Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Націск назоўнікаў жаночага і ніякага роду

§§ 899–920

Націск назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а(-я)

§ 899. Як і ў назоўніках мужчынскага роду, пераважная частка назоўнікаў жаночага роду характарызуецца нерухомым націскам — ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку націск у іх падае на адзін і той жа склад. Нерухомы націск уласцівы амаль 90% двух- і трохскладовых назоўнікаў. Вылучаецца два тыпы нерухомага націску: тып А — нерухомы націск на адным і тым жа складзе асновы і тып В — нерухомы націск на флексіі.

Тып А — назоўнікі з нерухомым націскам на аснове

§ 900. Да акцэнтнага тыпу А належыць каля 1250 двух-, 3500 трох-, 2300 чатырох-, 600 пяці- і 100 шасці-, сямі- і васьміскладовых.

Двухскладовыя назоўнікі: па́льма, па́льмы, па́льме, па́льму, па́льмай (-аю), (на) па́льме, па́льмы, па́льм (-аў), па́льмам, па́льмы, па́льмамі, (на) па́льмах; кве́тка, кве́ткі, кве́тцы, кве́тку, кве́ткай (-аю), (на) кве́тцы, кве́ткі, кве́так, кве́ткам, кве́ткі, кве́ткамі, (на) кве́тках (схема № 4, па́льма).

Акцэнтны тып А складаюць:

1) невытворныя назоўнікі (у тым ліку запазычаныя), якія маюць двухскладовую структуру ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку (каля 420): а́рка, а́рфа, а́стра, ба́ба, ба́за, ба́нда, ба́ржа, бома, бомба, бра́ма, бу́да, ва́та, ві́за, воля, ву́да, гі́ра, глі́на, доля, ка́ра, ла́ва, лі́па, ні́ва, па́льма, па́ня, пломба, по́шта, пра́ца, прэ́са, пу́га, пу́ня, пя́дзя, ра́ма, ра́на, рота, ры́ба, ры́фма, рэ́нта, рэпа, са́кля, сі́ла, сла́ва, соня, су́ка, схе́ма, сцэна, та́кса, ту́ндра, фа́за, фа́ра, фра́за, ха́та, хво́я, ці́на, цэгла, ча́ра, ша́фа, шпора, я́ма і інш.;

2) невялікая група вытворных назоўнікаў (каля 500): бры́тва, грозьба, зме́на, кля́тва, на́зва, ноздра позва, помста, прорва, просьба, пры́зба, рвота, скобля, скры́ня, спёка, спроба, стома, стрэльба, сту́дня, та́йна і інш.;

3) назоўнікі з беглым галосным — галоўным чынам з суфіксамі -ка, -ня (каля 300), якія ва ўсіх формах адзіночнага і ва ўсіх формах, акрамя роднага склону, множнага ліку маюць двухскладовую структуру, а ў родным множнага — трохскладовую: бе́лка, бойня, бочка, бу́рка, вёска, ві́шня, гу́мка, дзе́жка, ду́дка, зорка, ка́зка, ка́пля, кля́мка, лодка, лы́тка, ма́рка, мі́ска, ня́нька, па́лка, пе́сня, пла́шка, плотка, пту́шка, ра́мка, са́мка, сва́рка, све́дка, соска, стрэмка, та́рка, трэска, хвойка, хма́рка, ца́цка, ча́йка, ша́пка і інш.

Адхіленні ад нарматыўнага месца націску нешматлікія. 1. Назоўнікі з суфіксам -ка, у якіх у родным склоне з’яўляецца беглы галосны — грэчка, дзеўка, жонка — у форме назоўнага склону множнага ліку некалькі разоў адзначаны з націскам на флексіі: — Але дзяўкі́ ў цябе добрыя... (А. Васілевіч); Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі́... (Я. Колас); Клункі на межы паклалі жанкі́ (Я. Колас). Такі націск уласцівы для часткі паўднёва-заходніх беларускіх гаворак. У адным выпадку — у А. Васілевіч — назоўнік з флексійным націскам знаходзім у мове аднаго з персанажаў, г. зн. рэгіянальная асаблівасць акцэнтуацыі нясе стылістычную нагрузку — служыць для індывідуалізацыі мовы герояў. Два выпадкі з творчасці Я. Коласа адносяцца да ранняга перыяду творчасці паэта (1910 г.), калі правілы акцэнтуацыі нават не ставіліся на абмеркаванне, а таму пісьменнікі звычайна кіраваліся асаблівасцямі роднай для іх гаворкі.

2. Назоўнік дзеўка ў форме роднага склону множнага ліку некалькі разоў адзначан з націскам на другім складзе асновы — дзявок замест дзе́вак. Тут маем справу з унутрымарфемнай рухомасцю націску — націск застаецца на аснове слова, таму названае адхіленне па характару акцэнтуацыі не пераводзіць слова дзеўка ў іншы акцэнтны тып.

3. Назоўнікі ку́льба, лі́штва ў форме творнага склону адзіночнага ліку сустракаюцца з націскам на флексіі: ...Сівы дзед з кульбою! (Я. Колас); Недзе за ліштвою шчабяталі, вывёўшыся, нядужыя вераб’і (В. Адамчык); вераб’і кожнае вясны вяліся ў акне за ліштвою (В. Адамчык); і вароты, аздобленыя адмысловай ліштвой (І. Чыгрынаў).

§ 901. Трохскладовыя назоўнікі: лі́тара, лі́тары, лі́тару, лі́тарай (-аю), (аб) лі́тары, лі́тары, лі́тар, лі́тарам, лі́тары, лі́тарамі, (аб) лі́тарах; вокладка, вокладцы, вокладку, вокладкай (-аю), (на) вокладцы, вокладкі, вокладак, вокладкам, вокладкі, вокладкамі, (на) вокладках; скульпту́ра, скульпту́ры, скульпту́ры, скульпту́ру, скульпту́рай (-аю), (аб) скульпту́ры, скульпту́ры, скульпту́р, скульпту́рам, скульпту́ры, скульпту́рамі, (аб) скульпту́рах; ала́дка, ала́дкі, ала́дцы, ала́дку, ала́дкай (-аю), (на) ала́дцы, ала́дкі, ала́дак, ала́дкам, ала́дкі, ала́дкамі, (на) ала́дках (схема № 4, лі́тара, бала́да).

У залежнасці ад таго, на які склад прыпадае нерухомы націск (на першы ці другі), трохскладовыя назоўнікі акцэнтнага тыпу А падзяляюцца на дзве групы — Аа і Аб.

Да групы Аа належыць каля 750 назоўнікаў, якія маюць сталы націск на першым складзе:

1) іншамоўнага паходжання: а́мпула, а́мфара, ве́рсія, гра́цыя, ка́тарга, лі́рыка, лі́тара, на́цыя, ну́трыя, опера, оптыка, оргія, па́гада, па́луба, пе́нсія, прэмія, прэрыя, пу́нкцыя, ра́туша, ра́цыя, рэпліка, са́нкцыя, се́кцыя, се́сія, ста́дыя, ста́туя, сту́дыя, та́ктыка, тэхніка, фа́брыка, фа́уна, фу́нкцыя і інш.;

2) вытворныя з суфіксамі -ка, -ачка, -аўка, -іна, -шчына, -іца, -ніца, суфіксальна-прэфіксальныя і прэфіксальныя: ве́рбніца, воспіна, вы́емка, гра́дзіна, за́вязка, за́сланка, зва́дніца, зві́ліна, і́сціна, ла́піна, ле́свіца, ні́тачка, па́зуха, па́ліца, па́ншчына, пе́рлаўка, посніца, пошліна, пра́сніца, пстры́каўка, пя́тніца, розніца, рошчына, ры́біна (разм.), ры́зніца (царк.), са́джалка, се́йбітка, сі́тніца, ска́рбніца, скі́біна, скла́дчына, склочніца, слі́віна, спа́дчына, ста́рыца, та́чачка, трэшчына, хле́бніца, хросніца, цэ́рніца, цётухна, шчы́ліна, я́мінка, я́рыца і інш.; за́суха, за́шмарга, па́сека і інш.;

3) з беглым галосным, які ўзнаўляецца ў форме роднага склону, і словаформа набывае чатырохскладовую структуру: бу́рбалка, вокладка, вопратка, е́лачка, за́вязка, за́тычка, ма́каўка, на́ймічка, на́мітка, на́сыпка, ня́нечка, па́мятка, подвязка, поліўка, порхаўка, посцілка, пры́маўка, се́ялка, скры́начка, ту́мбачка, ша́пачка, я́гадка і інш.

Група Аб уключае каля 2750 назоўнікаў, у якіх націск мае сталае месца на другім складзе асновы. У іх ліку:

1) запазычаныя назоўнікі: ага́ва, ангі́на, анке́та, аорта, арэна, бала́да, бацы́ла, валье́ра, газе́та, гіта́ра, жыра́фа, інтры́га, манса́рда, палі́тра, раке́та, секу́нда, таве́рна, цыстэрна і інш.;

2) невытворныя назоўнікі: асі́на, бяроза, бясе́да, варона, дарога, камора, кана́ва, карова, сарока і інш.;

3) вытворныя назоўнікі суфіксальнага, суфіксальна-прэфіксальнага і прэфіксальнага ўтварэння: бабу́ля, багі́ня, бальні́ца, банда́рня, брусні́ца, будоўля, вужа́ка, вярбі́на, вясёлка, гадзю́ка, грані́ца, дайні́ца, жардзі́на, лаві́на, лісі́ца, маршчы́на, пустэча, пятлі́ца, рагу́ля, раслі́на, свісту́ха,

Месцаразмяшчэнне націску ў назоўніках жаночага роду з канчаткам -а

Схема № 4

Акцэнтны тып A

Акцэнтны тып A: па́льма, лі́тара, бала́да Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; вертыкальная тоўстая лінія абазначае месца націску. 1. Двухскладовыя назоўнікі 2. Трохскладовыя назоўнікі па́льма лі́тара бала́да Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

Схема № 5. Акцэнтны тып B

Акцэнтны тып B: чалма́, каланча́ Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; вертыкальная тоўстая лінія абазначае месца націску. 1. Двухскладовыя назоўнікі 2. Трохскладовыя назоўнікі чалма́ каланча́ Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

святлі́ца, скаці́на, скарбні́ца, сцяжы́нка, сядзі́ба, хаці́на, цяплі́ца і інш.; абла́ва, аблога, абра́за, аб’я́ва, адда́ча, адду́ха, адзна́ка, аздоба, апе́ка, апора, выжа́ра, дапла́та, заба́ва, зава́ла, заве́са, зага́та, заса́да, нава́ла, нара́да, падпора, прыме́та, разда́ча, умова, ухва́ла і інш.; даробка, заба́ўка, зава́рка, заме́тка, запі́ска, надвя́зка, надсе́чка, накі́дка, паве́стка, падбі́ўка, падвозка, паку́пка, пала́тка, паходка, пракла́дка, разме́тка, спасы́лка, уборка і інш.;

4) з беглым галосным: зялёнка, іголка, калы́ска, мача́нка, мяша́лка, наві́нка, сталоўка, сталя́рка, старонка, хаці́нка, цадзі́лка, чацвёрка, чыта́чка, шасцёрка і інш.

Тып В — назоўнікі з нерухомым націскам на канчатку

§ 902. Да акцэнтнага тыпу В належыць каля 80 двухскладовых і каля 60 трохскладовых назоўнікаў: сяўня́, сяўні́, сяўні́, сяўню́, сяўнёй (-ёю), (аб) сяўні́, сяўні́, сяве́нь, сяўня́м, сяўні́, сяўня́мі, (аб) сяўня́х; чалма́, чалмы́, чалме́, чалму́, чалмой (-ою), (аб) чалме, чалмы́, чалмо́ў, чалма́м, чалмы́, чалма́мі, (аб) чалма́х; каланча́, каланчы́, каланчы́, каланчу́, каланчой (-ою), (на) каланчы́, каланчы́, каланчэй, каланчы́, каланча́мі, (на) каланча́х (схема № 5, чалма́, каланча́).

Двухскладовыя назоўнікі: бахча́, брыда́, буза́, бурда́, гайня́, гірса́, губа́ (анат.), жарства́, жуда́, журба́, звягня́, імгла́, імжа́, казна́, парча́, раба́, радня́, сайга́ (заал.), скаба́, скапа́ (заал.), ступа́ (поступ), сяўня́ (абл.), тайга́, тамга́ (гіст.), тафта́ (тэкст.), тахта́, трайня́ (аб дзецях), траста́ (с.-г.), туга́, фата́, фіта́, хада́, хадзьба́, халва́, хамса́, хандра́, чалма́, шаша́ і інш.

Трохскладовыя назоўнікі: біруза́, каланча́, мітусня́, паляя́ (гіст., літ.), пападдзя́, паранджа́, парахня́, пасціла́, пахвала́, піяла́, прамізна́, пяцярня́, размазня́, саранча́ (уст.), семярня́ (абл.), серада́, сівізна́, скупянда́, сумятня́, траскатня́, тупатня́, фістула́, чайхана́, чараміша́ (бат.), чахарда́, часуча́ і інш.

Большасць прыведзеных слоў не мае форм множнага ліку ці яны рэдка ўжываюцца.

Тып D — назоўнікі з рухомым націскам

§ 903. Назоўнікі акцэнтнага тыпу D ва ўсіх формах адзіночнага ліку маюць націск на флексіі, а ў формах множнага ліку — на аснове: вярба́, вярбы́, вярбе́, вярбу́, вярбою (-о́й), (на) вярбе́, ве́рбы, ве́рбаў, ве́рбам, ве́рбы, ве́рбамі, (на) ве́рбах; галіна́, галіны́, галіне́, галіну́, галіною (-о́й), (на) галіне́, галі́ны, галі́н, галі́нам, галі́ны, галі́намі, (на) галі́нах (схема № 6, вярба́, галіна́).

Да акцэнтнага тыпу D належыць ≈100 двухскладовых і каля 60 трохскладовых назоўнікаў: абза́, арба́, арда́ (гіст.), аса́, блыха́, блюзна́, брахня́, бяга́, бяда́, вага́, вада́, вайна́, віна́, вярба́, вясна́, вяха́, гара́, града́, граза́, графа́, грызня́, гульба́, гульня́, дзіра́, дзяльба́, дуга́, дуда́, душа́, жаўна́, жняя́, зара́, зіма́, злаба́, змяя́, зямля́, ігра́, каза́, капа́, кара́, каса́, касьба́, кума́, ладдзя́, лаза́, ліса́, лука́, мука́, мяжа́, мяздра́, нага́, нара́, нуда́, пальба́, пара́, парша́, пасьба́, піла́, пліта́, плява́, пурга́, пчала́, пянька́, пята́, разьба́, рака́, ралля́, раса́, раўня́, руда́, рука́, сава́, сасна́, сафа́, саха́, свіння́, скала́, слата́, слюда́, сляза́, смала́, смуга́, стапа́, страла́, стральба́, страфа́, страха́, струна́, ступня́, сурма́, сцяна́, сям’я́, сястра́, сяўба́, тасьма́, трава́, трайня́, труба́, труна́, тура́ (шахм.), цана́, царква́, цясла́, чарга́, чума́, шкала́, шляя́, шчака́, язда́;

асака́, барада́,

У кнізе схема змешчана ў пераносе слова «барада́»; тут яна пададзена пасля цэлага слова.

Схема № 6. Акцэнтны тып D

Акцэнтны тып D: вярба́, галіна́ Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; вертыкальная тоўстая лінія абазначае месца націску. 1. Двухскладовыя назоўнікі 2. Трохскладовыя назоўнікі вярба́ галіна́ Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

бузіна́, булава́, валтузня́, варажба́, галіна́, глыбіня́, грамада́, грубіня́, грукатня́, дабрыня́, жаўцізна́, лазіна́, макрата́, малацьба́, навіна́, нераўня́, паласа́, памаўза́ (разм.), паўната́, прастата́, прасціня́, пустата́, рабізна́, рэзеда́ (бат.), свалата́, свідзіна́ (бат.), сіпата́, слабіна́, слепата́, слізгата́, смаліна́, смехата́ (разм.), спарыня́, старана́, страказа́, страхата́ (разм.), сухата́, талака́, танката́, таўшчыня́, удава́, хрыпата́, цаліна́, цемната́, цеплыня́, цесната́, цеціва́, ціхата́, цішыня́, чапяла́, чарада́, чарната́, частата́, чашчыня́, чысціня́, шырата́ (геагр.), шырыня́, ясната́.

Для двухскладовых назоўнікаў акцэнтнага тыпу D адзначаны адхіленні: 1. Тыповае для многіх з іх — вада, вясна, гара, дачка, душа, зіма, зямля, каса, нага, нара, пара, рука, саха, скаба, страха, сцяна, шчака — адхіленне ад нарматыўнага месца націску ў форме вінавальнага склону адзіночнага ліку (на флексіі) — націск на аснове: воду, у воду, па воду (Ф. Багушэвіч, В. Адамчык, Я. Колас, П. Трус), ве́сну (В. Адамчык, Я. Колас, П. Місько, Б. Сачанка, Цётка), го́ру (В. Адамчык, Ф. Багушэвіч, Я. Колас, К. Чорны), ду́шу (Я. Колас, М. Лужанін), зе́млю (У. Карпаў, Я. Колас, І. Шамякін), косу (Я. Колас), ногу (В. Казько, Я. Колас, А. Пысін), нору (В. Адамчык), пору (В. Адамчык, Я. Брыль, А. Жук, Я. Колас), соху (Я. Колас), скобу (В. Адамчык), сце́ну (Я. Колас, Б. Сачанка), шчоку (В. Адамчык).

2. Для назоўнікаў вярба, гара, сляза, спіна, страха зафіксаваны адхіленні і ў некаторых іншых формах парадыгмы: ве́рбай (А. Карпюк), на ве́рбе (Ф. Багушэвіч, Р. Мурашка), гара́м (М. Клімковіч), гара́мі (А. Васілевіч, А. Зарэцкі, Я. Колас, А. Пальчэўскі, Б. Сачанка), па гара́х (А. Асіпенка, З. Бядуля), слязьмі́ (В. Казько), у сляза́х (Б. Сачанка), за спіною (В. Адамчык, Т. Бондар, А. Васілевіч, П. Місько, В. Хомчанка), стрэху (Я. Колас, П. Трус), на стрэ́се (Я. Колас).

У трохскладовых назоўніках барана, галава адзначаны адхіленні ад нарматыўнага націску ў формах вінавальнага склону адзіночнага ліку і назоўнага і вінавальнага склонаў множнага ліку: борану (Я. Колас), голаву (Я. Колас), голаў (В. Адамчык, А. Александровіч, М. Аўрамчык, Р. Барадулін, А. Бачыла, В. Быкаў, З. Бядуля, М. Вышынскі, Ц. Гартны, С. Гаўрусёў, Л. Геніюш, П. Глебка, М. Губернатараў, А. Дзятлаў, У. Дубоўка, А. Жук, Х. Жычка, П. Кавалёў, В. Карамазаў, К. Кірэенка, Я. Колас, А. Кулакоўскі, А. Куляшоў, Я. Купала, М. Лынькоў, М. Маляўка, М. Парахневіч, Р. Сабаленка, Я. Скрыган, М. Стрыгалёў, Р. Тармола, М. Федзюковіч, В. Хомчанка, А. Чарнышэвіч, Хв. Чэрня, С. Шушкевіч, Я. Янішчыц), голавы, на голавы (Я. Колас).

Спарадычна сустракаюцца ненарматыўныя варыянты для назоўнікаў крапіва, навіна, паласа, сірата, чарада: крапі́ва (Я. Янішчыц), крапі́вай (І. Пташнікаў), наві́на (Я. Колас), наві́най (Я. Колас), палоса (В. Хомчанка), палосу (Л. Дайнека), палосай (-аю) (В. Хомчанка), у палосе (Л. Дайнека), сі́раты (С. Грахоўскі, Я. Колас), чарада́мі (Я. Колас).

Націск назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам

§ 904. У назоўніках жаночага роду з нулявым канчаткам вылучаюцца два акцэнтныя тыпы — А і С.

Тып А — назоўнікі з нерухомым націскам на аснове

§ 905. Да акцэнтнага тыпу А належыць каля 3050 аднаскладовых, двухскладовых і трохскладовых назоўнікаў.

§ 906. Аднаскладовыя назоўнікі ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку маюць націск на першым складзе слова: мазь, ма́зі, ма́зі, мазь, ма́ззю, (аб) ма́зі, ма́зі, ма́зей і ма́зяў, ма́зям, ма́зі, ма́зямі, (аб) мазях (схема № 7, мазь). У акцэнтны тып уваходзяць назоўнікі: быль, бязь, верф, восць, вось, вош, вязь, гаць, гладзь, глуш, глыб, гніль, гразь, грызь, даль, дзель, дрож, дрэнь, жоўць, здань, золь, кадзь, кладзь, лань, мазь, медзь, мель, моль, муць, мысль і інш.

§ 907. Двухскладовыя назоўнікі ў залежнасці ад месца націску (на першым ці на другім складзе асновы) падзяляюцца на дзве групы — Аа і Аб. Назоўнікі акцэнтнай групы Аа ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку маюць націск на першым складзе слова: га́вань, га́вані, га́вані, га́вань, га́ванню, (у) га́вані, га́вані, га́ваней і га́ваняў, га́ваням, га́вані, га́ванямі, (у) га́ванях, а назоўнікі акцэнтнай групы Аб — на другім складзе слова: арце́ль, арце́лі, арце́лі, арце́ль, арце́ллю, (у) арце́лі, арце́лі, арце́лей і арце́ляў, арце́лям, арце́лі, арце́лямі, (у) арце́лях.

Групу Аа складаюць назоўнікі, у якіх ва ўсіх формах націск падае на першы склад асновы: бе́здань, боязь, бры́дасць, ва́ртасць, ве́рнасць, ве́чнасць, вольнасць, восень, восець, га́вань, гі́бель, гні́ласць, горасць, горыч, е́днасць, е́рась, жу́дасць, жу́хласць, жы́ўнасць, за́вадзь, за́вязь, за́едзь, за́мець, за́сень, зе́лень, лі́тасць, лотаць, ма́рнасць, му́драсць, мя́каць, на́ледзь, на́мець, не́мач, не́руш, не́цель, не́чысць і інш.

Да групы Аб адносяцца назоўнікі з націскам на другім складзе асновы: арце́ль, асе́ць, вані́ль, газе́ль, гарта́нь, далонь, кансоль, кішэнь, лату́нь, макрэль, мара́ль, мігрэнь і інш.

§ 908. Трохскладовыя назоўнікі ў залежнасці ад складу, на які падае націск, падзяляюцца на акцэнтныя групы — Аа, Аб і Ав.

Групу Аа складаюць назоўнікі з націскам ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку на першым складзе асновы: водпаведзь, водпаведзі, водпаведзі, водпаведзь, водпаведдзю, (аб) водпаведзі, водпаведзі, водпаведзей і водпаведзяў, водпаведзям, водпаведзі, водпаведзямі, (аб) водпаведзях. Сюды належаць назоўнікі водпаведзь, жудаснасць,

Месцаразмяшчэнне націску ў назоўніках жаночага роду з нулявой флексіяй

Схема № 7. Акцэнтны тып A

Акцэнтны тып A: мазь, няду́жасць, карусе́ль Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; тоўстыя вертыкальныя лініі абазначаюць месца націску. 1. Аднаскладовыя назоўнікі 2. Трохскладовыя назоўнікі мазь няду́жасць карусе́ль Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

Схема № 8. Акцэнтны тып C

Акцэнтны тып C: гусь, вобласць Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; тоўстыя вертыкальныя лініі абазначаюць месца націску. 1. Аднаскладовыя назоўнікі 2. Двухскладовыя назоўнікі гусь вобласць Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

за́гарадзь, зношанасць, і́нахадзь, на́маразь, не́навісць, не́пагадзь і інш.

Групу Аб складаюць назоўнікі з націскам ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку на другім складзе асновы: агу́льнасць, агу́льнасці, агу́льнасці, агу́льнасць, агу́льнасцю, (пры) агу́льнасці, агу́льнасці, агу́льнасцей, агу́льнасцям, агу́льнасці, агу́льнасцямі, (пры) агу́льнасцях. Да групы належаць назоўнікі аб’ёмнасць, абстра́ктнасць, агу́льнасць, бурлі́васць, бяспе́чнасць, гаротнасць, гаю́часць, грунтоўнасць, заба́йнасць, заня́тасць, заці́шнасць, зласлі́васць, нагля́днасць, нагрэтасць, надзе́йнасць, наі́ўнасць, напе́ўнасць, народнасць, натхнёнасць, наха́бнасць, нервовасць, нікчэмнасць, нудлі́васць, няба́чнасць, няві́ннасць, нядба́йнасць, нядба́ласць, няду́жасць, няёмкасць, нязбы́тнасць, няздольнасць, нязме́рнасць, нязру́чнасць, няке́мнасць, няпэўнасць, няспе́ласць, няўлоўнасць, нячу́йнасць, няя́снасць і інш.

У групу Ав уваходзіць некалькі назоўнікаў з націскам на трэцім складзе асновы: вертыка́ль, вертыка́лі, вертыка́лі, вертыка́ль, вертыка́ллю, (аб) вертыка́лі, вертыка́лі, вертыка́лей і вертыка́ляў, вертыка́лям, вертыка́лі, вертыка́лямі, (аб) вертыка́лях. Сюды належаць назоўнікі вермішэль, вертыка́ль, весялосць, каніце́ль, караме́ль, карусе́ль і інш. (схема № 7, карусе́ль).

Тып С — назоўнікі з рухомым націскам

§ 909. Назоўнікі акцэнтнага тыпу С у формах адзіночнага ліку і ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў множнага ліку маюць націск на аснове, а ва ўскосных формах множнага ліку — на флексіі: гусь, гу́сі, гу́сі, гусь, гу́ссю, (аб) гу́сі, гу́сі, гусе́й, гуся́м, гусе́й, гуся́мі, (аб) гуся́х; вобласць, вобласці, вобласці, вобласць, вобласцю, (у) вобласці, вобласці, абласце́й, абласця́м, вобласці, абласця́мі, (у) абласця́х (схема № 8, гусь, вобласць).

Да акцэнтнага тыпу С належыць каля 40 аднаскладовых назоўнікаў: весць, гусь, кісць, клець, косць, масць, мыш, ноч і інш., і каля 130 двухскладовых назоўнікаў: вобласць, воласць, крэпасць, ле́бедзь і інш.

Адхіленні ад нарматыўнага націску адзначаны толькі для слоў косць, ноч у формах роднага і меснага склонаў адзіночнага ліку: да начы́ (А. Васілевіч, С. Гаўрусёў, М. Лужанін), у начы́ (В. Карамазаў, В. Хомчанка).

Для некаторых назоўнікаў жаночага роду ў творах мастацкай літаратуры назіраюцца марфалагічныя варыянты, якія належаць да розных тыпаў скланення, а ў сувязі з гэтым адрозніваюцца акцэнтуацыяй у формах парадыгмы. Адзін з членаў пары марфалагічных варыянтаў належыць да лексікі літаратурнай мовы, а другі з’яўляецца рэгіяналізмам, напрыклад далонь — даланя́. Формы парадыгмы захоўваюць націск назоўнага склону, утвараючы, такім чынам, два рады марфалагічных форм і два акцэнтныя рады: далонь — даланя́, далоні — далані́, далонь — даланю́, далонню, далоняй — даланёй. Такім чынам, у дакладным сэнсе слова гэта не акцэнтныя варыянты аднаго слова, а самастойныя рады розных пачатковых форм.

Некалькі ілюстрацый:

Далонь — даланя: Была гэтая яго даланя і цёплая і халодная (В. Казько).

Далонь, далоню — даланю: Маці моўчкі выцягнула з-пад коўдры руку .. і паклала лёгкую празрыстую далоню на яго галаву (І. Шамякін); Захар’я .. задаволена паклаў на Лецечкаву галаву даланю (В. Казько); Было нават відаць, як над круглым, з даланю, лобам рассыпаліся на рад нястрыжаныя валасы (І. Пташнікаў).

Далоняй — даланёй: Кандыбовіч зграбаў далоняй снег і клаў у рот (І. Мележ); Слёзы .. выціраў далоняй, забыўшыся на насоўку (І. Шамякін); даланёй пацёр збялелы твар (Г. Бураўкін); І Захар’я прыгнеў даланёю Лецечкаву галаву (В. Казько); пачаў церці шурпатай даланёй свой шырокі лоб (М. Машара); церабіўся, цёр даланёй чырвоную шчаку (І. Пташнікаў).

На далоні — далані: бярэ ў голую руку чырвоны вугаль, круціць яго на далані (І. Пташнікаў).

Кішэнь, кішэня — кішаня. З кішэні — кішані: Ён зусім забыўся, што дастаў з кішані асколкі і нясе ў руцэ (І. Пташнікаў).

Кішэню — кішаню: неўзаметку клала Сяргею ў нагрудную кішэню дзесятку (В. Адамчык).

У кішэні — кішані: Што ў кішані, у мяне, лічы, да ўсіх дзвярэй ключы (М. Лужанін).

З кішэнямі — кішанямі: Такога пінжака, чорнага, доўгага, з чатырма кішанямі, у іх не было (І. Пташнікаў).

Націск назоўнікаў ніякага роду

Назоўнікі ніякага роду ў залежнасці ад месца націску размяркоўваюцца ў тры акцэнтныя тыпы — А, В і С.

Тып А — назоўнікі з нерухомым націскам на аснове

§ 910. Да акцэнтнага тыпу А належаць двух-, трох- і чатырохскладовыя назоўнікі, у якіх ва ўсіх формах адзіночнага і множнага ліку націск нерухомы — падае на той жа склад асновы, што і ў пачатковай форме: ме́сца, ме́сца, ме́сцу, ме́сца, ме́сцам, (на) ме́сцы, ме́сцы, ме́сцаў, ме́сцам, ме́сцы, ме́сцамі, (на) ме́сцах; глі́нішча, глі́нішча, глі́нішчу, глі́нішча, глі́нішчам, (на) глі́нішчы, глі́нішчы, глі́нішчаў, глі́нішчам, глі́нішчы, глі́нішчамі, (на) глі́нішчах; вясе́лле, вясе́лля, вясе́ллю, вясе́лле, вясе́ллем, (на) вясе́ллі, вясе́ллі, вясе́лляў, вясе́ллям, вясе́ллі, вясе́ллямі, (на) вясе́ллях (схема № 9, ме́сца, глі́нішча, вясе́лле).

У акцэнтны тып А ўваходзяць: каля 100 двухскладовых назоўнікаў: бі́ла, бёрда, блю́да, бру́ха, бру́шка (ад бруха), ве́ка, войска, вочка, ву́сце (ракі), ву́шка, гора, горла, джа́ла, дзі́ва, дрэва, дрэўца, жэрла, збожжа, зе́лле, зе́рне, кола, крэсла, лі́ха, лона, лы́ка, лю́стра, ля́да, ма́сла, ме́сца, млі́ва, мора, мы́ла, мя́ла, пе́кла, пі́ва, сі́та, свя́та, слова, стойла, це́ла, фу́тра, шу́ла і інш.;

Каля 4300 трохскладовых назоўнікаў, сярод якіх прыкладна 50% належыць да групы Аа: ба́чанне, бе́жанства, бу́льканне, ве́шала, ве́янне, возніцтва, волава, ворыва, вэнджанне, глі́нішча, за́рыва, за́ткала, зя́бліва, ка́ліва, ку́рыва, логава, ма́рыва, пра́віла, ту́лава і інш., і каля 50% — да групы Аб: бунта́рства, бурча́нне, бязве́р’е, бязволле, бярэмя, варэнне, відовішча, вудзі́льна,

Месцаразмяшчэнне націску ў назоўніках ніякага роду

Схема № 9. Акцэнтны тып A

Акцэнтны тып A: ме́сца, глі́нішча, вясе́лле Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; тоўстыя вертыкальныя лініі абазначаюць месца націску. 1. Двухскладовыя назоўнікі 2. Трохскладовыя назоўнікі ме́сца глі́нішча вясе́лле Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

Схема № 10. Акцэнтны тып B

Акцэнтны тып B: азярцо Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; тоўстая вертыкальная лінія абазначае месца націску. азярцо Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

Схема № 11. Акцэнтны тып C

Акцэнтны тып C: вясло, бервяно Схема склонавых форм адзіночнага і множнага ліку; тоўстыя вертыкальныя лініі абазначаюць месца націску. вясло бервяно Н Р Д В Т М Н Р Д В Т М

вужы́шча, вядзе́рца, вясе́лле, гале́нне, геройства, грабі́льна, даве́р’е, жада́нне, жале́за, жаля́зка, журча́нне, жыўле́нне, забойства, загор’е, зада́нне, зацьме́нне, згаранне́, згаса́нне, здарэнне, зубі́ла, кале́на, кары́та, майстэрства, мястэчка, прыгоства, убра́нства, цапі́льна, сяброўства і інш.;

Каля 100 чатырохскладовых назоўнікаў: бульбя́нішча, малодзіва, балява́нне, безгалоўе, бездарожжа, беззяме́лле, безула́ддзе, браканье́рства, будаўні́цтва, запыта́нне, малява́нне, матаві́ла, перавя́сла, становішча і інш.

Адхіленні ад нормы адзначаны для слоў балота, воблака, грабі́льна, касі́льна, пачу́цце, сне́данне: балаты́ (Я. Колас), аблокі (Я. Брыль, П. Прануза), аблокаў (Я. Брыль), грабільном (І. Пташнікаў), касільно (І. Пташнікаў), пачуццё (І. Чыгрынаў), з пачуццём (А. Васілевіч), сняда́нне (Р. Барадулін).

Тып В — назоўнікі з нерухомым націскам на канчатку

§ 911. У акцэнтны тып В уваходзяць назоўнікі, у якіх у формах адзіночнага і множнага ліку націск падае на канчатак: азярцо, азярца́, озярцу́, азярцо, азярцом, (на) азярцы́, азярцы́, азярцоў, азярца́м, азярцы́, азярца́мі, (на) азярца́х (схема № 10, азярцо). Да гэтага тыпу належаць аднаскладовыя назоўнікі дно, тло, шво, шкло; двух- і трохскладовыя — азярцо, жытцо, забыццё, закрыццё і інш.

Тып С — назоўнікі з рухомым націскам

§ 912. Да акцэнтнага тыпу С належаць назоўнікі, у якіх у формах адзіночнага ліку націск падае на канчатак, а ў формах множнага ліку — на аснову: вясло, вясла́, вяслу́, вясло, вяслом, (на) вясле́; вёслы, вёслаў і вёсел, вёслам, вёслы, вёсламі, (на) вёслах; бервяно, бервяна́, бервяну́, бервяно, бервяном, (на) бервяне́, бярвёны, бярвёнаў, бярвёнам, бярвёны, бярвёнамі, (на) бярвёнах (схема № 11, вясло, бервяно).

Акцэнтны тып складаюць: двухскладовыя назоўнікі акно, брыво, бяльмо, бядро, валлё, віно, вядро, вясло, гняздо, гумно, дзіця́, дупло, жніво, жытцё, звяно, зяло, кайло, кап’ё, кассё, кляймо, крыло, крысо, лязо, пісьмо, плячо, пяро, рабро, ружжо, сцябло, сядло, сяло, яйцо, ярмо; трохскладовыя назоўнікі бервяно, буслянё, валакно, варанё, верацяно, вужанё, жарабё, зайчанё, малако; чатырохскладовыя назоўнікі верацяно і інш.

Асаблівасці акцэнтуацыі слова дзіця́. У творным склоне адзіночнага ліку ўжываецца з дваякім націскам: дзіцём і дзі́цем.

Дзіцём і дзіцем: У свет прыходзіць за дзіцём дзіця (С. Грахоўскі); А гады тры назад была дзяўчынкай, нават дзіцём (Л. Дайнека); І з дзіцём сваім, сынам.. Нарадзіла — і сястры аддала (Б. Сачанка); Мама хадзіла дзіцём (В. Адамчык); На другім годзе пачалася Марыля першым дзіцем (Я. Брыль); А жонка з дзіцем вось тут, дома (В. Казько); Перад сабою ён няўмела насіў.. скрутачак з дзіцем (П. Місько); Хацелася ведаць, што далей было і з тым дзіцем (Б. Сачанка).

Тып C1 — назоўнікі з рухомым націскам

§ 913. У акцэнтны тып C1 уваходзяць назоўнікі вока, ву́ха, якія ва ўсіх формах адзіночнага ліку і ў назоўным і вінавальным склонах множнага ліку маюць націск на аснове, а ў формах іншых склонаў множнага ліку — на флексіі: вока, вока, воку, вока, вокам, (на) воку, вочы, вачэ́й, вача́м, вочы, вача́мі (вачы́ма), (на) вачах; ву́ха, ву́ха, ву́ху, ву́ха, ву́хам, (на) ву́ху, ву́шы, вушэ́й, вуша́м, ву́шы, вуша́мі, (на) вуша́х.

Націск множналікавых назоўнікаў

§ 914. Каля 200 назоўнікаў (93%), якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, маюць нерухомы націск на аснове — г. зн. належаць да акцэнтнага тыпу А. У іх ліку каля 70 двухскладовых, каля 100 трохскладовых, і каля 30 чатырохскладовых. У залежнасці ад таго, на якім складзе націск (на першым, другім, трэцім і г. д.), вылучаюцца групы Аа, Аб, Ав, Аг.

У групу Аа ўваходзіць прыкладна 65—70 двухскладовых назоўнікаў: ба́бкі, ба́рмы (гіст.), ве́ды, ві́лкі, ві́лы, восці, ву́сны, га́зы, гоні, гра́блі, грошы, гу́лі, гу́слі, дра́бы, дровы, дро́жджы, дрожкі, з’е́дкі, зе́кры, злі́ўкі, зра́зы, зрэнкі, ка́дры, козлы, кру́пы, ку́длы (праст.), ла́ты (вайск.), ловы (уст.), ма́йткі, мошчы (царк., перан.), на́ры, ножны, ночвы, па́нты, пе́ксы (спарт.), пе́сты (разм.), пла́ўкі, пла́ўні, порткі, пя́льцы, свя́тцы (царк.), скокі, слёзкі (бат.), сме́шкі, соты, спа́дкі (разм.), спі́ткі, су́ткі, сходкі, сходы, сховы, тройні, фля́кі (кул.), ця́глі, ча́ры, ша́лі, ша́ты, ша́шні, шка́нцы (мар.), шоры, шхе́ры (геагр.), я́слі і інш.; каля 30 трохскладовых: ве́сніцы, водведкі, водведы, воплескі, вы́бары, вы́грабкі, вы́мудры, вы́садкі, вы́селкі, вы́скваркі, дры́жыкі, жа́ртачкі, коляды і каля́ды, могілкі, па́часкі, пі́кулі (кул.), попрадкі, поцемкі, пошукі, провады, пры́гаршчы, рэзгіны, тру́сікі, ха́ханькі, ходзікі (разм.), чэсанкі, ша́хматы, шолудзі і інш.; некалькі чатырохскладовых: вы́перадкі і інш.

Групу Аб складаюць каля 65 трохскладовых назоўнікаў: абды́мкі, абні́мкі, абоі, адкі́ды, адкла́ды (геал., біял.), адходы (тэхн.), аковы, ана́лы, ачы́сткі, вані́ты, вароты, вячоркі, гастролі, грымоты, даброты, дажы́нкі, дасе́ўкі, дзівосы, дубэльты, жаду́нкі, задворкі, зажы́нкі, залёты, запя́ткі, засе́ўкі, кальсоны, каноплі, кансе́рвы, картэсы, кару́нкі, кура́нты, лагожы, ляшчоткі, мана́ткі, насі́лкі, нача́ткі, начоўкі, пабоі, паджы́лкі, падмосткі, падонкі, пампа́сы (геагр.), парэнчы, пена́ты, пісьмёны, плея́ды (астр.), прыса́ды, рабя́ты, разва́лкі, румя́ны, рэйту́зы, справу́нкі, сутокі, сухоты, угодкі (уст.), усходы, уцёкі, фіна́нсы, хаўту́ры, цымба́лы, цянёты, шчыке́ты і інш., некалькі чатырохскладовых: абста́віны, агле́дзіны, апоўзіны, праводзіны, чале́снікі і інш.

Да групы Ав належыць каля 25 чатырохскладовых назоўнікаў: акуля́ры, акцябры́ны, аліме́нты, выкрунта́сы, гарашы́ны, дамалоткі, забабоны, імяні́ны, клавікорды (муз.), мемуа́ры, мірыя́ды, нагаві́цы, недабі́ткі, недапі́ткі, недапі́ўкі, непала́дкі, паліме́ры, пацягу́шкі, пацяробкі, перасме́шкі, перашэ́пты, сарачы́ны (уст.), шарава́ры і інш.; некалькі пяціскладовых: перавы́бары, хіміка́ліі і інш.

§ 915. Да акцэнтнага тыпу В — сталы націск на флексіі ва ўсіх формах множнага ліку — належыць 6 двухскладовых і 6 трохскладовых назоўнікаў: брусы́, брыжы́, ваўчкі́ (бат.), духі́, трусы́, штаны́; абцугі́, калдуны́ (кул.), нелады́, паддаўкі́, пасталы́ (абл.), шчыпцы́.

§ 916. Да акцэнтнага тыпу С — націск на аснове ў форме назоўнага — вінавальнага склона і на флексіі — у формах астатніх склонаў — належаць назоўнікі гру́дзі, са́ні — грудзе́й, сане́й, грудзя́м, саня́м, гру́дзі, са́ні, грудзьмі́ і грудзя́мі, саньмі́ і саня́мі, (аб) грудзя́х, (у) саня́х. Адхіленні сустракаюцца ў формах давальнага, творнага і меснага склонаў, у якіх назіраецца перасоўванне націску на першы склад.

Размеркаванне назоўнікаў па акцэнтных тыпах

§ 917. Акцэнтны тып А уключае:

1. Каля 8500 назоўнікаў мужчынскага роду: у іх ліку каля 600 аднаскладовых, 3400 двухскладовых, 3000 трохскладовых, 1100 чатырохскладовых, 200 пяці- і шасціскладовых (§ 887—891).

2. Больш за 7500 назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а, сярод якіх каля 1250 двухскладовых, 3500 трохскладовых, 2300 чатырохскладовых, 600 пяціскладовых і 100 шасці-, сямі- і васьміскладовых (§ 899—901).

3. Больш за 3000 назоўнікаў жаночага роду з нулявой флексіяй, з якіх каля 40 аднаскладовых і каля 3000 двух-, трох-, чатырох-, пяці- і шасціскладовых (§ 905—908).

4. Каля 4500 назоўнікаў ніякага роду, у ліку якіх каля 100 двухскладовых, 4300 трохскладовых, 100 чатырохскладовых (§ 910).

5. Каля 190 множналікавых назоўнікаў (§ 914).

§ 918. Акцэнтны тып В уключае:

1. Каля 1500 назоўнікаў мужчынскага роду, з якіх каля 125 аднаскладовых, 970 двухскладовых, 300 трохскладовых, 100 чатырохскладовых (§ 892—894).

2. Каля 140 назоўнікаў жаночага роду на -а, з якіх каля 80 двухскладовых і 60 трохскладовых (§ 902).

3. Каля 40 назоўнікаў ніякага роду (§ 911).

4. Каля 15 множналікавых назоўнікаў (§ 915).

§ 919. Акцэнтны тып С уключае:

1. Больш за 300 назоўнікаў мужчынскага роду, сярод якіх каля 190 аднаскладовых і 115 двухскладовых (§ 895—897).

2. Каля 170 назоўнікаў жаночага роду з нулявой флексіяй (§ 909).

3. Каля 100 назоўнікаў ніякага роду (§ 912).

4. Множналікавыя назоўнікі грудзі, сані (§ 916).

Акцэнтны тып С1 уключае:

1. Назоўнікі мужчынскага роду вус, зуб, рог (у жывёліны) (§ 898).

2. Назоўнікі ніякага роду вока, вуха (§ 913).

§ 920. Акцэнтны тып D уключае:

1. Назоўнік мужчынскага роду конь (§ 898).

2. Каля 160 назоўнікаў жаночага роду на -а, з якіх каля 100 двухскладовых і 60 трохскладовых (§ 903).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел