Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словаўтварэнне прыслоўяў: працяг

§§ 854–882

§ 854. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксам -у сумяшчаюць значэнне акалічнаснай прыметы з той, якая названа ўтваральным прыметнікам: бацькоўскі — па-бацькоўску, па-брацку, па-гаспадарску, па-людску, па-мастацку, па-беларуску, паціху, папросту. Утваральныя — прыметнікі на -скі, рэдка — невытворныя.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных прыметніках.

Тып прадуктыўны.

§ 855. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксам -ы сумяшчаюць акалічнасную прымету з прыналежнай, якая названа ўтваральным словам — прыналежным прыметнікам: воўчы — па-воўчы, па-сабачы, па-чалавечы, па-шчанячы. Утваральныя — прыметнікі на -чы.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып непрадуктыўны. Утварэнні выцясняюцца прыслоўямі на -аму: па-сабачаму.

§ 856. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксам -ую сумяшчаюць акалічнаснае значэнне з тым, што названа ўтваральным словам: пусты — упустую, урассыпную, уручную, усляпую, ушчыльную.

Націск на суфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

§ 847. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксам -а адносяцца да непрадуктыўнага тыпу, яны абазначаюць накіраванасць да прыметы, названай утваральным словам: левы — улева, правы — управа.

Націск на корані.

§ 858. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксам -е сумяшчаюць акалічнасную прымету з той, што названа ўтваральным словам: поўны — упаўне, удвайне, утрайне.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

Адзаіменнікавыя прыслоўі

§ 859. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксам -аму (-яму) сумяшчаюць акалічнасную прымету з той, якая названа ўтваральным словам — прыналежным займеннікам: ваш — па-вашаму, па-іхняму, па-мойму, па-нашаму, па-ягонаму.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып непрадуктыўны.

§ 860. З дапамогай прэфікса на- і суфікса -і ўтвораны прыслоўі наколькі, настолькі, прэфікса на- і суфікса -о — прыслоўе нашто, складанага прэфікса наво- (на- + во-) і суфікса -а — прыслоўе навошта, прэфікса ніза- і суфікса -о — нізашто.

Адлічэбнікавыя прыслоўі

§ 861. Прыслоўі з прэфіксам на- і суфіксам -е (-э) абазначаюць акалічнасную прымету паводле падзелу на столькі частак, колькі названа ўтваральным словам — зборным лічэбнікам: два — надвае, натрае.

Націск на прэфіксе.

Тып непрадуктыўны.

§ 862. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксам -я (-а) абазначаюць акалічнасную прымету паводле павелічэння ці памяншэння ў столькі разоў, колькі названа ўтваральным словам — зборным лічэбнікам: два — удвая, утрая.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

§ 863. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксамі -іх (-ых), -ох (-ёх), -ух (-юх) абазначаюць акалічнасную адзнаку паводле колькасці, названай утваральным словам — колькасным ці зборным лічэбнікам: 1) удвух (удзвюх), утрох, учатырох, упяцёх, ушасцёх, удзесяцёх, удваццацёх; 2) удваіх, утраіх, учацвярых, упяцярых. Утварэнні першай групы абазначаюць акалічнасную прымету ў дачыненні да асоб аднаго полу — або мужчынскага, або жаночага; другой — у дачыненні да асоб рознага полу ці істот ніякага роду.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны.

Аддзеяслоўныя прыслоўі

§ 864. Прыслоўі з прэфіксам без- (бес-) і суфіксам -ку сумяшчаюць акалічнасную прымету з працэсуальнай, названай утваральным словам: перастаць (перастануць) — бесперастанку, упыніць — безупынку.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып непрадуктыўны.

§ 865. Прыслоўі з прэфіксам у- і суфіксам -ку маюць тое значэнне, што і ў папярэднім тыпе: перамяшаць — уперамешку, уперамежку, упрыкуску.

Націск на аснове.

Тып непрадуктыўны.

§ 866. Асобныя прыслоўі ўтвораны з дапамогай прэфіксаў з- (с-), на- і суфіксаў -у, -кі, -ку: зроду, навыперадкі, наперагонкі, спрасонку (прачнуцца).

Прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў

§ 867. Прыслоўі з прэфіксам па- і суфіксам -у маюць значэнне неаднаразовасці і шматаб’ектнасці: трохі — патроху, памалу, падоўгу.

Перад націскам фінальная галосная ўтваральнай асновы адсякаецца.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып непрадуктыўны.

Прэфіксальна-нульсуфіксальныя прыслоўі

Адназоўнікавыя прыслоўі

§ 868. Прыслоўі з прэфіксам на- абазначаюць акалічнасную прымету па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: верх — наверх, наперад, насмерць.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове — назоўніку вінавальнага склону адзіночнага ліку мужчынскага ці жаночага роду.

Тып прадуктыўны.

§ 869. Прыслоўі з прэфіксам у- абазначаюць накіраванасць да таго, што названа ўтваральным словам: увосень, удзень, убок, уверх, увысь, удалячынь, уперад.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове — назоўніку вінавальнага склону адзіночнага ліку мужчынскага ці жаночага роду.

Тып прадуктыўны.

Аддзеяслоўныя прыслоўі

§ 870. Прыслоўі з прэфіксам на- абазначаюць акалічнасную прымету, спалучаючы яе з працэсуальнай, якая названа ўтваральным словам: вывернуць — навыварат, навыпуск, напавал, нападхват, наперабой, наўгад.

Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца. Чаргуюцца парна-мяккія зычныя з цвёрдымі; і — ой: падхваціць — нападхват, перабіць — наперабой.

Націск на апошнім складзе, у словах з дзеяслоўным прэфіксам вы- — на прэфіксе.

Тып прадуктыўны.

§ 871. Прыслоўі з прэфіксам у- маюць тое значэнне, што і папярэдні тып: замяняць — узамен, узасос, упапад, уперахват, уперагіб, уплаў, упрытык, уроскід, ураздроб, усутыч.

Чаргуюцца канцавыя зычныя асновы к — ч (пры адсячэнні галоснай): сутыкацца — усутыч.

Націск на апошнім складзе.

Тып прадуктыўны.

§ 872. Прыслоўі з прэфіксам наўз- выступаюць як сінонімы да ўтварэнняў з прэфіксам у-: замяняць — узамен і наўзамен, даганяць — удагон і наўздагон.

Тып непрадуктыўны.

§ 873. Адзінкавыя прыслоўі ўтвораны з дапамогай фармантаў наў- і наўс-: наўкос і наўскос (ад касы); з-: зноў (ад новы); няў-: няўцям (ад цяміць); по-: побліз (ад блізкі); над-: надгаладзь (ад голад); за-: замуж, зараз; па-: паверх, пазарэз (абл.); з-: здалёк (ад далёкі).

Складаныя прыслоўі са спалучальнымі адносінамі кампанентаў

§ 874. Прыслоўі дадзенага тыпу з другім кампанентам адмоўным займеннікавым прыслоўем і першым — пытальна-адносным прыслоўем маюць значэнне няпэўнасці (няпэўна-часавае, няпэўна-лакальнае і інш.): дзе-нідзе, калі-нікалі, як-ніяк.

Націск асноўны на другім кампаненце.

Тып непрадуктыўны.

Складаныя прыслоўі з падпарадкавальнымі адносінамі кампанентаў

§ 875. Прыслоўі з апорным кампанентам — прыслоўем ці дзеепрыслоўем (у функцыі прыслоўя) і першым кампанентам паў- і напаў- (скарочаны варыянт ад напалову) абазначаюць акалічнасную прымету, выяўленую толькі напалавіну: паўсур’ёзна і напаўсур’ёзна, паўлежачы і напаўлежачы, паўдзіка і напаўдзіка, паўжартам.

Націск на другім кампаненце — на тым складзе, што і ў адпаведных простых прыслоўях.

Тып прадуктыўны.

§ 876. Прыслоўі з апорным кампанентам — адпрыметнікавым прыслоўем і першым кампанентам з інтэрфіксам -ым, аманімічным флексіі творнага склону мужчынскага роду прыметніка, маюць узмацняльнае значэнне: даўным-даўно, поўным-поўна, даўным-даўнюсенька, поўным-паўнюсенька.

Націск на другім кампаненце.

Тып непрадуктыўны.

Суфіксальна-складаныя прыслоўі

§ 877. Прыслоўі з другім, апорным кампанентам — назоўнікам і суфіксамі -у, -а, -ы, -я, аманімічнымі флексіі роднага і вінавальнага склонаў адзіночнага ліку назоўнікаў, у якасці першага кампанента маюць аснову займенніка што і абазначаюць рэгулярнасць, уласцівую прамежку часу, названаму апорным кампанентам: штоночы, штодня, штохвіліны, штолета, штомінуты і штомінуту, штотыдня.

Націск асноўны на другім кампаненце, дадатковы — на інтэрфіксе -о-.

Тып малапрадуктыўны.

§ 878. Прыслоўі з апорным кампанентам — асновай дзеяслова і суфіксам -ам маюць значэнне акалічнаснай прыметы ў спалучэнні з працэсуальнай, названай апорным кампанентам і ўдакладненай у першай аснове.

Яны складаюць два тыпы.

1. Прыслоўі з першым кампанентам — асновай займенніка сам (і інтэрфіксам -а-): самавукам, самакатам, самаходам.

2. Прыслоўі з першым кампанентам — асновай прыслоўя міма: мімаездам, мімалётам, мімаходам.

Канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; чаргуюцца парна-мяккія зычныя — з цвёрдымі: хадзіць — самаходам; к—ч: вучыцца — самавукам.

Націск на другім кампаненце.

Тыпы непрадуктыўныя.

§ 879. Прыслоўі з апорным кампанентам — асновай назоўніка і суфіксамі -ам, -ым, аманімічнымі флексіі творнага склону мужчынскага роду назоўнікаў, і слова адзін маюць значэнне ўзмацняльнасці; першы кампанент — аснова таго ж слова, аманімічная форме назоўнага склону: век-векам, чын-чынам, час-часам, адзін-адным.

Націск маюць абодва кампаненты, асноўны — на другім кампаненце.

Тып малапрадуктыўны.

Нульсуфіксальна-складаныя прыслоўі

§ 880. Прыслоўі з апорным назоўнікавым кампанентам і нулявым суфіксам, аманімічным нулявой флексіі вінавальнага склону мужчынскага і жаночага роду назоўнікаў, абазначаюць рэгулярную акалічнасную прымету, уласцівую адрэзку часу, названаму апорным кампанентам: штодзень, штоноч, штовечар, штомесяц, штогод.

Націск асноўны на другім кампаненце.

Тып малапрадуктыўны.

Заўвага. Прыслоўі з другім кампанентам — асновай назоўніка ніякага роду маюць суфікс -а (-я) і належаць да суфіксальна-складаных (штолета).

Прыслоўі гэтай структуры выступаюць як сінонімы суфіксальна-складаных з суфіксамі -а (-я), -ы: штодзень і штодня, штоноч і штоночы.

Прэфіксальна-нульсуфіксальна-складаныя прыслоўі

§ 881. Гэтыя прыслоўі складаюцца з дзвюх аднолькавых асноў. Другі, апорны кампанент (аснова назоўніка або парадкавага лічэбніка) мае прэфікс на-: крыж-накрыж, перш-наперш, шыварат-навыварат.

Націск асноўны на другой аснове.

Тып малапрадуктыўны.

Прэфіксальна-суфіксальна-складаныя прыслоўі

§ 882. Прыслоўі з апорным кампанентам — асновай назоўніка, першым кампанентам паў- (скарочаны варыянт слова палавіна), прэфіксамі на-, у- і суфіксамі -у, -а, -ы, -е, аманімічнымі флексіям утваральных назоўнікаў, абазначаюць акалічнасную прымету, якая здзяйсняецца не поўнасцю, а толькі напалавіну: напаўголасу, упаўголаса, напаўнакалу, напаўпаварота, напаўдарозе, напаўсілы.

Націск на другім кампаненце на тым складзе, што і ў адпаведных формах утваральных назоўнікаў.

Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел