Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Постфіксальныя і складаныя дзеясловы

§§ 800–824

Постфіксальныя дзеясловы

§ 800. Постфіксальныя дзеясловы (дзеясловы з афіксам -ся (-ца, -цца)) у большасці выпадкаў утвараюцца ад пераходных дзеясловаў: касіць — касіцца, накасіцца. У якасці ўтваральных не выкарыстоўваюцца непераходныя дзеясловы з суфіксамі -ніча, -ствава, -ну-, дзеясловы суфіксальна-постфіксальныя, прэфіксальна-постфіксальныя і прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальныя. Постфіксальныя дзеясловы з’яўляюцца непераходнымі, як правіла, націск у іх на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, або на суфіксе.

Суфіксальна-постфіксальныя дзеясловы

§ 801. Суфіксальна-постфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў шляхам адначасовага далучэння суфікса -і- або -е- і постфікса -цца: цяліцца, гарбаціцца.

Адназоўнікавыя дзеясловы з суфіксам -і- складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’ствараць тое, што названа ўтваральным словам’: колас — каласіцца, квадраціцца, парасіцца, расіцца, слязіцца, табуніцца, тоўпіцца, ягніцца.

Тып малапрадуктыўны.

2. Дзеясловы са значэннем ’паводзіць сябе падобна таму, хто названы (што названа) ўтваральным словам’: дзіця — дзяцініцца, петушыцца.

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя дзеясловы з суфіксам -і- маюць значэнне ’праяўляць прымету, названую ўтваральным словам’: высокі — высіцца, дзічыцца, скупіцца, кучаравіцца, весяліцца.

Тып прадуктыўны.

§ 802. Дзеясловы з суфіксам -е- ўтвораны ад якасных прыметнікаў са значэннем колеру і маюць значэнне ’праяўляць прымету, названую ўтваральным словам’: зялёны — зелянецца, белы — бялецца, сіні — сінецца.

Гэтыя дзеясловы выступаюць сінонімамі суфіксальных (з суфіксам -е-) адпрыметнікавых дзеясловаў (сінець — сінецца) і могуць разглядацца як словаўтваральныя дублеты да першых.

Тып малапрадуктыўны.

§ 803. Адназоўнікавыя суфіксальна-постфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца таксама з дапамогай суфікса -ава- і постфікса -цца: патрэба — патрабавацца, рубец — рубцавацца, сталовая (сталоўка) — сталавацца, харч — харчавацца. Яны не складаюць пэўнага тыпу, маючы рознае значэнне.

Прэфіксальна-постфіксальныя дзеясловы

§ 804. Прэфіксальна-постфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца ад дзеясловаў незакончанага і зрэдку — дзеясловаў закончанага трывання. Прэфіксальна-постфіксальныя дзеясловы з’яўляюцца непераходнымі і адносяцца да закончанага трывання.

§ 805. Дзеясловы з прэфіксам а- (аб-, аба-) і постфіксам -ца (-ся ў спрагальных формах і пасля -ці) складаюць пяць тыпаў.

1. Дзеясловы са значэннем ’няправільна, памылкова, няўдала ажыццяўляць дзеянне, названае ўтваральным словам’: абазнацца, абмовіцца, абгаварыцца, аступіцца.

2. Дзеясловы са значэннем ’ажыццяўляць дзеянне ў адказ на папярэдняе дзеянне’: абазвацца, аказацца, азірнуцца.

3. Дзеясловы са значэннем ’звыкнуцца з дзеяннем, названым утваральным словам’: абжыцца, абцярпецца, астаяцца.

4. Дзеясловы са значэннем ’давесці дзеянне да выніку’: асунуцца, ачуцца.

5. Дзеясловы са значэннем ’празмерна, інтэнсіўна ажыццявіць дзеянне, названае ўтваральным словам, прычыніўшы сабе шкоду’: аб’есціся, апіцца.

Тыпы малапрадуктыўныя. Большасць дзеясловаў адносіцца да размоўнага стылю.

§ 806. Дзеясловы з прэфіксам ад- (ада-) і постфіксам -ся (-ца) складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць, закончыць дзеянне ці не здолець працягваць гэта дзеянне’: бамбіць — адбамбіцца (разм.), адбегацца, адваявацца, адкасіцца, адстраляцца.

2. Дзеясловы са значэннем ’прыйсці ў нармальны стан у выніку працягласці або паўтарэння адпаведнага дзеяння’: спаць — адаспацца, адвісецца, адгуляцца, аддыхацца, адляжацца.

3. Дзеясловы са значэннем ’пазбавіцца, ухіліцца ад каго-н. з дапамогай дзеяння, названага ўтваральным словам’: гаварыць — адгаварыцца, адкруціцца, адмахнуцца, адпісацца, адрачыся, адчапіцца.

Тыпы прадуктыўныя ў гутарковым стылі.

§ 807. Дзеясловы з прэфіксам вы- і постфіксам -ся (-ца) маюць значэнне ’давесці дзеянне, названае ўтваральным словам, да поўнага яго завяршэння (часам са стратай пэўных уласцівасцей)’: бегаць — выбегацца, выгуляцца, выкрычацца, вылежацца, выплакацца, выспацца.

Тып прадуктыўны.

§ 808. Дзеясловы з прэфіксам да- і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных дзеясловаў і складаюць два тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’давесці сябе да непрыемнага выніку шляхам інтэнсіўнага выканання дзеяння, названага ўтваральным словам’: бегаць — дабегацца, даваявацца, дагаспадарыцца, дагуляцца, дадурэцца, дакрычацца, даплавацца, дасябравацца.

2. Дзеясловы са значэннем ’давесці да канца адпаведнае дзеянне’: будзіць — дабудзіцца, дакапацца, дазваніцца, даклікацца, дашукацца.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 809. Дзеясловы з прэфіксам з- (с-, са-) і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных (пераважна непераходных) дзеясловаў і складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’дасягнуць зладжанасці, узаемаразумення ў выніку выканання дзеяння, названага ўтваральным словам’: веславаць — звеславацца, злюбіцца, змовіцца, сазваніцца, сквітацца, спрацавацца.

Тып прадуктыўны.

2. Дзеясловы са значэннем ’сабрацца ў адно месца, злучыцца дзякуючы дзеянню, названаму ўтваральным словам’: бегчы — збегчыся, з’ехацца, зляцецца, сысціся.

Тып малапрадуктыўны.

3. Дзеясловы са значэннем ’набыць непажаданы пэўны стан, непрыдатнасць у працэсе працяглага, інтэнсіўнага дзеяння, названага ўтваральным словам’: галадаць — згаладацца, зляжацца, скрычацца, спісацца, спіцца.

Тып малапрадуктыўны.

4. Дзеясловы са значэннем ’звыкнуцца, прызвычаіцца да чаго-н. у выніку працяглага дзеяння, названага ўтваральным словам’: жыць — зжыцца, сцярпецца.

Тып непрадуктыўны.

§ 810. Дзеясловы з прэфіксам за- і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных дзеясловаў і маюць значэнне ’цалкам паглыбіцца ў дзеянне, захапіцца ім да стомы ў працэсе працяглага або празмерна працяглага яго выканання’: думаць — задумацца, заляжацца, запрацавацца, зачакацца, зачытацца.

Дзеяслоў загарэцца мае значэнне пачатку дзеяння.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

§ 811. Дзеясловы з прэфіксам на- і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных дзеясловаў і маюць значэнне ’давесці да поўнай або частковай завершанасці названае ўтваральным словам дзеянне, да поўнага задавальнення ім суб’екта’: бедаваць — набедавацца, нагаладацца, нагаласіцца, нагаманіцца, нагаравацца, нагасцявацца, напакутавацца.

Тып прадуктыўны.

§ 812. Дзеясловы з прэфіксам пра- і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных (пераважна непераходных дзеясловаў). Яны складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’прыйсці ў нармальны стан дзякуючы дзеянню, названаму ўтваральным словам’: спаць — праспацца, прачхацца, пракашляцца.

2. Дзеясловы са значэннем ’прыносіць сабе шкоду, прыйсці да непажаданага выніку, памылкова або няўдала ажыццяўляючы дзеянне, названае ўтваральным словам’: гаварыць — прагаварыцца, пралічыцца, пратаргавацца.

3. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне, названае ўтваральным словам, не спяшаючыся, у мэтах адпачынку, задавальнення’: гуляць — прагуляцца, прабегчыся, праехацца, прайсціся.

Тыпы малапрадуктыўныя. Асобна стаіць дзеяслоў прагаладацца.

§ 813. Дзеясловы з прэфіксам пры- і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца пераважна ад невытворных дзеясловаў. Яны складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’інтэнсіўна, старанна ажыццявіць дзеянне, названае ўтваральным словам’: глядзець — прыгледзецца, прынюхацца, прыслухацца.

2. Дзеясловы са значэннем ’у працэсе пастаяннага ажыццяўлення дзеяння, названага ўтваральным словам, прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго-н.’: прыесціся, прымільгацца, прыцярпецца.

3. Дзеясловы са значэннем ’выканаць дзеянне ў нязначнай ступені’: кранаць — прыкрануцца, прыткнуцца, прыторкнуцца.

Тыпы малапрадуктыўныя.

§ 814. Дзеясловы з прэфіксам раз- (раза-, рас-) і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных дзеясловаў і складаюць тры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’накіравацца ў розныя бакі, распаўсюдзіцца, раз’яднацца з дапамогай дзеяння, названага ўтваральным словам’: бегчы — разбегчыся, разбрысціся, раз’ехацца, разляцецца, расплыцца, расцячыся.

2. Дзеясловы са значэннем ’дасягнуць вялікай інтэнсіўнасці ў ажыццяўленні дзеяння, названага ўтваральным словам’: бегаць — разбегацца, разбушавацца, разваявацца, разгарэцца, разгудзецца, раскрычацца, распоўзацца, расфантазіравацца.

3. Дзеясловы са значэннем ’завяршыць дзеянне, названае ўтваральным словам’: лічыць — разлічыцца, расплаціцца.

Тыпы прадуктыўныя.

§ 815. Дзеясловы з прэфіксам у- (ува-) і постфіксам -ся (ца) утвараюцца ад невытворных і вытворных дзеясловаў і складаюць чатыры тыпы.

1. Дзеясловы са значэннем ’ажыццявіць дзеянне, разлічанае на працяглы час’: легчы — улегчыся, усесціся, успацца, устаяцца.

2. Дзеясловы са значэннем ’прывыкнуць да дзеяння ў выніку паўтаральнасці або працягласці яго’: жыць — ужыцца (у ролю), уляжацца.

3. Дзеясловы са значэннем ’паглыбіцца, унікнуць у што-н., ажыццяўляючы дзеянне, названае ўтваральным словам’: глядзець — углядзецца, удумацца, услухацца, учытацца.

4. Дзеясловы са значэннем ’ажыццяўляючы празмернае або працяглае дзеянне, прыйсці да непажаданага выніку’: бегаць — убегацца, упіцца.

Тыпы малапрадуктыўныя.

§ 816. Дзеясловы з прэфіксам уз- (ус-) і постфіксам -ся (-ца) утвараюцца ад невытворных дзеясловаў і маюць значэнне ’інтэнсіўна пачаць дзеянне, названае ўтваральным словам’: бушаваць — узбушавацца, усхадзіцца, усхапіцца.

Большасць дзеясловаў гэтага тыпу мае экспрэсіўную афарбоўку і належыць да гутарковага стылю.

Тып малапрадуктыўны.

Прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальныя дзеясловы

§ 817. Прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальныя дзеясловы ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

§ 818. Дзеясловы з прэфіксам а- (аб-, аба-), суфіксам -і- (-ы-) і постфіксам -ся (-цца), утвораныя ад назоўнікаў, маюць значэнне ’стаць тым ці набыць прыметы таго, што названа ўтваральным словам’: банкрут — абанкруціцца, амяшчаніцца, асцябліцца, атаварыцца.

Тып малапрадуктыўны.

§ 819. Асобныя дзеясловы ўтвораны гэтым спосабам з дапамогай прэфіксаў а-, вы-, пры-, рас-, у-, суфіксаў -ава-, -і- (-ы-) і постфікса -цца: агнездавацца, выпагадзіцца, прыпазніцца, распагодзіцца, ухітрыцца.

§ 820. Дзеясловы з прэфіксам раз- (рас-), суфіксам -і- (-ы-) і постфіксам -ся (-цца) утвараюцца ад назоўнікаў і маюць значэнне ’ажыццяўляючы інтэнсіўнае або працяглае дзеянне, набыць адзнакі таго, што названа ўтваральным словам’: гультай — разгультаіцца, раздажджыцца. Дзеяслоў распагодзіцца мае іншае значэнне.

Тып малапрадуктыўны.

§ 821. Дзеясловы з прэфіксам па-, суфіксам -ну- і постфіксам -цца ўтвараюцца ад дзеясловаў незакончанага трывання і маюць значэнне аднаразовасці: коўзацца — пакаўзнуцца, слізгацца — паслізнуцца (з адсячэннем -г-).

Тып малапрадуктыўны.

§ 822. Дзеясловы з прэфіксам пера-, суфіксам -ва- і постфіксам -цца ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне ’абменьвацца дзеяннем, якое названа ўтваральным словам’: гукаць — перагуквацца, свістаць — перасвіствацца, моргаць — пераморгвацца.

Тып малапрадуктыўны.

§ 823. Асобныя дзеясловы ўтвораны пры дапамозе прэфіксаў пра-, пры-, суфіксаў -ну-, -ва- і постфікса -цца: спаць — прачнуцца, дурны — прыдурвацца.

Складаныя дзеясловы

§ 824. Складаныя дзеясловы ўтвараюцца дзякуючы злучэнню дзвюх асноў з падпарадкавальнымі адносінамі.

Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў мове складаныя дзеясловы са звязаным апорным кампанентам -фікаваць і інтэрфіксамі -а-, -і-. У складзе іх вылучаюцца два тыпы.

1. Дзеясловы з першым кампанентам — асновай назоўніка; яны маюць значэнне ’абсталяваць ці надзяліць тым, што названа ўтваральным словам’: газафікаваць, кінафікаваць, радыёфікаваць, электрыфікаваць.

Тып прадуктыўны ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

2. Дзеясловы з першым кампанентам — асновай прыметніка; яны маюць значэнне ’надзяліць прыметай, названай утваральным словам’: інтэнсіфікаваць, русіфікаваць.

Тып непрадуктыўны.

Дзеясловы з апорным кампанентам — зваротным дзеясловам і першым кампанентам з займеннікавай асновай сам- і інтэрфіксам -а-; яны маюць значэнне ’самаадвольна і самастойна выконваць дзеянне, названае апорным дзеясловам’: самаабслугоўвацца, самаакупіцца, самавызначацца, самазагарацца, самасупакоіцца, самаўхіліцца, самастрахавацца.

Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.

Дзеясловы з апорным кампанентам — дзеясловам і першым кампанентам паў- (напаў-) маюць значэнне ’няпоўнасцю, не да канца, напалавіну выканаць дзеянне, названае апорным кампанентам’: паўляжаць і напаўляжаць, паўзруйнаваць, паўразбурыць, паўспустошыць, паўразарыць.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел