэкальціраваць).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: зонд — зандзіраваць, кульмінацыя — кульмініраваць, маска — маскіраваць.

Націск пераважна на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў кніжных стылях мовы.

§ 746. Суфікс -ка-. Пры дапамозе гэтага суфікса ад выклічнікаў утвараюцца дзеясловы са значэннем ’узнаўляць у гучанні ўтваральнае слова’: ай — айкаць, акаць, ахкаць, бзыкаць, бомкаць, булькаць, вохкаць, гаркаць, гаўкаць, гыркаць, дзынкаць, курняўкаць, мукаць, муркаць, мыкаць, тпрукаць, хукаць, ціўкаць, шыкаць, яўкаць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны.

Ад займеннікаў (мы, вы, ты, я) утвораны дзеясловы мыкаць, выкаць, тыкаць, якаць.

З дапамогай суфікса -ка- ўтвараюцца таксама дзеясловы — лінгвістычныя тэрміны, якія перадаюць асаблівасці вымаўлення слоў — захаванне ў адпаведнай фанетычнай пазіцыі таго ці іншага гука ці спалучэння гукаў: о — окаць, а — акаць, і — ікаць, са — сакаць (вымаўляць [са] замест [с’а]: мыўся).

§ 747. Суфікс -ніча-. Дзеясловы з суфіксам -ніча- утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы абазначаюць дзеянні, якія маюць адносіны да таго, што названа ўтваральным словам: амур — амурнічаць, дзейнічаць, лавеласнічаць, ліберальнічаць, папугайнічаць, сталярнічаць, шалапутнічаць. Утваральнымі выступаюць невытворныя назоўнікі: гультай — гультайнічаць; з суфіксамі -аг-а (-яг-а): бадзяга — бадзяжнічаць; -ар (-яр): сталяр — сталярнічаць; -нік: настаўнік — настаўнічаць (з накладаннем фарманта на суфікс -нік); нульсуфіксальна-складаныя: верхагляд — верхагляднічаць.

Перад суфіксам чаргуюцца заднеязычныя з шыпячымі: брадзяга — брадзяжнічаць, паломнік — паломнічаць, скамарох — скамарошнічаць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах. Выключэнне складае пяка́рнічаць (пе́кар).

Тып набывае прадуктыўнасць у размоўным стылі і ў мове мастацкай літаратуры.

Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’здзяйсняць дзеянне паводле прыметы, названай утваральным словам’: азартны — азартнічаць, арыгінальнічаць, асцярожнічаць, важнічаць, далікатнічаць, дасціпнічаць, наіўнічаць, фамільярнічаць, эканомнічаць, яхіднічаць.

Пры ўтварэнні дзеясловаў адбываецца накладанне фарманта -ніча- на фіналь утваральнай асновы -н-: важны — важнічаць, наіўны — наіўнічаць.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі (асцярожны — асцярожнічаць, эканомны — эканомнічаць).

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып набывае прадуктыўнасць у размоўным стылі і ў мове мастацкай літаратуры.

§ 748. Суфікс -ствава-. Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і абазначаюць дзеянне, якое мае адносіны да таго, што названа ўтваральным словам. Найчасцей гэта канкрэтызаванае значэнне ’здзяйсняць дзеянне, уласцівае таму, хто названы ўтваральным словам’: апякун — апякунстваваць, дыктатарстваваць, дырэктарстваваць, палітыканстваваць, рыцарстваваць, рэзанёрстваваць, рэктарстваваць, старшынстваваць, шэфстваваць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып набывае некаторую прадуктыўнасць у кніжнай мове.

Суфіксы са структурным элементам -і- (-ы-)

§ 749. Суфікс -і- (-ы-). Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць сем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’утвараць дзеянне паводле занятку або прафесіі асобы’: гаспадар — гаспадарыць, партызаніць, слясарыць, стальмашыць, цыганіць.

2. Дзеясловы са значэннем ’ператвараць у каго-н., рабіць кім-н.’: калека — калечыць.

3. Дзеясловы, якія абазначаюць дзеянне, што выконваецца з дапамогай прадмета, названага ўтваральным словам: бомба — бамбіць, матыжыць.

4. Дзеясловы са значэннем ’наносіць на паверхню чаго-н., задаваць тое, што названа ўтваральным словам’: воск — вашчыць, імшыць, крухмаліць, масліць.

5. Дзеясловы са значэннем ’дзейнічаць падобна адпаведнаму прадмету’: семафор — семафорыць, спружыніць.

6. Дзеясловы са значэннем ’выклікаць пачуццё, прыводзіць у адпаведны стан’: страх — страшыць.

7. Дзеясловы са значэннем ’мець месца, адбывацца’ (пра з’явы прыроды): дождж — дажджыць.

Перад суфіксам чаргуюцца парна-цвёрдыя зычныя з мяккімі: бомба — бамбіць, крухмал — крухмаліць; заднеязычныя з шыпячымі: матыка — матычыць, стальмах — стальмашыць.

Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тыпы прадуктыўныя.

Адпрыметнікавыя дзеясловы абазначаюць дзеянне паводле прыметы, названай утваральным словам. Гэта могуць быць наступныя канкрэтызаваныя значэнні: 1) ’надаваць прымету, названую ўтваральным словам’: бадзёры — бадзёрыць, бяліць, весяліць, вінаваціць, маладзіць, рыхліць; 2) ’праяўляць прымету, названую ўтваральным словам’: горкі — гарчыць, кісліць, фальшывіць, хітрыць.

Утваральныя — прыметнікі невытворныя (голы — галіць); з суфіксамі: -ав- (гаркавы — гаркавіць); -ів- (фальшывы — фальшывіць); -ян- (ледзяны — ледзяніць); -ат- (гарбаты — гарбаціць).

У працэсе ўтварэння перад суфіксам адпадаюць канцавыя кампаненты ўтваральнай асновы: -к- (вузкі — вузіць); -н- (брудны — брудзіць); -ок- (шырокі — шырыць). Чаргаванне і акцэнтныя заканамернасці тыя, што і ў папярэднім тыпе.

Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, за выключэннем дзеясловаў са змяняльнай галоснай у корані (вясёлы — весялі́ць, горкі — гарчы́ць і кі́слы — кіслі́ць, хі́тры — хітры́ць, шырокі — шыры́ць).

Тып прадуктыўны.

Ад лічэбнікаў утвараюцца дзеясловы са значэннем дзеяння, якое паўтараецца ў колькасці, названай утваральным словам: дваіць, траіць (разм.), чацвярыць, шасцярыць.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

Аддзеяслоўныя ўтварэнні складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’выконваць дзеянне, названае ўтваральным словам, неаднаразова і ў розным кірунку’: брысці — брадзіць, везці — вазіць, весці — вадзіць, ехаць — ездзіць, лезці — лазіць, несці — насіць.

2. Дзеясловы са значэннем ’прымусіць каго-н. ці што-н. здзейсніць дзеянне, названае ўтваральным словам’: гніць — гнаіць, смяяцца — смяшыць, звінець — званіць, піць — паіць. Утваральнымі выступаюць дзеясловы незакончанага трывання.

Пры ўтварэнні чаргуюцца е — а: везці — вазіць, несці — насіць; і — а: звінець — званіць, і — аj: піць — паіць; адбываецца нарашчэнне асновы ці выкарыстанне ў якасці ўтваральнай усёй формы інфінітыва: расці — расціць.

Націск пераважна на суфіксе, часткова — на аснове (е́здзіць, ла́зіць).

Тыпы прадуктыўныя.

Суфіксы са структурнымі элементамі -е-, -у-

§ 750. Суфікс -е- (-э-, -а-). Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.

Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’набываць прымету, названую ўтваральным словам’: багацець, блажэць, вільгатнець, меншаць, мутнець, сівець, смутнець, чарнець, яснець. Утваральнымі выступаюць прыметнікі невытворныя (лысы — лысець); з суфіксамі: -ян- (дубяны — дубянець, ледзяны — ледзянець); -ів- (пляшывы — пляшывець); -н- (разумны — разумнець); -ляв- (трухлявы — трухлявець).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя чаргуюцца з мяккімі: рыхлы — рыхлець; заднеязычныя з шыпячымі: благі — блажэць, глухі — глушэць.

Націск на суфіксе, зрэдку — на аснове (ле́пшаць, ме́ншаць).

Тып прадуктыўны.

Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’набываць прымету той асобы або прадмета, які названы ўтваральным словам’: вар’яцець, звярэць, парахнець.

2. Дзеясловы са значэннем ’перадаваць гучанне таго, што названа ўтваральным словам’: бразгацець, ляскацець, тупацець, шэлест — шалясцець, шоргат — шаргацець.

Націск на суфіксе.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 751. Суфікс -ну-. Дзеясловы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’ўтвараць дзеянне, адпаведнае таму, што названа ўтваральным словам’: пах — пахнуць, прага — прагнуць, смага — смагнуць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’набываць прымету, названую ўтваральным словам’: глухі — глухнуць, горкі — горкнуць, гуснуць, мокнуць, слепнуць, сохнуць, ціхнуць.

Перад суфіксам адсякаюцца фіналі ўтваральнай асновы: -р- (мокры — мокнуць); -т- (густы — гуснуць). Чаргуюцца у — о: сухі — сохнуць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып непрадуктыўны.

Дзеясловы з гэтым значэннем звычайна ўтвараюцца ад прыметнікаў з дапамогай суфікса -е-.

Аддзеяслоўныя ўтварэнні маюць значэнне ’аднакратна ўтварыць дзеянне, названае ўтваральным словам’: бадаць — баднуць, кашлянуць, кіўнуць, клюнуць, крыкнуць, лізнуць, ляснуць, махнуць, пырснуць.

Перад суфіксам адпадае фінальная галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ава-: лізаць — лізнуць, пляваць — плюнуць, рыпець — рыпнуць, тармасіць — тармаснуць, пароць — парнуць, а ў некаторых дзеясловах каранёвыя зычныя д, т: кідаць — кінуць, глядзець — глянуць, шаптаць — шапнуць.

Перад суфіксам чаргуюцца л — л’: калоць — кальнуць; ч — к: крычаць — крыкнуць; шч — с, ск: пішчаць — піснуць, піскнуць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове (ля́снуць, пы́рскнуць, ты́цнуць), ці на суфіксе — у выпадках, калі ва ўтваральным дзеяслове ён на апошнім складзе асновы (ліза́ць — лізну́ць, маха́ць — махну́ць). Выключэнне: кры́кнуць, плю́нуць, ры́пнуць, скры́пнуць.

Тып прадуктыўны.

§ 752. Суфікс -ану-. Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца дзеясловы закончанага трывання са значэннем ’аднакратна, інтэнсіўна, рэзка выканаць дзеянне, названае ўтваральным словам’; утваральныя — дзеясловы незакончанага трывання са значэннем мнагаактавага дзеяння: штурхаць — штурхнуць, секчы — секануць, скрэбці — скрабануць, трэсці — трасянуць, псіхаваць — псіхануць.

Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ава- адсякаюцца.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

§ 753. Суфіксы -ва-, -іва-, -оўва-. Пры дапамозе гэтых суфіксаў утвараюцца дзеясловы незакончанага трывання ад дзеясловаў закончанага трывання.

Суфікс -іва- выступае пасля асновы, якая канчаецца губным зычным пры чаргаванні «губны — губны + л’» ці спалучэннем зычных з апошнім р: падтрымаць — падтрымліваць, зарубіць — зарубліваць, абумовіць — абумоўліваць, расчапіць — расчэпліваць, адыграць — адыгрываць; -оўва- — пасля асноў на -а: аб’яднаць — аб’ядноўваць, параўнаць — параўноўваць, скарыстаць — скарыстоўваць; -ва- — пасля асновы на галосны, на зычны (у тым ліку пры адсячэнні фінальнай галоснай утваральнай асновы): спісаць — спісваць, адліць — адліваць, абуць — абуваць, скасіць — скошваць, зжыць — зжываць.

Утвораныя пры дапамозе гэтых суфіксаў дзеясловы абазначаюць працяглае, неабмежаванае дзеянне.

Прадуктыўнасць выяўляюць утварэнні з суфіксам -ва-.

Прэфіксальныя дзеясловы

§ 754. Прэфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца ад саміх дзеясловаў пры дапамозе фармантаў: аб- (аба-, а-), ад- (ада-), вы-, да-, дыс-, дэ- (дэз-), з- (с-, са-), на-, над- (нада-), неда-, па-, пад- (пада-), пера-, пра-, прад-, проці-, пры-, раз- (раза-, рас-), рэ-, са-, су-, супраць-, у- (ува-), уз- (уза-, ус-). Як правіла, яны адносяцца да закончанага трывання.

§ 755. Прэфікс аб- (аба-, а-). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных (адыменных) дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць шэсць тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’скіраваць дзеянне вакол чаго-н., ва ўсе бакі чаго-н.’: аббегчы, абвезці, абвіць, абламаць, абмазаць, абрысаваць, абрэзаць, абсесці, абскубці, абысці, ацынкаваць.

2. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне міма прадмета, які знаходзіцца на шляху руху’: абабегчы, аб’ехаць, абляцець, абысці.

3. Дзеясловы са значэннем ’распаўсюдзіць дзеянне на многія аб’екты’: аббегаць (многія мясціны, аб’екты), аббегчы, аб’ехаць, аблётаць, абшукаць, абысці.

4. Дзеясловы са значэннем ’нанесці шкоду каму-н. з дапамогай дзеяння’: абважыць, аблічыць, абмераць.

5. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: абдарыць, абсушыць, агаліць, ажывіць, азеляніць, асвятліць, атынкаваць.

6. Дзеясловы са значэннем ’у выніку пэўнага дзеяння пераўзысці каго-н.’: абагнаць, абскакаць, абыграць.

Прэфіксы аб- (аба-), а- з’яўляюцца фанетычнымі варыянтамі. Часцей за ўсё яны могуць далучацца да таго самага дзеяслова і надаваць аднолькавае значэнне: абабегчы, аббегчы і абегчы, абкапаць і акапаць, абклеіць і аклеіць, абтынкаваць і атынкаваць. Некаторыя дзеясловы з прыстаўкамі аб- і а- адрозніваюцца значэннем: абсадзіць — асадзіць, абабраць — абраць, абагрэць — агрэць.

Дзеясловы з прыстаўкай аб- (аба-), як правіла, больш канкрэтныя, дзеясловы з прыстаўкай а- — больш абстрактныя. Параўн.: абвеяць — авеяць, абгарнуць — агарнуць, абсыпаць — асыпаць, абхапіць — ахапіць.

Тыпы прадуктыўныя, за выключэннем другога, які з’яўляецца непрадуктыўным.

§ 756. Прэфікс ад- (ада-). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных (адназоўнікавых) дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць восем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’аддаліцца, адхіліцца, адштурхнуцца ад чаго-н. пры дапамозе адпаведнага дзеяння’: адагнаць, адбегчы, адвалачы, адвезці, адвесці, адгрэбці, адкаціць.

2. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць дзеянне цалкам, канчаткова’: адбегаць, адбрадзіць, адважыць, адгуляць, аддзяжурыць.

3. Дзеясловы са значэннем ’спыніць працяглае дзеянне’: адбедаваць, адгасціць, адгрымець, адхвалявацца.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: адрамантаваць, адрэгуляваць, адшукаць.

5. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне ў адказ, кампенсаваць дзеянне’: аддзякаваць, адказаць, адкупіць, адплаціць, адпрацаваць, адрабіць.

6. Дзеясловы са значэннем ’ануліраваць вынік папярэдняга дзеяння, адмовіцца або прымусіць адмовіцца ад чаго-н.’: адвучыць, адгаварыць, адраіць.

7. Дзеясловы са значэннем ’даставіць куды-н., выконваючы адпаведнае дзеянне’: адвезці, адвесці, адкаціць, аднесці.

8. Дзеясловы са значэннем ’давесці да пашкоджання, стомы ў выніку адпаведнага дзеяння’: адляжаць (бок), адстаяць (нагу), адсядзець, адтаптаць, адхадзіць.

Тыпы прадуктыўныя, за выключэннем апошняга, непрадуктыўнага.

§ 757. Прэфікс вы-. Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць шэсць тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’выдаліць, выдзеліць з чаго-н. пры дапамозе адпаведнага дзеяння’: вывалачы, выгнаць, выграбці, выламаць, вылузаць, вылушчыць, выскубці, выстрыгчы, вышчарбіць, вышчыпнуць; або ’выдаліцца, выдзеліцца з чаго-н.’: выйсці, выплысці, выскачыць.

2. Дзеясловы са значэннем ’старанна, інтэнсіўна выканаць адпаведнае дзеянне’: выбеліць, выбудаваць, выдаіць, вымесці.

3. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць дзеянне’: выбрукаваць, выбяліць, выгаціць, высініць.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: выведаць, выйграць, вымаліць, выцерпець, вычакаць.

5. Дзеясловы са значэннем ’здабыць, атрымаць, знайсці што-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: выведаць, выйграць, вымаліць, выпрасіць, выстаяць, выходзіць, выцерпець.

6. Дзеясловы са значэннем ’вытрываць што-н. на працягу пэўнага часу’: выжыць, выстаяць (месяц), выседзець, выпакутаваць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 758. Прэфікс да-. Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да канца, да прасторавай або часавай мяжы’: дабегчы, давезці, дайсці, дакаціць, даляцець, дапаўзці, дацягнуць, дашыць, даварыць, давеяць, давязаць, дагаварыць, дагарэць, дайграць, дапіць, дасохнуць, дачытаць.

2. Дзеясловы са значэннем ’дадаткова выканаць дзеянне, давесці яго да неабходнай нормы’: даатрымаць, даважыць, дакупіць, даплаціць.

3. Дзеясловы са значэннем ’давесці да непажаданага выніку з дапамогай адпаведнага дзеяння’: давучыць, далячыць, даездзіць, дахадзіць.

Першыя два тыпы прадуктыўныя, трэці — непрадуктыўны.

§ 759. Прэфікс дыс-. Дзеясловы з гэтым прэфіксам маюць значэнне ’выконваць дзеянне, процілеглае таму, што названа ўтваральным словам’: гарманіраваць — дысгарманіраваць, кваліфікаваць — дыскваліфікаваць.

Тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі.

§ 760. Прэфікс дэ- (дэз-). З дапамогай яго ўтвараюцца дзеясловы са значэннем ’выканаць дзеянне, супрацьлеглае названаму ўтваральным словам, ануляваць яго вынік’: дэвулканізаваць, дэзарганізаваць, дэзарыентаваць, дэзінфіцыраваць, дэкваліфікаваць, дэмабілізаваць, дэмілітарызаваць.

Тып прадуктыўны ў навуковым стылі.

§ 761. Прэфікс з- (с-, са-). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць дзесяць тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’злучыць у адно, сканцэнтраваць у пэўным месцы пры дапамозе дзеяння, названага ўтваральным словам’: збіць, згрэбці, сабраць, сагнаць, сазваць, сашрубаваць, склеіць, склікаць.

2. Дзеясловы са значэннем ’зняць з чаго-н., пазбавіцца ад чаго-н., дзякуючы адпаведнаму дзеянню’: злізаць, змесці, змыць, саскрэбці, састругаць.

3. Дзеясловы са значэннем ’аддаліцца ад прадмета дзякуючы адпаведнаму дзеянню’: збегчы, сысці (з дому, з двара).

4. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць, давесці да выніку адпаведнае дзеянне’: змякчыць, састарыць, скіснуць, скупіць, ссячы.

5. Дзеясловы са значэннем ’зрабіць рух уніз’: збегчы, з’ехаць, злезці, сысці.

6. Дзеясловы са значэннем ’пашкодзіць (-ца), знішчыць (-ца) у выніку адпаведнага дзеяння’: знасіць, стаптаць, згарэць, згнісці, змазаць, зрысаваць (аловак), спаліць (усе дровы).

7. Дзеясловы са значэннем ’цалкам ахапіць прадмет дзеяннем, распаўсюдзіць яго на многія месцы ў аб’екце’: змазаць, зраніць, спляміць.

8. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да крайняй мяжы’: змучыць, ссушыць, счэрпаць.

9. Дзеясловы са значэннем ’давесці да поўнага знікнення прадмета дзякуючы дзеянню, названаму ўтваральным словам’: змыліць (кавалак мыла), зрэзаць (нож), спісаць (аловак).

10. Дзеясловы са значэннем ’адзін раз утварыць дзеянне, названае ўтваральным словам’: збегаць, з’ездзіць, саграшыць, схітрыць.

Тыпы першы, другі, чацвёрты, шосты прадуктыўныя, астатнія малапрадуктыўныя.

§ 762. Прэфікс за-. Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць восем тыпаў:

1. Дзеясловы са значэннем ’перамяніць месца, перамясціць (-цца) за што-н. з дапамогай дзеяння, названага ўтваральным словам’: забегчы, забрысці, завесці, загнаць, заляцець, занесці, заплысці, засунуць, зацягнуць.

2. Дзеясловы са значэннем ’пачаць дзеянне’: заапладзіраваць, забегаць, забрахаць, забурліць, загрукаць, зазвінець, замармытаць, замітусіцца.

3. Дзеясловы са значэннем ’пакрыць (-цца), закрыць (-цца) чым-н. з дапамогай дзеяння, названага ўтваральным словам’: забудаваць, замазаць, засадзіць, запудрыць, засеяць.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці каго-н. ці што-н. да непажаданага стану’: закарміць, залячыць, зацалаваць, зацягаць, зачаставаць.

5. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: завянуць, загуснуць, зашыфраваць.

6. Дзеясловы са значэннем ’дасягаць чаго-н., атрымліваць што-н. у выніку адпаведнага дзеяння’: заваяваць, запрацаваць, зарабіць.

7. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць дзеянне, названае ўтваральным словам, адразу пасля папярэдняга дзеяння’: заесці, закусіць.

8. Дзеясловы са значэннем ’дзеянне, названае матываваным словам, ажыццявіць раней, наперад’: заарэндаваць, запланаваць, запраграмаваць, запраектаваць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 763. Прэфікс на-. Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утворана шэсць тыпаў дзеясловаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’сутыкнуцца з прадметам, змясціць на чым-н., накіраваць на паверхню дзеянне’: наехаць, наляцець, наскочыць, набегчы (пра хвалі), накінуць, наляпіць, насадзіць, нацягнуць.

2. Дзеясловы са значэннем ’назбірацца ў пэўнай колькасці з дапамогай адпаведнага дзеяння’: нагарэць, накіпець, наліпнуць, намёрзнуць, нарасці, насохнуць.

3. Дзеясловы са значэннем ’дасягнуць дастатковай паўнаты або празмернасці дзеяння’: набудаваць, наважыць, нажаць, накапаць, накасіць, налавіць, нарэзаць, насадзіць.

4. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць, давесці да канца дзеянне’: напісаць (раман), напаіць, напалохаць, насмяшыць.

5. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да поўнай насычанасці, празмернасці’: навалачыцца, навалтузіцца, нагушкацца, назлавацца, насмяяцца, наспрачацца, нахвалявацца.

6. Дзеясловы са значэннем ’прывучыць да чаго-н., навучыць чаму-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: навучыць, надрэсіраваць, натрэніраваць.

Утваральныя — дзеясловы невытворныя: жаць — нажаць, ліць — наліць; вытворныя: клеіць — наклеіць, кінуць — накінуць; вытворныя з прыстаўкамі а-, аб-, ад-, вы-, за-, з- (с-), пад-, пера-, пра-, пры-, раз- (рас-), уз- (ус-): атрасаць — наатрасаць, абворваць — наабворваць, аддзіраць — нааддзіраць, выварочваць — навыварочваць, засушваць — назасушваць, збіваць — назбіваць, саскрабаць — насаскрабаць, падкрэсліваць — нападкрэсліваць, перабіраць — наперабіраць, пракопваць — напракопваць, разварочваць — наразварочваць, узвалакваць — наўзвалакваць і інш.; зваротныя дзеясловы: бадзяцца — пабадзяцца, спрачацца — наспрачацца.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 764. Прэфікс над- (нада-). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца два тыпы дзеясловаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’павялічыць дадаткова прадмет, дабавіць да прадмета што-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: надбудаваць, надклеіць, надтачыць, надшыць.

2. Дзеясловы са значэннем ’распаўсюдзіць дзеянне на невялікую частку паверхні прадмета’: надкусіць, надпілаваць, надпіць, надсекчы, надтрэснуць.

Тыпы малапрадуктыўныя.

§ 765. Прэфікс неда-. Пры яго дапамозе ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы са значэннем ’няпоўнасцю ажыццявіць дзеянне, не давесці яго да патрэбнай нормы’: недабраць, недаважыць, недаварыць, недагледзець, недадаць, недаесці, недалічыць, недамераць, недапісаць, недапіць, недаплаціць, недасаліць, недасушыць, недасыпаць, недацягнуць, недачуць, недачытаць.

Тып прадуктыўны.

§ 766. Прэфікс па-. Пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы, якія складаюць шэсць тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’пачаць дзеянне, названае ўтваральным словам’: пабегчы, павезці, павесці, паехаць, пайсці, палезці, паляцець, паплысці.

2. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне ў нязначнай меры’: пабедаваць, пабоўтаць, пагараваць, пакруціць, памучыць, пацягаць.

3. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне на працягу некаторага часу’: паапладзіраваць, паблудзіць, павадзіць, падзяжурыць, падражніць, падрамаць, паездзіць, паспаць.

4. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне ў адзін прыём’: пастукаць, пазваніць, паціснуць.

5. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: пабудаваць, пашкадаваць, папсаваць, пахваліць, пачысціць.

6. Дзеясловы са значэннем ’мнагакратна, многімі ажыццявіць дзеянне, накіраваць яго на многія ці ўсе аб’екты’.

Звычайна такія дзеясловы ўтвараюцца ад вытворных дзеясловаў з прэфіксамі а-, аб-, ад-, вы-, да-, з- (с-), за-, на-, над-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, раз- (рас), уз- (ус-), у-: паадзяваць, паабзіраць, павыбіраць, падаплачваць, пазбіваць, пазаворваць, панагадоўваць, панадпісаць, папаношваць, пападкрэсліваць, паперакройваць, папрабіваць, папрышпільваць, паразграбаць, парассылаць, паўзрываць, паўсцягваць, паўкопваць.

Тыпы прадуктыўныя, асабліва ў бытавой мове.

§ 767. Прэфікс папа-. Пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы са значэннем працягласці або шматкратнасці, інтэнсіўнасці дзеяння: папабегаць, папавазіць, папавудзіць, папагуляць, пападрыжаць, папамерзнуць, папанасіць, папаплаваць, папапрасіць, папарабіць, папараўці, папаспяваць, папацярпець, папачакаць.

Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі мовы.

§ 768. Прэфікс пад- (пада-). Пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы, якія складаюць сем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне ўніз, пад што-н.’: падаслаць, падаткнуць, падбіць, падкласці, падлезці, падсунуць.

2. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне знізу ўверх’: падкурчыць, падляцець, падскочыць, падрасці.

3. Дзеясловы са значэннем ’наблізіць (-ца), далучыць (-ца) да чаго-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: падбегчы, пад’ехаць, падкаціць, паднесці, падруліць, падсесці, падцягнуць.

4. Дзеясловы са значэннем ’дадаткова ажыццявіць дзеянне з нязначнай інтэнсіўнасцю’: падбудаваць, падварыць, падвіць, падкарміць, падліць.

5. Дзеясловы са значэннем ’тайна, скрытна ажыццявіць дзеянне’: падгледзець, падміргнуць, падпільнаваць, падслухаць, падсцерагчы.

6. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне ў час іншага дзеяння і адразу пасля яго здзяйснення, прыстасоўваючыся да каго-, чаго-н.’: падпець, падцягнуць (пра песню), падыграць.

7. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць, давесці да выніку адпаведнае дзеянне’: падлічыць, падмесці.

Утваральныя — дзеясловы невытворныя: біць, — падбіць, выць — падвыць; вытворныя беспрыставачныя: бяліць — падбяліць, кісліць — падкісліць, кінуць — падкінуць; з прыстаўкамі а-, за-, на-, са- і інш.: падашукаць, падзарабіць, паднаціснуць, падсабраць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 769. Прэфікс пера-. Пры яго дапамозе ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць восем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне з аднаго месца ў другое цераз прадмет або прастору’: перабегчы, перавалачы, перавезці, пераехаць, перайсці, перакінуць, пералезці, пераляцець, перапаўзці, пераступіць, перасяліць.

2. Дзеясловы са значэннем ’паўторна, інакш, па-новаму ажыццявіць дзеянне’: пераарфаваць, перабудаваць, перавучыць, перагледзець, перадзяліць, перадрукаваць, пераканструяваць, пераклеіць, перакроіць, перасеяць, пераацаніць.

3. Дзеясловы са значэннем ’раздзяліць, разарваць прадмет з дапамогай адпаведнага дзеяння’: перагрызці, перапаліць, перарваць, перарэзаць, перасячы, ператнуць.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да празмернасці’: перабраць, перагнуць, перагрэць, пераесці, перакіснуць, перапіць, перасаліць, пераспець, перастарыцца.

5. Дзеясловы са значэннем ’пераўзысці каго-н. у выкананні дзеяння’: перагнаць, перайграць, перакрычаць, перарасці.

6. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць мнагакратнае або пачарговае дзеянне, распаўсюдзіўшы яго на ўсе або многія аб’екты, на ўсіх або многіх суб’ектаў’: перабудзіць, перавазіць, перажаніць, перакалоць, пералавіць, перамалоць, перастраляць.

7. Дзеясловы са значэннем ’распаўсюдзіць дзеянне на пэўны прамежак часу’: перадняваць, перадрамаць, пераначаваць, пераспаць, перачакаць.

8. Дзеясловы са значэннем ’спыніць адпаведнае дзеянне’: перадрыжаць, перакіпець, перамучыцца, перахацець, перахварэць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 770. Прэфікс пра-. Пры яго дапамозе пераважна ад невытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць сем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне праз што-н., у глыбіню чаго-н.’: прабіць, прагрызці, праламаць, прарэзаць, прастрэліць.

2. Дзеясловы са значэннем ’накіраваць дзеянне паблізу прадмета’: прабегчы, правезці, праехаць, пранесціся, праплысці, праскочыць.

3. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне на працягу нейкага часу, звычайна доўгага’: прабадзяцца, прабегаць, праблукаць, прагаварыць, прагуляць, прадрамаць, праляжаць, прамаўчаць, прамахаць, праплакаць, праспаць, прасядзець.

4. Дзеясловы са значэннем ’страціць, зрасходаваць што-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: праесці, пражыць, пралячыць, прапіць.

5. Дзеясловы са значэннем ’старанна, інтэнсіўна ажыццявіць дзеянне’: праварыць, прадумаць, пракіпяціць, прасмажыць.

6. Дзеясловы са значэннем ’прапусціць, не заўважыць чаго-н. пры ажыццяўленні адпаведнага дзеяння’: прагледзець, прагуляць, праслухаць.

7. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: правентыляваць, прагучаць, пракрычаць, прараўці.

Тыпы прадуктыўныя, галоўным чынам у гутарковым стылі.

§ 771. Прэфікс пры-. Пры дапамозе яго ўтвараюцца дзеясловы, якія складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’дасягнуць пэўнага месца, далучыць (далучыцца) да чаго-н., зліцца з чым-н.’: прыбегчы, прыбудаваць, прыбыць, прыварыць, прыехаць, прыкляпаць, прыляцець, прымацаваць, прыпаяць, прырасціць.

2. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне не ў поўнай меры, з нязначнай інтэнсіўнасцю’: прыадчыніць, прыглушыць, прыжмурыць, прыкрыкнуць, прыпадняць, прысмаліць, прытупіць.

3. Дзеясловы са значэннем ’дадаткова ажыццявіць дзеянне, дапоўніць дзеянне, названае ўтваральным словам’: прыкінуць, прыкупіць, прыплаціць.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: прымірыць, прыпільнаваць, прыпляскаць, прысудзіць. Утваральныя — дзеясловы невытворныя: жмурыць — прыжмурыць, з суфіксам -ну-: крыкнуць — прыкрыкнуць; з прэфіксамі ад-, пад-, уз-: прыадчыніць, прыпадняць, прыўзняць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 772. Прэфікс раз- (раза-, рас-). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’раз’яднаць, падзяліць на часткі, распаўсюдзіць, накіраваць у розныя бакі’: разварочаць, развешаць, разліць, раскласці, рассеяць, рассунуць, расцягаць.

2. Дзеясловы са значэннем ’ліквідаваць вынік папярэдняга дзеяння, адмовіцца або прымусіць адмовіцца ад чаго-н.’: разагнуць, размагніціць, размарозіць, разматаць, размініраваць, раскансерваваць, распакаваць.

3. Дзеясловы са значэннем ’старанна, інтэнсіўна, на поўную сілу ажыццявіць дзеянне’: разагрэць, разгарачыцца, разнервавацца, раскрытыкаваць, расхваліць.

4. Дзеясловы са значэннем ’успрыняць, зразумець, улічыць або растлумачыць што-н. ва ўсіх дэталях’: разглядзець, раз’яснець, распытаць, растлумачыць.

Пры ўтварэнні дзеясловаў другога тыпу ва ўтваральных словах замяняецца прыстаўка: замарозіць — размарозіць, зматаць — разматаць.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 773. Прэфікс рэ-. Пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы са значэннем ’паўторна, інакш, па-новаму ажыццявіць дзеянне, названае ўтваральным словам’: рэарганізаваць, рэканструяваць, рэмілітарызаваць, рэпрэзентаваць, рэтрансліраваць, рээвакуіраваць.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 774. Прэфікс су- (са- перад у). Пры дапамозе яго ўтвараюцца дзеясловы, якія абазначаюць сумеснасць дзеяння: саўдзельнічаць, суаднесці, суадпавядаць, суіснаваць, супадпарадкаваць, суперажываць, суразмерыць.

Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.

§ 775. Прэфікс у- (ува- перад групай зычных). Пры дапамозе яго ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць сем тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’накіравацца, пранікнуць унутр прадмета або асяроддзя’: убегчы, увагнаць, уваткнуць, увезці, увесці, уехаць, упаўзці, уплесці, ушыць.

2. Дзеясловы са значэннем ’скрозь, поўнасцю ахапіць, пакрыцца дзеяннем’: увешаць, укрыць, унізаць, утыкаць.

3. Дзеясловы са значэннем ’паменшыць, паменшыцца ў колькасці, аб’ёме, змяніць якасць або змяніцца якасна’: уварыць, урэзаць, усохнуць, уцаніць, уціснуць.

4. Дзеясловы са значэннем ’унесці, змясціць што-н. з дапамогай адпаведнага дзеяння’: удрукаваць, упісаць, усунуць, уціснуць.

5. Дзеясловы са значэннем ’утрымацца ў тым стане, які названы ўтваральным словам’: уляжаць, уседзець, устояць.

6. Дзеясловы са значэннем ’часткова, няпоўнасцю выканаць адпаведнае дзеянне’: рваць — уварваць (трохі), ужаць, укапаць, укасіць, укроіць.

7. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: уварыць, угаварыць, укамплектаваць.

Тыпы прадуктыўныя. Тып пяты выяўляе прадуктыўнасць у гутарковай мове.

§ 776. Прэфікс уз- (уза-, ус-). Пры яго дапамозе ад невытворных і вытворных дзеясловаў утвараюцца дзеясловы, якія складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’падняцца ўверх, падняць наверх з дапамогай дзеяння, названага ўтваральным словам’: узбегчы, уз’ехаць, узлезці, узляцець, узысці, узарваць, ускінуць.

2. Дзеясловы са значэннем ’інтэнсіўна, рэзка або раптоўна выканаць дзеянне’: узнерваваць, ускалыхнуць, успудзіць, усхваляваць.

3. Дзеясловы са значэннем ’раптоўна, інтэнсіўна пачаць дзеянне’: узнервавацца, узрушыцца, успудзіцца, усхвалявацца.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: узвар’яцець, ускіпець, ускапаць.

Тыпы малапрадуктыўныя.

Прэфіксальна-суфіксальныя дзеясловы

§ 777. Прэфіксальна-суфіксальным спосабам утвараюцца дзеясловы ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў, радзей — ад лічэбнікаў і прыслоўяў.

Пры прэфіксальна-суфіксальным спосабе словаўтварэння выкарыстоўваюцца тыя прэфіксы і суфіксы, што і пры прэфіксальным і пры суфіксальным спосабах словаўтварэння.

Адыменныя прэфіксальна-суфіксальныя дзеясловы звычайна адносяцца да закончанага трывання, аддзеяслоўныя — да закончанага і незакончанага трывання.

§ 778. Дзеясловы з прэфіксам а- (аб-, аба-) і суфіксамі -ава-, -і- (-ы-) утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’абкружыць, пакрыць з усіх бакоў тым, што названа ўтваральным словам’: абфутраваць, акучыць, апушыць, аслупаваць, аснежыць, абазначыць.

2. Дзеясловы са значэннем ’надзяліць прадмет тым, што названа ўтваральным словам’: абілеціць, абмундзіраваць, агучыць, акрыліць, аперыць, аснасціць.

3. Дзеясловы са значэннем ’рабіць або рабіцца тым, хто названы, што названа ўтваральным словам’: абалваніць, абюракраціць, акаталічыць.

Тыпы прадуктыўныя.

Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надаць прымету, названую ўтваральным словам’: абнавіць, ажывіць, асушыць, ахаладзіць.

Тып прадуктыўны.

§ 779. Дзеясловы з прэфіксамі абез- (абес-, абяз-, абяс-) і суфіксамі -і- (-ы-), -е- (-э-, -а-) утвараюцца ад назоўнікаў.

Пры дапамозе суфікса -і- (-ы-) утвараюцца дзеясловы са значэннем ’пазбавіць таго, што названа ўтваральным словам’: абезнадзеіць, абязболіць, абязводзіць, абяззброіць, абязлесіць, абяскровіць, абясплодзіць, абяссмерціць, абясшкодзіць.

Пры дапамозе суфікса -е- (-э-, -а-) утвараюцца дзеясловы са значэннем ’пазбавіцца таго, што названа ўтваральным словам’: абяззброець, абязлесець, абяскровець, абяскрылець.

Тыпы прадуктыўныя.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел