Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Прэфіксальныя дзеясловы: працяг
§§ 780–799
§ 780. Дзеясловы з прэфіксам ад- (ада-) і суфіксамі -і- (-ы-), -ава- ўтвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’аддзяліць тое ці з дапамогай таго, што названа ўтваральным словам’: адкаркаваць, адмежаваць, адслаіць, адшчапіць.
Тып малапрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надзяляць прыметай, названай утваральным словам’: жывы — аджывіць, новы — аднавіць.
Тып непрадуктыўны.
§ 781. Дзеясловы з прэфіксам вы- і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.
Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надзяліць прыметай, уласцівай утваральнаму слову’: выжаўціць, выпраміць, выпрастаць, вытанчыць.
Тып малапрадуктыўны.
Адназоўнікавыя дзеясловы — адзінкавыя, семантычна неаднародныя: выветрыць, выкараніць; а таксама з суфіксам -а-: выветраць.
§ 782. Дзеясловы з прэфіксам з- (с-, са-) і суфіксамі -і- (-ы-), -е- (-э-, -а-) утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.
Адпрыметнікавыя дзеясловы з суфіксам -і- (-ы-) маюць значэнне ’надзяліць прыметай, названай утваральным словам’ (зблізіць, брыдкі — збрыдзіць, здрабніць, зменшыць, змякчыць, спрасціць, састарыць, сцішыць), з суфіксам -е- (-э-, -а-) — ’набыць прымету, абазначаную ўтваральным прыметнікам’ (благі — зблажэць, збруднець, збялець, звільгатнець, змакрэць, змізарнець, ссінець).
Тыпы прадуктыўныя.
Асобныя адпрыметнікавыя дзеясловы з прэфіксам з- (с-, са-) утвораны з дапамогай суфіксаў -ава-: збанкрутаваць; -ну-: зблякнуць (бляклы), змякнуць.
Адназоўнікавыя дзеясловы з суфіксам -е- (-э-, -а-) маюць значэнне ’набыць выгляд, якасць, уласцівасць таго, што названа ўтваральным словам’: попел — спапялець, палатно — спалатнець, брыда — збрыдзець.
Тып малапрадуктыўны.
З суфіксам -і- (-ы-) утворан дзеяслоў злямчыць са значэннем, падобным да таго, што названа ўтваральным словам.
§ 783. Дзеясловы з прэфіксам за- і суфіксамі -і- (-ы-), -е- (-э-, -а-) утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надзяліць (запоўніць, накрыць) тым, што названа ўтваральным словам’: заглеіць, задыміць, закабаліць, запрыгоніць.
Тып малапрадуктыўны.
Дзеясловы з суфіксам -е- (-э-, -а-) маюць значэнне ’пакрыцца тым, што названа ўтваральным словам’: заінець, замшэць, засівераць.
Тып малапрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.
1. Пры дапамозе суфікса -і- (-ы-) утвараюцца дзеясловы са значэннем ’надзяліць той прыметай, якая названа ўтваральным словам’ (часам з адценнем празмернасці): загусціць, задобрыць, закругліць, занізіць.
Тып прадуктыўны.
2. Пры дапамозе суфікса -е- (-э-, -а-) утвараюцца дзеясловы са значэннем ’набыць тую прымету, якая названа ўтваральным словам’: закульгавець, занядужаць, запаршывець, зацішэць.
Тып малапрадуктыўны.
§ 784. Дзеясловы з прэфіксам на- і суфіксам -ва- (-іва-, -ыва-) утвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’ціха, з невялікай інтэнсіўнасцю ўтвараць дзеянне, названае ўтваральным словам’: накрапваць, напяваць, насвістваць, наігрываць, налепліваць.
Тып непрадуктыўны.
§ 785. Дзеясловы з прэфіксам на- і суфіксам -і- утвараюцца ад прыметнікаў і маюць значэнне ’надзяліць прыметай, названай утваральным словам’: напоўніць, пругкі — напружыць, насыціць.
Тып малапрадуктыўны.
§ 786. Дзеясловы з прэфіксам па- і суфіксам -і- (-ы) утвараюцца ад прыметнікаў і лічэбнікаў.
Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надзяліць у большай ступені той прыметай, што названа ўтваральным словам’: глыбокі — паглыбіць, панізіць, папоўніць.
Чаргуюцца парна-цвёрдыя зычныя з мяккімі: высокі — павысіць.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
Адлічэбнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’выканаць дзеянне ў той колькасці, якая названа ўтваральным словам’: двое — падвоіць, трое — патроіць.
Тып непрадуктыўны.
§ 787. Дзеясловы з прэфіксам па- і суфіксам -ва- (-іва-, -ыва-) утвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’час ад часу, з невялікай інтэнсіўнасцю ажыццяўляць дзеянне, названае ўтваральным словам’: бліскаць — пабліскваць, пабрэхваць, паварушваць, пагрукваць, пагукваць, пагульваць, падрэмліваць, паігрываць, пакалыхваць, памешваць, пасвістваць, пашчыпваць.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып высокапрадуктыўны.
§ 788. Дзеясловы з прэфіксам пад- і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.
Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’ў нязначнай ступені надзяліць той прыметай, якая названа ўтваральным словам’: большы — падбольшыць, падкісліць, паднавіць, падсыціць, падцяпліць.
Націск на суфіксе, зрэдку — на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
Ад назоўніка ахвота ўтвораны дзеяслоў падахвоціць.
§ 789. Дзеясловы з прэфіксам пад- і суфіксам -ва- (-ыва-) утвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’ўтвараць дзеянне, якое суправаджае іншае дзеянне, названае ўтваральным словам’: выць — падвываць, падзвоньваць, падпяваць, падсвістваць.
Тып малапрадуктыўны.
§ 790. Дзеясловы з прэфіксам пера- і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад прыметнікаў і маюць значэнне ’празмерна надзяліць той прыметай, якая названа ўтваральным словам’: вялікі — перавялічыць, перагусціць, перакісліць, пераменшыць, перапоўніць.
Чаргуюцца зычныя к — ч: вялікі — перавялічыць; т — ц’: густы — перагусціць.
Націск на суфіксе, радзей — на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 791. Дзеясловы з прэфіксам пера- і суфіксам -ва- ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’папераменна ажыццяўляць дзеянне, названае ўтваральным словам’: званіць — перазвоньваць, перастукваць.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
§ 792. Дзеясловы з прэфіксам пры- і суфіксам -і- утвараюцца ад назоўнікаў і маюць значэнне ’прыблізіць да таго, што названа ўтваральным словам’: губа — прыгубіць, прызямліць, прылуніць.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 793. Дзеясловы з прэфіксам пры- і суфіксам -ва- ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’суправаджаць іншае дзеянне тым, што названа ўтваральным словам’: гаварыць — прыгаворваць, прысвістваць, прытупваць.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 794. Дзеясловы з прэфіксам раз- (рас-) і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць тры тыпы.
1. Дзеясловы са значэннем ’раз’яднаць, здрабніць, ператварыўшы ў тое, што названа ўтваральным словам’: пыл — распыліць, расчапіць.
2. Дзеясловы са значэннем ’вызваліць ад таго, што названа ўтваральным словам’: кабала — раскабаліць, рассупоніць.
3. Дзеясловы са значэннем ’выклікаць у каго-н. пачуццё, названае ўтваральным словам’: ахвота — разахвоціць, разлютаваць (ад лютасць).
Націск на суфіксе або перадсуфіксальным складзе.
Тыпы малапрадуктыўныя.
Адпрыметнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.
1. Дзеясловы са значэннем ’надзяліць прыметай, названай утваральным словам’: мяккі — размякчыць, разрэдзіць, расчуліць.
2. Дзеясловы са значэннем ’пазбавіць прыметы, названай утваральным словам’: буйны — разбуйніць, рассакрэціць.
Націск на суфіксе або перадсуфіксальным складзе.
Тыпы малапрадуктыўныя.
Ад лічэбніка двое ўтворан дзеяслоў раздвоіць.
§ 795. Дзеясловы з прэфіксам рас- (рас-) і суфіксам -ва- ўтвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць ’павольна, не спяшаючыся, працяглы час ажыццяўляць дзеянне, названае ўтваральным словам’: гуляць — разгульваць, раздумваць, раскурваць.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 796. Дзеясловы з прэфіксам раз- (рас-) і суфіксамі -а- (-я-), -ава-, -е- прадстаўлены асобнымі словамі: расцугляць (ад цуглі), размачтаваць (ад мачта), распанець (ад пан).
§ 797. Дзеясловы з прэфіксам у- (ува-) і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і лічэбнікаў.
Адназоўнікавыя дзеясловы складаюць два тыпы.
1. Дзеясловы са значэннем ’прывесці каго-, што-н. у стан, названы ўтваральным словам’: закон — узаконіць, ураўнаважыць, уцяжарыць.
2. Дзеясловы са значэннем ’зрабіць тым, прыняць у сям’ю на правах таго, хто названы матываваным словам’: дачка — удачарыць, усынавіць.
Націск на суфіксе або перадсуфіксальным складзе.
Тыпы непрадуктыўныя.
Адпрыметнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’надзяліць той прыметай, што названа ўтваральным словам’: вільготны — увільгатніць, удакладніць, удасканаліць, упрыгожыць, ускладніць, ушчыльніць.
Націск на суфіксе, радзей — на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
Адлічэбнікавыя дзеясловы маюць значэнне ’павялічыць у столькі разоў, колькі названа ўтваральным словам’: два — удвоіць, утроіць, удзесяцярыць.
Націск на перадсуфіксальным складзе або на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 798. Дзеясловы з прэфіксам уз- (ус-) і суфіксам -і- (-ы-) утвараюцца ад прыметнікаў і маюць значэнне ’надзяліць той прыметай, якая названа ўтваральным словам’: багаты — узбагаціць, узбуйніць, узмацніць, узнавіць, ускалмаціць.
Націск на суфіксе, радзей — на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
§ 799. Дзеясловы з прэфіксам уз- (ус-) і суфіксам -ва- ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’надаць дзеянню, названаму ўтваральным словам, перарывістасць, перыядычнасць, слабую інтэнсіўнасць’: махаць — узмахваць, усклікваць, ускрыкваць, усплёскваць.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
