Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Словаўтварэнне прыслоўяў
§§ 825–853
Словаўтварэнне прыслоўяў
§ 825. Прыслоўі ўтвараюцца галоўным чынам суфіксальным і прэфіксальна-суфіксальнымі спосабамі. У якасці ўтваральных выступаюць амаль усе часціны мовы. Значная колькасць прыслоўяў суадносіцца са склонавымі формамі іменных часцін мовы. Такія прыслоўі маюць суфіксы, аманімічныя склонавым флексіям, а прэфіксы — прыназоўнікам.
Суфіксальныя прыслоўі
Адпрыметнікавыя прыслоўі
§ 826. Прыслоўі з суфіксам -а (-о пад націскам, вельмі рэдка) абазначаюць прымету, названую ўтваральным словам, з дадатковым акалічнасным значэннем: багаты — багата, балюча, бедна, даўно, дваяка, дзіка, добра, звыкла, інтрыгуюча, рашуча, сардэчна, штодзённа.
Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове, выключэнне: дарагі́ — дорага, малады́ — молада, тугі́ — ту́га, халодны — холадна, харошы — хораша.
Тып прадуктыўны.
Адназоўнікавыя прыслоўі
§ 827. Гэтыя прыслоўі ў асноўным утвараюцца з дапамогай суфіксаў -ой (-ою), -ай (-аю), -яй (-яю), -ом (-ам), -амі (-ямі), якія аманімічны флексіям творнага склону назоўнікаў, што з’яўляюцца назвамі адрэзкаў часу, спосабаў руху і інш. Прыслоўі абазначаюць акалічнасную прымету па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: верх — верхам, раніцай, ранкам, днём, вечарам, вясной, летам, часамі, гадамі, залпам, дабром, сілай, вожыкам.
Націск той жа, што і ў адпаведных формах назоўнікаў творнага склону. Некаторыя прыслоўі маюць паралельныя акцэнтныя формы ці іншы націск: ве́рхам і вярхом, бе́гам — бягом, кру́гам — кругом.
Тып набывае прадуктыўнасць пад уплывам народна-гутарковай мовы.
§ 828. Асобныя прыслоўі, якія суадносяцца з формамі іншых склонаў назоўнікаў або не суадносяцца з імі, маюць суфіксы -у (-ю) (аманімічны флексіі вінавальнага склону): кроплю, крыху, каплю; -ком: сіла — сілком; -оў: дом — дамоў.
Адлічэбнікавыя прыслоўі
§ 829. З дапамогай суфікса -ойчы ўтвораны прыслоўі двойчы, тройчы; яны абазначаюць павелічэнне ці паўтарэнне ў столькі разоў, колькі названа ўтваральным словам — два, тры.
Семантычна ізалявана прыслоўе аднойчы.
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя прыслоўі
§ 830. Прыслоўі гэтага тыпу з суфіксам -ма абазначаюць акалічнасную прымету, сумяшчаючы яе з той працэсуальнай, якая названа ўтваральным словам: бегчы — бегма, кішма, лежма, роўма, седзьма.
Перад суфіксам фінальная галосная ўтваральных асноў адсякаецца: ляжаць — лежма.
Націск на корані. Выключэнне: кішма́.
Тып мае некаторую прадуктыўнасць у гутарковым стылі. Звычайна такія ўтварэнні ўваходзяць ва ўстойлівыя спалучэнні з утваральным дзеясловам: седзьма сядзець, лежма ляжаць, кішма кішэць.
§ 831. Прыслоўі з суфіксам -ом (ам) -ком сумяшчаюць акалічнасную прымету з той працэсуальнай, якая названа ўтваральным словам: бегчы — бягом, валіць — валам, таіцца — тайком, тырчаць — тырчком, хадзіць — ходам, цурчэць — цурком, цягаць — цягам.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва адсякаецца.
Націск на суфіксе, рэдка — на корані (ця́гам).
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў
§ 832. Ва ўтварэнні гэтых прыслоўяў прымаюць удзел суфіксы -авата, -енька (-анька), -енечка (-анечка), -утка (-ютка), -усенька (-юсенька).
§ 833. Прыслоўі з суфіксам -аватка абазначаюць аслабленую ступень прыметы, названай утваральным словам: высока — высакавата, зласнавата, пазнавата, ранавата, саладжавата, слабавата, страшнавата. Утваральнымі выступаюць прыслоўі з суфіксам -а (-о), які перад -авата адсякаецца.
Націск на суфіксе (другім складзе яго).
Тып прадуктыўны.
§ 834. Прыслоўі з суфіксам -енька (-анька) абазначаюць узмацненне акалічнаснай прыметы, названай утваральным словам, і маюць экспрэсіўныя адценні (ласкальнасці і інш.): добра — добранька, нізенька, хуценька, ціхенька.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі; фіналі -а, -ка адсякаюцца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны.
§ 835. Прыслоўі з суфіксам -утка (-ютка) абазначаюць узмацненне акалічнаснай прыметы, названай утваральным словам, з экспрэсіўнымі адценнямі (ласкальнасці і інш.): блізка — блізютка, відно — віднютка, ціха — ціхутка.
Перад суфіксам фіналі -а, -ка адсякаюцца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 836. Асобныя прыслоўі ўтвораны з дапамогай суфіксаў: -ечку (памалу — памалечку); -ачкі (трошкі — трошачкі); -энна (страшна — страшэнна); -усенька (ціха — ціхусенька); -эзна (высока — высачэзна).
Перад суфіксамі фіналі ўтваральных слоў (-у, -кі, -на, -а) адсякаюцца.
Прэфіксальныя прыслоўі
§ 837. Прыслоўі з прэфіксам за- ўтвараюцца ад саміх прыслоўяў і складаюць два тыпы.
1. Прыслоўі са значэннямі ’перавышэнне якасці, прыметы, названай утваральным словам’: завысока, загуста, задоўга, залішне, замнога; ’непаўнаты якасці, названай утваральным словам’: замала, занізка.
Націск той жа, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі.
Прыслоўі гэтага тыпу, як правіла, суадносяцца таксама з прыметнікамі з прэфіксам за- і могуць разглядацца як утварэнні ад іх з дапамогай суфікса -а (-о): задоўгі — задоўга, замалы — замала, але многа — замнога.
2. Прыслоўі са значэннем часавай аднесенасці да прыметы, названай утваральным словам: цёмна — зацемна (калі яшчэ цёмна), засветла, зацепла.
Націск на прыстаўцы.
Тып непрадуктыўны.
§ 838. Прыслоўі з прэфіксам не- (ня-) утвараюцца ад саміх прыслоўяў і маюць адмоўнае значэнне: высока — невысока, недалёка, нямала, нямнога, няшмат, нядоўга, ненадоўга.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны.
Прыслоўі гэтага тыпу суадносяцца таксама з прыметнікамі з прэфіксам не- (ня-) і могуць разглядацца як утвораныя ад іх з дапамогай суфікса -а (-о): нядоўгі — нядоўга, нядобры — нядобра.
§ 839. Прыслоўі з іншымі прыстаўкамі: на- (наводдаль, навокал, насупраць, назаўтра, назаўсёды), па- (паабапал), у- (упоперак), паза- (пазаўчора, пазалетась), пасля- (паслязаўтра).
Прэфіксальна-суфіксальныя прыслоўі
Адназоўнікавыя прыслоўі
§ 840. Прыслоўі з прэфіксам а- і суфіксам -і (-ы), аманімічным флексіі меснага склону назоўнікаў жаночага і мужчынскага роду, паказваюць на час, названы ўтваральным словам: поўнач — апоўначы, поўдзень — апоўдні.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
§ 841. Прыслоўі з прэфіксам да- і суфіксамі -і (-ы), -у, аманімічнымі флексіям роднага склону назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, абазначаюць мяжу, даведзенасць да таго, што названа ўтваральным словам: верх — даверху, данізу, дадому, дахаты, даволі, дарэшты, дадолу.
Націск на корані.
Тып непрадуктыўны.
§ 842. Прыслоўі з прэфіксам з- (с-, со-, са-) і суфіксамі -у (-ю), -і (-ы), аманімічнымі флексіям роднага склону назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, складаюць два тыпы.
1. Прыслоўі са значэннем ’месца лакалізаванасці прыметы ў адпаведнасці з тым, што названа ўтваральным словам’ (адказваюць на пытанне дзе?): бок — збоку, зверху, знізу, спераду, скраю.
2. Прыслоўі са значэннем ’выходзіць, браць пачатак з таго, што названа ўтваральным словам’ (адказваюць на пытанне адкуль?): бок — збоку, зверху, знізу, спераду, скраю, згары.
Націск той жа, што і ў адпаведных формах назоўнікаў.
Тыпы непрадуктыўныя.
§ 843. Прыслоўі з прэфіксам на- і суфіксамі -і (-ы), -е, аманімічнымі флексіям меснага склону назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, абазначаюць лакальную і часавую прымету па адносінах да прадмета, з’явы, названых утваральным словам: водшыб — наводшыбе, напрадвесні, наверсе, наперадзе, нарэшце.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
§ 844. Прыслоўі з прэфіксам на- і суфіксамі -а (-о), -у, аманімічнымі флексіям назоўнікаў вінавальнага склону жаночага і ніякага роду, абазначаюць прымету па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: надзіва, назло, налета, наліха, палова — напалову, напару, напераменку, насілу, начыстату.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып малапрадуктыўны.
§ 845. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксамі -і (-ы), -е, -у (-ю), аманімічнымі флексіям давальнага (меснага) склону назоўнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду, абазначаюць прымету па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: верх — паверху, пазавуголлі, паначы (і поначы), пападваконню, папераду, панізе, папраўдзе.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
§ 846. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксамі -у, -ы, аманімічнымі флексіі вінавальнага склону адзіночнага ліку жаночага роду і вінавальнага склону множнага ліку, абазначаюць накіраванасць да таго, што названа ўтваральным словам: вясна — увесну, узіму, угару (і угору), умеру, уперамешку, усярэдзіну; убакі, унаймы.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып малапрадуктыўны.
§ 847. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксамі -і (-ы), -е, аманімічнымі флексіям меснага склону адзіночнага ліку жаночага і мужчынскага роду назоўнікаў, абазначаюць часавую, лакальную і іншую прымету па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: верх — уверсе, увечары, угары, уначы, унізе, унутры, уперадзе, урэшце, усярэдзіне.
Чаргаванне зычных асновы і націск — як і ва ўтваральных словах (формах).
Тып малапрадуктыўны.
§ 848. Адзінкавыя прыслоўі ўтвораны пры дапамозе прэфіксаў ад-, за-, к-, спад-, у- і суфіксаў -а, -ам, -у, -ку: адвеку, адразу, замужам, кверху, спадылба, узімку.
Адпрыметнікавыя прыслоўі
§ 849. Прыслоўі з прэфіксам да- і суфіксам -а абазначаюць акалічнасную адзнаку, даведзеную да прыметы, якая названа ўтваральным словам: белы — дабяла, дагала, дапазна, дап’яна, дасыта, дачыста, дачырвана.
Націск на суфіксе, зрэдку — на корані (дасы́та, дачы́рвана).
Тып непрадуктыўны.
§ 850. Прыслоўі з прэфіксам з- (с-) і суфіксам -а (-я) абазначаюць акалічнасную прымету паводле прыметы, названай утваральным словам: даўні — здаўна, зрання, злева, справа, скоса, сп’яна.
Націск на аснове або суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 851. Прыслоўі з прэфіксам з- і суфіксам -у абазначаюць акалічнасную прымету, якая выходзіць з прыметы, названай утваральным словам: блізкі — зблізку, здалёку, звысоку, злёгку, зрэдку, змоладу.
Націск на корані.
Тып непрадуктыўны.
§ 852. Прыслоўі з прэфіксам на- і суфіксам -а складаюць два тыпы.
1. Прыслоўі са значэннем даведзенасці да прыметы, названай утваральным прыметнікам: глухі — наглуха, насуха, натуга, начыста, нагола, надоўга.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып малапрадуктыўны.
2. Прыслоўі са значэннем накіраванасці да прыметы, названай утваральным прыметнікам: левы — налева, направа.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып непрадуктыўны.
§ 853. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксам -аму (-яму) абазначаюць акалічнасную прымету паводле таго, што абазначана ўтваральным прыметнікам: арліны — па-арлінаму, па-баявому, па-веснавому, па-дзяржаўнаму, па-калгаснаму, па-новаму, па-святочнаму, па-старому, па-ўдарнаму.
Націск на аснове, зрэдку — на суфіксе (калі ў прыметніку ён на канчатку).
Тып прадуктыўны.
