Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Націск прыметнікаў, лічэбнікаў і займеннікаў

§§ 921–936

Націск прыметнікаў

§ 921. Для прыметнікаў характэрны нерухомы націск, г. зн. месца націску ў слове не мяняецца пры змяненні граматычных форм прыметніка. У словаформах прыметніка націск можа быць на аснове (корані ці суфіксе) або на канчатку: бе́лы, бе́лага, бе́ламу, бе́лым, (аб) бе́лым, бе́лая, бе́лай, бе́лую, бе́лай, (аб) бе́лай, бе́лыя, бе́лых, бе́лым, бе́лымі, (аб) бе́лых; квяці́сты, квяці́стага, квяці́стаму, квяці́стым, (аб) квяці́стым, квяці́стая, квяці́стай, квяці́стую, квяці́стай, (аб) квяці́стай, квяці́стыя, квяці́стых, квяці́стым, квяці́стымі, (аб) квяці́стых; жывы́, жывога, жывому, жывы́м, (аб) жывы́м, жыва́я, жывой, жыву́ю, жывой, (аб) жывой, жывы́я, жывы́х, жывы́м, жывы́мі, (аб) жывы́х.

У большасці выпадкаў у працэсе маўлення не ўзнікае ніякіх цяжкасцей адносна месца націску ў канкрэтным слове. Толькі для некаторых прыметнікаў адзначаны акцэнтныя варыянты, якія з’яўляюцца рознымі па значэнню, напрыклад: не́мы (пра крык, голас) і нямы́ (пра чалавека). Акцэнтныя варыянты могуць паяўляцца таксама пад уздзеяннем дыялектнай мовы або акцэнталагічнай сістэмы рускай мовы.

Усе поўныя прыметнікі па характару націску дзеляцца на два акцэнтныя тыпы: А і В. Прыметнікі акцэнтнага тыпу А характарызуюцца нерухомым націскам на аснове ва ўсіх склонавых формах адзіночнага і множнага ліку: добры, -ая, -ае, добрага, -ай, добраму, -ай ...добрыя, добрых, добрым... Прыметнікі акцэнтнага тыпу В характарызуюцца нерухомым націскам на канчатку: малы́, -а́я, -ое, малога, -ой, малому, -ой ...малы́я, малы́х, малы́м...

Націск невытворных прыметнікаў

Акцэнтны тып А

§ 922. Прыметнікі акцэнтнага тыпу А ў залежнасці ад месца націску падраздзяляюцца на два падтыпы: Аа і Аб.

Да падтыпу Аа адносяцца прыметнікі з націскам на першым складзе, да падтыпу Аб — прыметнікі з націскам на другім складзе.

Падтып Аа ўключае большасць прыметнікаў з аднаскладовай каранёвай марфемай: бе́лы, борзды, босы, бу́ры, бы́стры, ва́жны, востры, вя́зкі, гла́дкі, гожы, голы, годны, горды, грозны, горкі, дзі́кі, доўгі, добры, ду́жы, ду́шны, жоўты, зоркі, зы́бкі, зы́чны, ка́ры, кволы, кі́слы, кру́глы, ла́сы, ле́вы, лёгкі, лі́шні, лы́сы, лю́ты, ме́ткі, мёртвы, мі́лы, многія, мокры, му́дры, мя́ккі, ні́цы, новы, пе́шы, позні, полы, поўны, пра́вы, просты, пры́кры, прэсны, пы́шны, пэўны, п’я́ны, розны, роўны, ру́сы, ры́жы, ры́хлы, рэдкі, рэзвы, рэзкі, све́жы, све́тлы, сі́ні, сі́плы, скоры, скромны, сла́бы, слі́зкі, сме́лы, сму́глы, ста́тны, строгі, стройны, стромы, сы́ты, тлу́сты, тонкі, тоўсты, убогі, хворы, хі́тры, хму́ры, хра́бры, цвёрды, це́сны, цёмны, цёплы, ці́хі, цэ́лы, ця́жкі, ча́сты, чорны, чы́сты, чэсны, шу́стры, шчодры, шчы́ры, шы́зы, шэры, ю́ны, я́ркі, я́сны, я́ўны і некаторыя іншыя.

Падтып Аб уключае частку прыметнікаў з двухскладовай каранёвай марфемай: бадзёры, высокі, вялі́кі, вясёлы, гара́чы, гатовы, далёкі, зая́длы, здаровы, знаёмы, зялёны, кароткі, карта́вы, наі́ўны, падобны, пану́ры, румя́ны, салёны, салі́дны, салодкі, сярэдні, цвярозы, шырокі і некалькі іншых.

У прыметніку ме́зіны націск прыходзіцца на першы склад кораня.

Акцэнтны тып В

§ 923. Да акцэнтнага тыпу В адносяцца:

1) прыметнікі з аднаскладовай каранёвай марфемай: благі́, глухі́, густы́, другі́, дурны́, жывы́, злы́, круты́, крывы́, ліхі́, малы́, прамы́, пусты́, рабы́, руды́, святы́, скупы́, сляпы́, стары́, сыры́, тугі́, тупы́, худы́, чужы́ і некалькі іншых;

2) прыметнікі з двухскладовай каранёвай марфемай: вараны́, дарагі́, залаты́, малады́, халасты́ і некалькі іншых.

Націск вытворных прыметнікаў

§ 924. Большасць прыметнікаў з’яўляюцца вытворнымі. Яны ўтварыліся і ўтвараюцца ў наш час пры дапамозе прыставак і суфіксаў ад назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў, прыслоўяў, а таксама шляхам словаскладання.

Для вытворных прыметнікаў таксама характэрны два акцэнтныя тыпы: тып А (націск на аснове) і значна меншы па колькасці слоў тып В (націск на канчатку).

Націск прэфіксальных прыметнікаў

§ 925. Адназоўнікавыя прыметнікі з прыстаўкай без- адносяцца да акцэнтнага тыпу А: безбароды, безвалосы, безгаловы, безгалосы, без’язы́кі, бязбокі, бязбровы, бязвокі, бязву́сы, бязву́хі, бязглу́зды, бязгу́бы, бяззу́бы, бязлі́сты, бязмозгі, бязногі, бязрогі, бязру́кі, бясконцы, бяскры́лы, бяспа́льцы, бясполы, бясхвосты.

§ 926. Прыметнікі, утвораныя пры дапамозе розных прыставак ад невытворных і суфіксальных прыметнікаў, захоўваюць націск зыходнай формы прыметніка і размяркоўваюцца адпаведна па двух тыпах.

Тып А: безасабовы, дакастры́чніцкі, задняпроўскі, залі́шні, нявопытны, пазакла́савы, пазаўчара́шні, праму́дры, перадвае́нны, антыгістары́чны, арытмі́чны, асіметры́чны, антыграма́дскі, ультрале́вы.

Тып В: загусты́, замалы́, неблагі́, недурны́, некруты́ і г. д.

Націск суфіксальных прыметнікаў

§ 927. Суфіксальныя прыметнікі ў пераважнай большасці адносяцца да акцэнтнага тыпу А. У залежнасці ад месца націску ў акцэнтным тыпе А вылучаюцца дзве групы прыметнікаў: прыметнікі з націскам на ўтваральнай аснове: кля́тва — кля́твенны, сусед — сусе́дні, акамянець — акамяне́лы, закрэсліць — закрэслены, і прыметнікі з націскам на ўтвараючым суфіксе: нізкі — нізкава́ты, праўда — праўдзі́вы, працаваць — працаві́ты, пух — пуховы, сокал — сакалі́ны.

Прыметнікі з націскам на ўтваральнай аснове

§ 928. Да гэтай групы адносяцца:

1. Прыметнікі, у якіх гістарычна вылучаецца суфікс -ьj-: аве́чы, божы, бяда́чы, варожы, воўчы, вужа́чы, гадзю́чы, жабра́чы, зае́чы, інды́чы, кня́жы, мана́ршы, мядзве́джы, патрыя́ршы, праро́чы, рыба́чы, саба́чы, сірочы, хамя́чы, хлапе́чы, чалаве́чы, чарапа́шы.

У асноўным націск застаецца на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове: воўк — воўчы, рыба́к — рыба́чы. Выключэнне складаюць толькі прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў жаночага роду з націскам на канчатку (сірата́ — сірочы, аўца́ — аве́чы) і ад некалькіх назоўнікаў мужчынскага роду (вораг — варожы, за́яц — зае́чы).

2. Прыметнікі з суфіксам -н-: абі́дны, азёрны, акопны, акты́ўны, алфаві́тны, аптэчны, арама́тны, архі́ўны, арце́льны, аршы́нны, акцэнтны, арэндны, а́тамны, а́тла́сны, аўтобусны, ба́рхатны, бетонны, біле́тны, біскві́тны, блака́дны, брэзе́нтны, ва́тны, ве́чны, вінагра́дны, водачны, вокі́сны, вы́гадны, габары́тны, газе́тны, гарта́нны, гібры́дны, гне́ўны, гнойны, графі́тны, да́чны, дзі́ўны, дрэна́жны, ды́мны, дырэкты́ўны, дэка́дны, ёдны, ёлачны, жале́зны, жалобны, законны, зені́тны, зобны, ідэйны, калга́сны, кама́ндны, ка́мерны, кана́тны, каска́дны, ка́таржны, конусны, курсі́ўны, ла́герны, латарэ́йны, лікёрны, лобны, лодачны, лы́жны, магні́тны, маляры́йны, манда́тны, ма́нны, манта́жны, мармела́дны, марозны, маса́жны, маторны, машта́бны, ме́дны, мемуа́рны, мільённы, мі́нны, міра́жны, модны, моўны, музе́йны, муска́тны, мякі́нны, народны, нёбны, нічы́йны, пажа́рны, па́лубны, пара́дны, парке́тны, па́рны, патрэбны, піжа́мны, пля́жны, потны, прака́тны, пробны, пяхотны, ра́дасны, раке́тны, рафіна́дны, родны, росны, ротны, рту́тны, ры́бны, рэжы́мны, рэкла́мны, саніта́рны, сапёрны, саю́зны, секу́ндны, скла́дны, сла́ўны, сне́жны, сма́чны, сольны, соусны, стра́шны, тава́рны, тарпе́дны, тварожны, тра́ктарны, трале́йбусны, трывожны, туале́тны, тума́нны, тэлефонны, фа́зны, фане́мны, фане́рны, фасонны, фі́нішны, фокусны, фура́жны, хаке́йны, хі́нны, хле́бны, хлорны, хма́рны, ху́тарны, ча́дны, школьны, шлю́зны, шу́мны, шы́нны, я́блычны, я́гадны, я́русны, я́сельны і інш.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

У прыметніках, утвораных ад двухскладовых назоўнікаў жаночага роду з націскным канчаткам, націск перамяшчаецца на корань: водны (параўн. вада́), ве́рбны, росны, ру́дны, слёзны, сяме́йны.

Перамяшчаецца націск з першага на другі склад у прыметніках галодны (параўн. голад), калі́йны, серы́йны, тэхні́чны, халодны.

3. Прыметнікі з суфіксам -н'-: асе́нні, аста́тні, блі́жні, бра́тні, ве́рхні, вясе́нні, да́льні, жы́тні, за́дні, заму́жні, заходні, зі́мні, кра́йні, ле́тні, міжгародні, папярэдні, пярэдні, ра́нні, сподні, старонні, суботні, сусе́дні, сярэдні, усходні, ха́тні, штогодні і інш.

Націск заўсёды на апошнім складзе ўтваральнай асновы.

4. Большасць прыметнікаў з суфіксам -к-: бойкі, ва́ркі, вя́зкі, га́дкі, гі́бкі, гла́дкі, гну́ткі, гонкі, е́дкі, звонкі, зы́бкі, зя́бкі, кле́йкі, колкі, коўзкі, коўкі, лі́пкі, ломкі, ме́ткі, мы́лкі, па́дкі, пла́ўкі, сла́бкі, слі́зкі, стойкі, сы́пкі, топкі, хва́ткі, хлі́пкі, ходкі, цэпкі і некаторыя іншыя.

5. Прыметнікі з суфіксам -цельн-: вяры́цельны, збаві́цельны, дзялі́цельны, мні́цельны, мыслі́цельны, прыміры́цельны, слабі́цельны.

Націск на апошнім складзе ўтваральнай асновы.

6. Прыметнікі з суфіксам -л-: абві́слы, абле́злы, абядне́лы, адста́лы, адубе́лы, азвярэлы, акале́лы, акамяне́лы, аняме́лы, апусце́лы, асе́длы, асе́лы, асі́плы, асіраце́лы, аслабе́лы, асмя́глы, ахры́плы, ачуме́лы, ашале́лы, бе́глы, быва́лы, вя́лы, гадава́лы, гарэлы, гі́блы, дарослы, даспе́лы, дба́лы, дохлы, дра́хлы, жу́хлы, загарэлы, загрубе́лы, заіне́лы, закарэне́лы, заледзяне́лы, заляжа́лы, замшэлы, заняпа́лы, запаце́лы, заплясне́лы, заржаве́лы, засохлы, засты́лы, зацвярдзе́лы, зачарсцве́лы, зблажэлы, збуцве́лы, збядне́лы, звар'яце́лы, звы́клы, згарэлы, здзічэлы, здрабне́лы, здранцве́лы, здубяне́лы, здурне́лы, зжаўце́лы, зледзяне́лы, зліня́лы, змарне́лы, зні́клы, зняме́лы, зразуме́лы, зрудзе́лы, зя́блы, з'ялча́лы, карэлы, кі́слы, ляжа́лы, мёрзлы, міну́лы, набале́лы, набрыня́лы, набу́хлы, наві́слы, напу́хлы, пабяле́лы, падта́лы, падужэлы, пале́глы, паліня́лы, пастарэлы, пахудзе́лы, пачарне́лы, пачырване́лы, перагарэлы, пераляжа́лы, перапрэлы, перасохлы, пераспе́лы, прагорклы, прапаце́лы, праця́глы, пры́шлы, прэлы, пу́хлы, разапрэлы, разле́злы, размоклы, размя́клы, раскі́слы, распу́хлы, самле́лы, саслабе́лы, састарэлы, сі́плы, сма́глы, спе́лы, узмацне́лы, узнёслы, укаране́лы, уме́лы, хры́плы, ча́хлы, чэзлы і інш.

Націск на апошнім складзе ўтваральнай асновы, за выключэннем утварэнняў з прыстаўкай вы-, на якую перамяшчаецца націск: вы́лінялы, вы́гаралы, вы́балелы і пад.

7. Аддзеяслоўныя прыметнікі з суфіксам -ан- і большасць з суфіксам -ен-: абяздолены, аголены, акрыва́ўлены, голены, да́дзены, дазволены, заву́чаны, зада́ўлены, замарожаны, закру́глены, занепакоены, заняволены, запаволены, запознены, засвоены, заслу́жаны, затоены, затума́нены, зве́дзены, звольнены, згорблены, згу́блены, здаволены, здзе́йснены, знясі́лены, канту́жаны, кле́ены, кра́дзены, кроены, ліне́ены, ма́сляны, насу́плены, пла́ўлены, пле́цены, раздроблены, ра́нены, рассла́блены, самазаспакоены, самаздаволены, самаўпэўнены, састоены, слоены, смолены, ссуту́лены, стомлены, умоўлены, ўні́жаны, уцэнены і г. д.

8. Адназоўнікавыя прыметнікі з суфіксам -енн-: абе́дзенны, бры́твенны, вогненны, гры́венны, каза́рменны, кля́твенны, кроквенны, малі́твенны, фі́рменны, форменны, рэформенны, падэшвенны, похвенны, ца́рственны. Але задуме́нны.

9. Аддзеяслоўныя прыметнікі з суфіксам -т-: абу́ты, бі́ты, бры́ты, гну́ты, забі́ты, заня́ты, заўзя́ты, заця́ты, кры́ты, мы́ты, пракля́ты, увагну́ты, цёрты і г. д.

Націск на апошнім складзе ўтваральнай асновы. Толькі некалькі прыметнікаў, якія ўтвораны ад дзеясловаў з поўнагалосным злучэннем -ола-, маюць націск на першым складзе ўтваральнай асновы: колаты, молаты.

10. Прыметнікі з суфіксам -ев-: але́невы, ака́цыевы, алюмі́ніевы, вермішэлевы, вігоневы, восевы, ву́сцевы, гарнаста́евы, далоневы, дыягана́левы, зя́блевы, ка́льцыевы, кара́кулевы, крэмніевы, лі́ўневы, локцевы, лопасцевы, ма́гніевы, ма́рлевы, мэблевы, на́трыевы, ні́келевы, ну́трыевы, паве́рхневы, пе́ўневы, скроневы, соевы, фарэлевы, фасолевы, фе́рзевы, флане́левы, хме́левы, цю́левы, цюле́невы, чарэшневы, ша́левы, эма́левы, я́блыневы, я́сеневы і інш.

У прыметніках з гэтым суфіксам націск захоўваецца на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

11. Большасць прыметнікаў з суфіксам -ав- (які ўзыходзіць да -ов-, -ев-): абра́давы, абрыкосавы, ава́нсавы, акордавы, алеа́ндравы, алі́ўкавы, анілі́навы, ані́савы, апельсі́навы, асі́навы, ба́йкавы, баксі́тавы, бала́нсавы, бамбу́кавы, бана́навы, ба́ржавы, ба́рсавы, бе́жавы, бензі́навы, бла́нкавы, бомбавы, бочкавы, бромавы, бронзавы, брылья́нтавы, брэдавы, бэзавы, бярозавы, ванілі́навы, га́завы, ге́рбавы, гі́льзавы, гі́псавы, гіпю́равы, глазу́равы, гля́нцавы, гра́бавы, грана́тавы, графі́тавы, гру́шавы, да́мбавы, джа́завы, дзя́тлавы, доларавы, дра́павы, жа́нравы, за́мшавы, зародышавы, зна́кавы, іпры́тавы, ка́ктусавы, калі́навы, капронавы, ка́рлікавы, ка́рпавы, кару́ндавы, ка́савы, каўчу́кавы, кашта́навы, ква́нтавы, ква́рцавы, кіпары́савы, кла́савы, коцікавы, кра́бавы, крэды́тавы, крэмавы, крэпавы, крэпдэшы́навы, лава́ндавы, ла́йкавы, ла́кавы, ла́сцікавы, леапа́рдавы, лы́кавы, ля́мпавы, малі́навы, ма́львавы, ма́мантавы, ма́нгавы, мандары́навы, ма́рганцавы, маргары́навы, ма́ркавы, маркізе́тавы, ма́савы, маслі́навы, ма́чтавы, мела́нжавы, мельхіёравы, нафталі́навы, нейлонавы, неонавы, не́рпавы, нікаці́навы, норкавы, па́льмавы, парафі́навы, па́ркавы, парусі́навы, пе́мзавы, пе́рцавы, пла́навы, пла́цінавы, плю́шавы, плю́шчавы, пу́ншавы, рабі́навы, радонавы, ра́завы, ра́кавы, ра́нцавы, ра́савы, ролікавы, ромавы, ромбавы, рубі́навы, ру́мбавы, рэе́стравы, рэйдавы, рэлі́ктавы, рэльсавы, са́гавы, са́джанцавы, сапфі́равы, саф'я́навы, саці́навы, склонавы, сла́нцавы, слі́вавы, содавы, спа́ржавы, споравы, стра́усавы, стэары́навы, стэндавы, су́рыкавы, та́ктавы, та́нкавы, тапа́завы, толавы, тросавы, ту́кавы, тычы́нкавы, тэмбравы, фі́бравы, фі́гавы, фі́нікавы, фія́лкавы, фла́нцавы, фле́йцавы, фольгавы, фонавы, фондавы, фры́завы, фрэскавы, хларафі́лавы, хордавы, хромавы, ці́кавы, цылі́ндравы, цы́нкавы, цю́бінгавы, чарапа́хавы, ча́савы, чэкавы, ша́нцавы, ша́рыкавы, шла́кавы, шла́нгавы, шокавы, шта́мбавы, шта́нгавы, эхінакокавы, эці́лавы, ягуа́равы і інш.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

12. Большасць прыметнікаў з суфіксам -лів-: абыходлівы, агі́длівы, адыходлівы, ве́тлівы, вынаходлівы, вынослівы, гаспада́рлівы, грэблівы, даве́рлівы, дага́длівы, даку́члівы, дапы́тлівы, жа́ласлівы, заду́млівы, зама́нлівы, запа́слівы, засу́шлівы, зме́нлівы, знаходлівы, ке́млівы, назойлівы, недаве́рлівы, непасе́длівы, пава́длівы, пагодлівы, пада́тлівы, па́мятлівы, пераборлівы, пераме́нлівы, прані́злівы, прарэзлівы, прыва́блівы, угодлівы, уду́млівы, уду́шлівы, уе́длівы, услу́жлівы, устойлівы і інш.

Націск звычайна на перадсуфіксальным складзе. Але жа́ласлівы, па́мятлівы.

13. Частка прыметнікаў з суфіксам -іст-: абры́вісты, адры́вісты, азоцісты, бромісты, гле́істы, глі́ністы, ёдзісты, жале́зісты, жы́лісты, задзі́рысты, зака́цісты, залі́вісты, захлёбісты, зві́лісты, каляі́ністы, кіслародзісты, крухма́лісты, кудзе́лісты, кучара́вісты, мазолісты, маршчы́ністы, нава́рысты, надры́вісты, пад'ёмісты, пака́цісты, пакла́дзісты, пану́рысты, пародзісты, парожысты, пары́вісты, пе́ністы, пе́рысты, пласці́ністы, пля́місты, порысты, пузы́рысты, разва́лісты, разве́сісты, разга́лісты, раскі́дзісты, расплы́вісты, рассы́пісты, рашэцісты, сасу́дзісты, скна́рысты, слі́зісты, спружы́ністы, суглі́ністы, тва́ністы, тварожысты, тума́ністы, уха́бісты, фанабэрысты, фасоністы, фігу́рысты, хва́лісты, хлорысты, хромісты, ці́ністы, чле́ністы, шква́лісты, шчаці́ністы.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

14. Пераважная большасць прыметнікаў з суфіксам -ск- (-цк-): абха́зскі, адміра́льскі, акія́нскі, алба́нскі, алжы́рскі, аптэкарскі, ара́бскі, армя́нскі, а́ўтарскі, афга́нскі, афіцэрскі, баронскі, берлі́нскі, боцманскі, ва́рварскі, волжскі, га́ванскі, гала́ндскі, генера́льскі, геройскі, ге́тманскі, гра́фскі, гуса́рскі, да́мскі, дыкта́тарскі, дырыжорскі, запарожскі, іра́нскі, кавале́рскі, каза́нскі, карэйскі, каўбойскі, каўка́зскі, кіргі́зскі, кіта́йскі, клоунскі, конскі, лаке́йскі, ле́карскі, ле́ктарскі, ле́нінскі, лі́дэрскі, ліцэйскі, лоцманскі, людае́дскі, маёрскі, ма́йскі, малда́ўскі, мі́чманскі, нарма́ндскі, пага́нскі, па́нскі, пары́жскі, пасажы́рскі, пе́рмскі, піяне́рскі, прара́бскі, ра́бскі, ра́йскі, ры́царскі, се́рбскі, славя́нскі, суда́нскі, султа́нскі, сусе́дскі, сяля́нскі, тата́рскі, фантазёрскі, ца́рскі, цыга́нскі, чле́нскі, чэшскі, шве́дскі, шпіёнскі, эстонскі, юнкерскі; аба́цкі, адвака́цкі, банды́цкі, бра́цкі, бурла́цкі, бядня́цкі, гіга́нцкі, гоцкі, да́цкі, дэлега́цкі, езуі́цкі, кадэцкі, камча́цкі, кула́цкі, лейбары́сцкі, ліліпу́цкі, марксі́сцкі, мужы́цкі, пілоцкі, піра́цкі, расі́сцкі, рыба́цкі, савецкі, салда́цкі, све́цкі, секта́нцкі, сена́цкі, сержа́нцкі, слава́цкі, студэнцкі, унія́цкі, фашы́сцкі, флоцкі, чукоцкі, чэхаслава́цкі, эмігра́нцкі, юна́цкі, яку́цкі і інш.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

15. Прыметнікі з суфіксам -аўск-: ба́нкаўскі, войтаўскі, дзе́даўскі, джа́заўскі, з'е́здаўскі, мартэнаўскі, парткомаўскі, прара́баўскі, рабфа́каўскі, райкомаўскі, рэнтге́наўскі, спарта́каўскі.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

16. Прыметнікі з суфіксам -льн-: абагача́льны, абаграва́льны, абараня́льны, акісля́льны, араша́льны, брадзі́льны, брашурава́льны, буры́льны, бялі́льны, валачы́льны, вастры́льны, віншава́льны, вышыва́льны, вяза́льны, габлява́льны, глыта́льны, глянцава́льны, гравірава́льны, грані́льны, даві́льны, дзялі́льны, драбі́льны, дубі́льны, жава́льны, завярша́льны, загараджа́льны, закліна́льны, замацава́льны, зубі́льны, капа́льны, кадзі́льны, капірава́льны, кіпяці́льны, круці́льны, купа́льны, куры́льны, лічы́льны, лудзі́льны, лята́льны, малаці́льны, маха́льны, мачы́льны, мясі́льны, насі́льны, насыча́льны, пазнава́льны, паі́льны, паласка́льны, патрабава́льны, прамака́льны, прыстасава́льны, радзі́льны, раздрабня́льны, ратава́льны, рысава́льны, рэзальны, свяці́льны, сіні́льны, скака́льны, снава́льны, спалуча́льны, спусташа́льны, ствара́льны, сузіра́льны, сушы́льны, танцава́льны, тачы́льны, траві́льны, трапа́льны, уступа́льны, халадзі́льны, цадзі́льны, церабі́льны, ціскальны, чарні́льны, часа́льны, шліфава́льны, штампава́льны і інш.

Большасць прыметнікаў захоўвае націск утваральнай асновы.

Выключэнне складаюць наступныя: лушчы́льны, пары́льны, плаві́льны, чысці́льны. Параўн.: лу́шчыць, па́рыць, пла́віць, чы́сціць.

17. Прыметнікі з суфіксам -ін (-ын): Але́нін, ба́бін, вавёрчын, варонін, га́льчын, жа́бін, Зосін, зязю́лін, зязю́льчын, каровін, мі́мін, Мары́льчын, мату́льчын, Ната́шын, Ні́нін, руса́лчын, ры́бін, сарочын і інш.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове. Але даччы́н, сястры́н.

Форма доччын, якая ўжываецца ў гутарковай мове пад уплывам гаворак, з'яўляецца парушэннем нормы.

18. Частка адпрыслоўных прыметнікаў з суфіксам -шн- і вытворнымі ад яго -ашн-, -яшн-, -ышн-: заўсёдашні, заўтрашні, колішні, ле́ташні, пазале́ташні, сённяшні, сягонняшні, та́машні, цяпе́рашні.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

19. Большасць прыметнікаў з суфіксам -чат-: бярве́нчаты, грабе́нчаты, ды́мчаты, кале́нчаты, палаві́нчаты, расплы́ўчаты, рассы́пчаты, рэпчаты, суста́ўчаты, сцябе́льчаты, ступе́ньчаты, фестончаты.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

20. Прыналежныя прыметнікі з суфіксамі -еў, -аў: Аляксе́еў, Антосеў, бра́таў, Ві́ктараў, Мікала́еў, му́жаў, Рама́наў, Рыгораў, сва́таў, сы́наў, тава́рышаў, Яку́баў, Янкаў і г. д.

Націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове.

21. Прыметнікі, утвораныя ад дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў -уч- (-юч-): а́каючы, асвяжа́ючы, бры́ючы (палёт), вя́жучы, галада́ючы, зыходзячы, кіру́ючы, колючы, мы́слячы, ны́ючы, няга́снучы, окаючы, паспява́ючы, пі́шучы, пра́вячы, рэжучы, суправаджа́ючы і інш.

22. Прыметнікі з ацэначнымі суфіксамі -еньк-, -аньк-: акура́тненькі, бе́ленькі, ву́зенькі, добранькі, дробненькі, зялёненькі, кру́гленькі, лёганькі, мі́ленькі, мя́кенькі, новенькі, просценькі, прыгожанькі, све́тленькі, сла́бенькі, тоненькі, цёпленькі, ці́хенькі і інш.

23. Простыя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з суфіксам -ш-: большы, горшы, ле́пшы, малодшы, ме́ншы, ста́ршы, шыршы і інш.

Націск на апошнім складзе ўтваральнай асновы.

Прыметнікі з націскам на ўтваральным суфіксе

§ 929. Да гэтай групы адносяцца:

1. Прыметнікі з суфіксам -ават- (-яват-): белава́ты, бледнава́ты, велікава́ты, вуглава́ты, вуграва́ты, вузкава́ты, галубава́ты, гаркава́ты, гладкава́ты, глухава́ты, гнілава́ты, дарагава́ты, даўгава́ты, дзікава́ты, жаўтава́ты, карычнява́ты, кіслава́ты, крывава́ты, мешкава́ты, мяккава́ты, наздрава́ты, нізкава́ты, рабава́ты, радкава́ты, рубцава́ты, рыжава́ты, свежава́ты, сінява́ты, слабава́ты, слепава́ты, старава́ты, страшнава́ты, сукава́ты, сырава́ты, танкава́ты, тугава́ты, цвердава́ты, цяжкава́ты, шырокава́ты і інш.

2. Прыметнікі з суфіксам -ат-: вуса́ты, галава́ты, гарба́ты, губа́ты, зуба́ты, крыла́ты, кудла́ты, лаба́ты, марда́ты, наса́ты, пуза́ты, рага́ты, саха́ты, хваста́ты, хрыпа́ты, чуба́ты, шчарба́ты, языка́ты і інш.

3. Прыметнікі з суфіксамі -арн- (-ярн-), -тарн-: адзіна́рны, альвеаля́рны, вестыбуля́рны, гіпафіза́рны, глабуля́рны, гуманіта́рны, дысцыпліна́рны, канікуля́рны, карпускуля́рны, лапіда́рны, легенда́рны, лейкацыта́рны, малекуля́рны, нерэгуля́рны, паразіта́рны, парламента́рны, папуля́рны, партыкуля́рны, парцэля́рны, плацэнта́рны, плена́рны, рэгуля́рны, саліда́рны, сегмента́рны, сума́рны, таталіта́рны, тытуля́рны, уніта́рны, утыліта́рны, фабуля́рны, фалікуля́рны, фамілья́рны, фрагмента́рны, цыркуля́рны, шыка́рны, элемента́рны, эпісталя́рны.

4. Большасць прыметнікаў з суфіксам -іст- (-ыст-): агні́сты, басі́сты, вадзяні́сты, валакні́сты, валасі́сты, ваўні́сты, вячы́сты, галасі́сты, ганары́сты, гары́сты, грабяні́сты, дажджы́сты, дваі́сты, дрыгві́сты, дуплі́сты, залаці́сты, зямлі́сты, зярні́сты, імглі́сты, імшы́сты, іскры́сты, каласі́сты, камяні́сты, карчы́сты, касці́сты, квяці́сты, крамяні́сты, крывяні́сты, куп’і́сты, кусці́сты, лапушы́сты, лясі́сты, макры́сты, мучні́сты, мясі́сты, мятлі́сты, нараві́сты, папялі́сты, плячы́сты, пні́сты, празры́сты, прамяні́сты, пушы́сты, рабры́сты, расі́сты, серабры́сты, скалі́сты, слаі́сты, смалі́сты, студзяні́сты, сярні́сты, тарфяні́сты, травяні́сты, траі́сты, фарсі́сты, цукры́сты, цяні́сты, чарні́сты, шарсці́сты, шатры́сты, шклі́сты, шаўкаві́сты, яршы́сты.

5. Прыметнікі з суфіксам -аст-, -част-: блішча́сты, віхра́сты, вуша́сты, галяна́сты, гарла́сты, загіна́сты, закруча́сты, карана́сты, скула́сты; блінча́сты, дзюбча́сты, жалабча́сты, зубча́сты, купча́сты і інш.

6. Прыметнікі з суфіксамі -авіт-, -іт-: басаві́ты, глянцаві́ты, дамаві́ты, дзелаві́ты, знакамі́ты, ледаві́ты, мазгаві́ты, масці́ты, пладаві́ты, прагаві́ты, працаві́ты, радаві́ты, сакаві́ты, самаві́ты, санаві́ты, сярдзі́ты, таленаві́ты, хвараві́ты, цягаві́ты, ядаві́ты і інш.

7. Прыметнікі з суфіксам -ів- (-ыв-): вашы́вы, ігры́вы, ілжы́вы, ільсці́вы, літасці́вы, ляні́вы, паршы́вы, плаксі́вы, пляшы́вы, праўдзі́вы, раўні́вы, фальшы́вы, чарві́вы, шалудзі́вы і некаторыя іншыя. Але мі́ласцівы, юродзівы. Націскны варыянт міласці́вы, які сустракаецца ў гутарковай мове, з’яўляецца парушэннем літаратурнай нормы.

8. Прыметнікі з суфіксам -іўн- (-ыўн-): аб’екты́ўны, агрэсі́ўны, аператы́ўны, дэкараты́ўны, дэманстраты́ўны, інтэнсі́ўны, кааператы́ўны, канструкты́ўны, масі́ўны, пазіты́ўны, прагрэсі́ўны, рэзультаты́ўны, рэпрэсі́ўны, спарты́ўны, флекты́ўны, экспансі́ўны і інш.

9. Прыметнікі з суфіксамі -ічн- (-ычн-), а таксама -этычн-, -ітычн-, -атычн-, -істычн-: акадэмі́чны, алгебраі́чны, аманімі́чны, апаты́чны, архаі́чны, археалагі́чны, біялагі́чны, вулкані́чны, гармані́чны, геаграфі́чны, гуманісты́чны, дагматы́чны, дэмакраты́чны, ідэалісты́чны, ірані́чны, камуністы́чны, катастрафі́чны, крысталі́чны, магі́чны, мелады́чны, металургі́чны, паталагі́чны, паэты́чны, празаі́чны, псіхалагі́чны, рамбі́чны, рэалісты́чны, сацыялісты́чны, сімпаты́чны, сімфані́чны, сцэні́чны, тыпі́чны, тэхналагі́чны, факты́чны, фармалісты́чны, фізіялагі́чны, флегматы́чны, фразеалагі́чны, футурысты́чны, халві́чны, хімі́чны, цыклі́чны, элегі́чны, энергі́чны і інш.

10. Прыметнікі з суфіксам -ов- (-ёв-): айвовы, бабовы, барановы, брусковы, бялковы, валовы, вераснёвы, вяшковы, груздзёвы, драздовы, дубовы, жалудзёвы, жураўлёвы замковы, карасёвы, кітовы, клінковы, кратовы, лазовы, ласасёвы, ласёвы, літровы, лядовы, мядовы, метровы, павуковы, парашковы, прадуктовы, пудовы, пуховы, пясцовы, радковы, рублёвы, рудніковы, садовы, сасновы, скарбовы, слановы, смычковы, сталовы, трасковы, тыгровы, фунтовы, хваёвы, хлапчуковы, чарвяковы, шчупаковы і інш.

11. Прыналежныя прыметнікі з суфіксам -оў (-ёў): гаспадароў, Васілёў, Гаўрусёў, жаніхоў, камароў, каршуноў, пастухоў і інш.

12. Прыметнікі з суфіксамі -анск- (-янск-), -ійск- (-ыйск-), -ейск- (-эйск-), -інск- (-ынск-), -оўск- (-ёўск-): амерыка́нскі, афрыка́нскі, бірма́нскі (націскны варыянт бі́рманскі, які сустракаецца ў гутарковай мове, з’яўляецца парушэннем акцэнтуацыйнай нормы), венецыя́нскі, гаіця́нскі, гегелья́нскі, крытыка́нскі, лютэра́нскі, мексіка́нскі, неапаліта́нскі, негрыця́нскі, патрыцыя́нскі, перуа́нскі, рэспубліка́нскі; алімпі́йскі, балты́йскі і інш.; арме́йскі, бібле́йскі, кампане́йскі, міліцэйскі, піфагарэйскі, эпікурэйскі і інш.; далмаці́нскі, кубі́нскі, мацяры́нскі, пехаці́нскі, сястры́нскі, хіві́нскі і інш.; барцоўскі, бацькоўскі, вучнёўскі, дзядоўскі, дняпроўскі, жаніхоўскі, жыгулёўскі, крамлёўскі, ксяндзоўскі, купцоўскі, папоўскі, парабкоўскі (націскны варыянт па́рабкаўскі з’яўляецца парушэннем літаратурнай нормы), старыкоўскі, сыноўскі, сяброўскі, чартоўскі, шальмоўскі і інш.

13. Прыметнікі з суфіксам -лів-: асаблі́вы, баязлі́вы, блудлі́вы, бразгатлі́вы, брыклі́вы, бурклі́вы, вірлі́вы, гаварлі́вы, гадлі́вы, гняўлі́вы, гуллі́вы, гутарлі́вы, дажджлі́вы, жартаўлі́вы, жахлі́вы, зіхатлі́вы, зласлі́вы, зычлі́вы, імклі́вы, крыклі́вы, куслі́вы, маўклі́вы, мігатлі́вы, мітуслі́вы, патлі́вы, пісклі́вы, пужлі́вы, руплі́вы, санлі́вы, саплі́вы, сарамлі́вы, сварлі́вы, сіратлі́вы, слязлі́вы, хлуслі́вы, цярплі́вы, шчабятлі́вы, шчаслі́вы, юрлі́вы.

14. Некаторыя прыметнікі з суфіксам -чат-: брусча́ты, бугарча́ты, губча́ты, двухзубча́ты, зубча́ты, кратча́ты, сятча́ты.

15. Невялікая колькасць прыметнікаў з суфіксам -ав- (этымалагічны -ав-): дзіра́вы, іржа́вы, кара́вы, карта́вы, кашча́вы, крыва́вы, кульга́вы, курча́вы, кучара́вы, плюга́вы, прышча́вы, яскра́вы.

16. Некаторыя прыметнікі з суфіксам -ян- (-ан-): алавя́ны, аўся́ны, берасця́ны, ваўня́ны, гліня́ны, дашча́ны, імша́ны, канапля́ны, крамя́ны, палатня́ны, палымя́ны, пясча́ны, саламя́ны, супясча́ны, цагля́ны.

17. Прыметнікі з суфіксамі -яв-, -ляв-, -арляв-: сліня́вы, чарня́вы; кастля́вы, трухля́вы; хударля́вы і інш.

18. Прыметнікі з суфіксам -мян-: паслухмя́ны, сухмя́ны і інш.

19. Прыметнікі з суфіксам -ін- (-ын-): арлі́ны, барсучы́ны, бычы́ны, гагары́ны, галчы́ны, гусі́ны, звяры́ны, кабылі́ны, камары́ны, куры́ны, ласі́ны, лебядзі́ны, лісі́ны, мышы́ны, павучы́ны, сабалі́ны, сакалі́ны, трусі́ны, шакалі́ны.

20. Прыметнікі з суфіксам -яч- (-ач-): быдля́чы, быча́чы, гага́чы, дзіця́чы, жарабя́чы, кабыля́чы, каравя́чы, кураня́чы, мыша́чы, парася́чы, птуша́чы, свіня́чы, цяля́чы, шчаня́чы, шчыгля́чы, ягня́чы.

21. Прыметнікі аддзеяслоўнага паходжання з суфіксамі -ашч- (-яшч-), -ушч- (-юшч-): валача́шчы, валя́шчы, гуля́шчы, заваля́шчы, прапа́шчы, а таксама ляда́шчы, немагу́шчы, непіту́шчы.

22. Прыметнікі з суфіксам -эбн- (-ебн-): вучэбны, лячэбны, урачэбны, хвале́бны і інш.

23. Прыметнікі з суфіксам -эўн-: душэўны, задушэўны.

24. Прыметнікі з суфіксам -есн-: нябе́сны, паднябе́сны, славе́сны, цяле́сны.

25. Прыметнікі з суфіксамі -озн-, -эзн-: высозны, вянозны, грыпозны, крупозны, лімфозны, тыфозны, хларозны; высачэзны, даўжэзны, шырачэзны.

26. Прыметнікі з суфіксам -эльн-: чытэльны, смяртэльны.

27. Прыметнікі з суфіксам -энн-: высачэнны, шырачэнны.

28. Прыметнікі з суфіксам -эрн-: цяжэрны.

29. Прыметнікі з суфіксам -орн-: ілюзорны.

30. Прыметнікі з суфіксам -отн-: дабротны, кіслотны, цынготны.

31. Прыметнікі з суфіксам -оўн-: віноўны, вярхоўны, грахоўны, духоўны, каштоўны, швартоўны.

32. Прыметнікі з суфіксам -очн-: адзіночны, лубочны.

33. Некалькі адпрыслоўных прыметнікаў з суфіксам -шн-: дама́шні, заўчара́шні, пазаўчара́шні, учара́шні, тады́шні (разм.).

34. Частка прыметнікаў аддзеяслоўнага паходжання з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-): балю́чы, бліску́чы, бразгу́чы, бягу́чы, віся́чы, вяду́чы, гару́чы, грыму́чы, звіня́чы, зыбу́чы, калю́чы, кіпу́чы, кіпя́чы, ліню́чы, ліпу́чы, ляжа́чы, ляту́чы, неміну́чы, нясу́чы, паду́чы, паўзу́чы, паху́чы, плыву́чы, пяву́чы, пяку́чы, скрыпу́чы, спя́чы, стая́чы, стрыгу́чы, сядзя́чы, сяку́чы, траску́чы, трасу́чы, хадзя́чы, цягу́чы, цяку́чы, шыпу́чы, шыпя́чы.

35. Аддзеяслоўныя прыметнікі з суфіксам -ён- (-он-): адушаўлёны, вучоны, кіпячоны, куплёны, натхнёны, незлічоны, падазроны, пракажоны, пранікнёны, раздражнёны, салёны, сцеражоны, улюбёны, умудроны, утрапёны, хрышчоны, ціснёны, шалёны.

36. Прыметнікі з ацэначнымі суфіксамі -эньк- (-еньк-), -аваценьк- (-яваценьк-), -явеньк-, -усеньк- (-юсеньк-), -усенечк- (-юсенечк-), -утк- (-ютк-), -юпаценьк-, -юпасеньк-: гусце́нькі, даражэнькі, дурне́нькі, крыве́нькі, маладзе́нькі, мале́нькі, рабе́нькі, сляпе́нькі, старэнькі, худзе́нькі; белава́ценькі малава́ценькі, сінява́ценькі; бяля́венькі, чарня́венькі; бялю́сенькі, малю́сенькі, малю́сенечкі; бялю́ткі, драбню́ткі, малю́ткі, свежу́ткі, ціху́ткі; малюпа́сенькі, малюпа́ценькі.

37. Формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з суфіксам -эйш- (-ейш-): бліжэйшы, весяле́йшы, вышэйшы, гарачэйшы, дале́йшы, даражэйшы, зеляне́йшы, караце́йшы, лягчэйшы, мацне́йшы, наве́йшы, пазне́йшы, прасце́йшы, святле́йшы, слабе́йшы, смачне́йшы, старэйшы, чарне́йшы і г. д. Але акура́тнейшы, выда́тнейшы, галоўнейшы, магу́тнейшы, міласэрнейшы.

Прыметнікі з націскам на канчатку

§ 930. Частка суфіксальных прыметнікаў мае націскны канчатак (тып В). Да гэтага тыпу адносяцца:

1. Большасць прыметнікаў з суфіксам -ан- (-ян-): аржаны́, вадзяны́, валасяны́, варсяны́, вашчаны́, дрыгвяны́, земляны́, ікраны́, іржаны́, ільняны́, лубяны́, медзяны́, нутраны́, ніцяны́, прасяны́, парцяны́, пруцяны́, слюдзяны́, смаляны́, сурмяны́, скураны́, травяны́, тарфяны́, шарсцяны́, шкляны́, шкураны́. У гутарковай мове частка гэтых прыметнікаў можа ўжывацца з націскам на суфіксе: аржа́ны, іржа́ны, ільня́ны, касця́ны, крупя́ны, крывя́ны, лядзя́ны, лубя́ны, мядзя́ны, ніця́ны, парця́ны, прася́ны, скура́ны, слюдзя́ны, смаля́ны, сурмя́ны, тарфя́ны, травя́ны, шарсця́ны, шкля́ны.

2. Частка прыметнікаў з суфіксам -ав- (які ўзыходзіць да -ов-, -ев-): бакавы́, баравы́, бартавы́, бахчавы́, біржавы́, буравы́, бытавы́, валавы́, ветравы́, вуглавы́, вузлавы́, гадавы́, галасавы́, гарлавы́, гнездавы́, грузавы́, групавы́, гужавы́, гукавы́, дажджавы́, дамавы́, дзелавы́, дугавы́, духавы́, дымавы́, ездавы́, каласавы́, кальцавы́, канцавы́, кармавы́, ключавы́, кругавы́, курсавы́, кускавы́, куставы́, лабавы́, ламавы́, легкавы́, лесавы́, ліставы́, мазгавы́, маставы́, махавы́, межавы́, мелавы́, насавы́, нізавы́, палявы́, паравы́, плечавы́, плугавы́, прававы́, рагавы́, радавы́, сілавы́, снегавы́, спіртавы́, тылавы́, тыпавы́, фармавы́, франтавы́, хадавы́, хваставы́, цеплавы́, цыркавы́, чаявы́, чыставы́, шаравы́, штармавы́, штурмавы́, штыкавы́, шумавы́, яравы́ і некаторыя іншыя.

3. Невялікая колькасць прыметнікаў з суфіксам -н-: абласны́, адпраўны́, акружны́, брушны́, валасны́, вушны́, галаўны́, грудны́, грыбны́, губны́, двайны́, дзвярны́, заказны́, заліўны́, запасны́, зубны́, зямны́, карпусны́, лапушны́, лясны́, мучны́, мясны́, нажны́, начны́, нумарны́, падрыўны́, падстаўны́, патайны́, пушны́, пячны́, разны́, рачны́, ручны́, свіны́, скідны́, спінны́, спіртны́, сплаўны́, стальны́, сыпны́, трайны́, устаўны́, чарапны́, чацвярны́, штабны́, штрафны́.

4. Некалькі прыметнікаў з суфіксам -ск-: агульнагарадскі́, гарадскі́, данскі́, марскі́, прыхадскі́, хутарскі́.

5. Некалькі прыметнікаў з суфіксам -к-: гаваркі́, гаманкі́, трапяткі́, ядкі́.

6. Некалькі прыметнікаў з суфіксам -л-: былы́, гнілы́, жылы́, нежылы́, пажылы́.

Націск кароткіх прыметнікаў

§ 931. У большасці кароткіх прыметнікаў націск захоўваецца на тым жа складзе, што і ў поўных формах: ахвочы — ахвоч, ахвоча; бага́ты — бага́т, бага́та; бе́дны — бе́дзен, бе́дна; вінава́ты — вінава́т, вінава́та; вялі́кі — вялі́к, вялі́ка; грозны — грозен, грозна; ду́жы — дуж, ду́жа; згодны — згодзен, згодна; здаровы — здароў, здарова; лю́бы — люб, лю́ба; мі́лы — міл, мі́ла; пэўны — пэвен, пэўна; падобны — падобен, падобна; поўны — повен, поўна; све́тлы — све́цел, све́тла; слаўны — сла́вен, сла́ўна; спакойны — спакоен, спакойна і інш.

Мяняецца месца націску ў кароткіх формах прыметнікаў, якія ў поўнай форме маюць націск на канчатку: глухі́ — глух, глу́ха; дарагі́ — дораг — дорага; жывы́ — жы́ў, жы́ва; малады́ — молад, молада; малы́ — мал, ма́ла; скупы́ — скуп, ску́па; стары́ — стар, ста́ра, а таксама вясёлы — ве́сел, ве́села; зялёны — зе́лен, зе́лена; хі́тры — хіцёр.

Націск складаных прыметнікаў

§ 932. У складаных прыметніках можа быць адзін націск. Тады ён падае на другую састаўную частку прыметніка. У радзе прыметнікаў можа быць два, рэдка больш націскаў. У такіх выпадках асноўны націск падае на апошнюю састаўную частку прыметніка, а на астатніх паяўляецца так званы пабочны націск. Месца націску ў састаўных частках прыметніка звычайна тое ж, што і ў асобных словах.

Адзін націск маюць:

1) прыметнікі, утвораныя шляхам далучэння паў-, напаў- да прыметніка або дзеепрыметніка: паўава́льны, паўадкры́ты, паўадчы́нены, паўафіцы́йны, паўгадзі́нны, паўдзі́кі, паўзакры́ты, паўлітровы, паўпарожні, паўцвёрды; напаўзачы́нены, напаўільняны́, напаўкру́глы і інш.;

2) прыметнікі з першай часткай адна-: аднаа́ктавы, аднаа́тамны, аднабокі, аднавале́нтны, аднагалосны, аднакалі́берны, аднаме́сны, аднаногі, аднапавярховы, аднару́кі, аднатонны, адначасовы, аднашэрсны, адная́карны;

3) прыметнікі з першай часткай што-, фота-, мота-: штовячэрні, штогадзі́нны, штогодні, штоме́сячны, штотыднёвы, штохвілі́нны; фоталітаграфі́чны, фотаметры́чны, фотамехані́чны, фотарэпарцёрскі, фотатыпі́чны; мотамеханізава́ны, мотастралковы і інш.;

4) прыметнікі, у якіх першая частка — лічэбнікі: двуха́тамны, двухкале́йны, двухкіламетровы, двухкры́лы, двухмоўны, двухтомны; пяціпавярховы, пяціразовы, пяцітонны, пяціты́сячны; трохвосевы, трохвугольны, трохгадовы; сяміпольны, сяміпудовы, сяміразовы; чатырохгадовы, чатырохлі́сты, чатырохме́сны; шасцігадовы, шасцігаловы, шасцівугольны, шасцігра́нны і інш.;

5) прыметнікі з першай часткай шмат-: шмата́тамны, шматбаковы, шматгаліновы, шматдзённы, шматзна́чны, шматзубча́ты, шматкаляровы, шматкватэрны, шматмоўны, шматсаста́ўны, шматтомны і інш.;

6) прыметнікі з першай часткай сама-: самавызнача́льны, самадзе́йны, самазадаволены, самаўпра́ўны, самаўпэўнены і інш.;

7) большасць складаных прыметнікаў, другая частка якіх мае націск на першым складзе: агнямётны, агнястрэльны, белабокі, вадавозны, вадаёмкі, вакаме́рны, вальнаду́мны, вастраве́рхі, вастраносы, дабравольны, дабраду́шны, дабратворны, дабрая́касны, даўгаве́чны, дзікарослы, жалезару́дны, жаўтакры́лы, жаўтароты, жыццяра́дасны, канапляводны, кругласу́тачны, крывятворны, малава́жны, малазна́чны, маламоцны, нізкапробны, слабавольны, слабасі́льны, слабахара́ктарны і інш.

Але ёсць значная колькасць прыметнікаў, у якіх паяўляецца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі: азотнакі́слы, дробнатва́ры, малочнакі́слы, маторазборачны, новавы́найдзены, кава́льска-прэса́вы, коксага́завы, чорна-бу́ры і г. д.

Калі ў другой частцы складанага прыметніка націск падае не на першы склад, то ў першай частцы звычайна праяўляецца пабочны націск: амёбападобны, арэхападобны, бавоўнаачышча́льны, бавоўнанарыхтоўчы, буржуа̀зна-дэмакраты́чны, вогнетрыва́лы, вольналюбі́вы, востраканцовы, ву́глевадародны, дробнакалі́берны, жы́ццесцвярджа́льны, заходнебелару́скі, кру́главяза́льны, торфаўборачны і г. д.

Калі складаны прыметнік мае ў сваім саставе больш як дзве часткі, тады кожная частка мае свой націск: а́віяматорабудаўні́чы, паравозавагонарамонтны.

Варыянтнасць націску прыметнікаў

§ 933. Некаторыя прыметнікі маюць акцэнтныя варыянты. У радзе выпадкаў варыянтнасць дапускаецца літаратурнай нормай, у іншых выпадках адзін з акцэнтных варыянтаў з’яўляецца адступленнем ад нормы, хаця даволі шырока можа быць прадстаўлены ў мове мастацкай літаратуры, а таксама ў размоўным стылі, куды ён пранікае з народных гаворак. У некаторых прыметніках ад месца націску залежыць значэнне слова.

Так, літаратурнай нормай дапускаецца ўжыванне варыянтнага націску ў наступных прыметніках (на першым месцы варыянт, якому аддаецца перавага): бу́йны — буйны́, веліза́рны — вялі́зарны, гняды́ — гне́ды, дармавы́ — дармовы, завадскі́ — заводскі, касы́ — косы, рася́ны — расяны́, сівы́ — сі́вы, фу́травы — футровы.

Заўвага. У тым выпадку, калі слова касы́ выступае ў значэнні назоўніка, яно ўжываецца з націскам на канчатку: Толькі цяпер ляснік заўважыў, што напярэймы касому з усіх сіл ляцела ліса (І. Кірэйчык); Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае (А. Масарэнка).

У творах мастацкай літаратуры і размоўным стылі адзначаюцца акцэнтныя варыянты такіх прыметнікаў, як: аржаны́ — аржа́ны, асноўны — аснаўны́, аўся́ны — аўсяны́, агнявы́ — агнёвы, балаці́сты — балоцісты, віхравы́ — віхровы, веснавы́ — вясновы, ге́рбавы — гербовы, грунтавы́ — грунтовы, доўгі — даўгі́, драцяны́ — драця́ны, лі́павы — ліповы, ласка́вы — ла́скавы, прамяні́сты — праме́ністы, пуховы — пухавы́, скорасны — скарасны́, спіртавы́ — спіртовы, сла́бы — слабы́, тоўсты — таўсты́, цвёрды — цвярды́.

Першыя з прыведзеных варыянтаў выступаюць у якасці літаратурнай нормы, другія знаходзяцца па-за яе межамі.

§ 934. У радзе выпадкаў ад месца націску залежыць значэнне прыметніка. Напрыклад: ба́цькаўскі ’які належыць бацьку’ і бацько́ўскі ’які належыць бацькам’; вы́гадны ’карысны, прыбытковы’ і выго́дны ’зручны’; валавы́ ’агульны, узяты поўнасцю, без выліку растрат’ і вало́вы ’які належыць валу’; ве́траны ’з ветрам’, ’легкадумны (пра чалавека)’ і ветраны́ ’які прыводзіцца ў дзеянне сілай ветру’; ві́дны ’вядомы, выдатны’ і відны́ ’добра асветлены’; гру́бы ’нявыхаваны’ і грубы́ ’масіўны, тоўсты’; дасці́пны ’жартаўлівы’ і дасціпны́ ’спрытны’; дзе́даўскі ’які належыць дзеду’ і дзядо́ўскі ’які належыць старому чалавеку’; за́мкавы ’які адносіцца да за́мка’ і замковы ’які адносіцца да замка́’; куставы́ ’аб’яднаны’ і кусто́вы ’які адносіцца да куста’; лю́дскі ’чалавечны, добры’ і людскі́ ’які ўласцівы людзям’; не́мы ’дзікі, роспачны’ і нямы́ ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’, ’маўклівы, ціхі’; пачу́ццевы ’які ўспрымаецца органамі пачуццяў’ і пачуццёвы ’які адносіцца да пачуцця’; саля́ны (пра кіслату) і саляны́ (з солі); суравы́ ’грубы, нябелены (пра матэрыял, ніткі)’ і суровы ’строгі, цвёрды, непахісны’; уда́лы ’ўдачны, трапны’ і удалы́ ’маладзецкі, адважны, зухаваты’; ча́савы ’які адносіцца да назоўніка «час»’ і часовы ’непастаянны’.

Націск лічэбнікаў

§ 935. Лічэбнік адзі́н ва ўсіх формах, акрамя формы назоўнага склону адзіночнага ліку, мае флексійны націск: у творным склоне множнага ліку на перадапошнім складзе (адны́мі), а ў астатніх — на апошнім (аднаго́, аднаму́, адны́м, адны́, адны́х, адны́мі).

У лічэбніках два, дзве, тры флексійны націск ва ўсіх формах (два, двух, двум, двума́; дзвюх, дзвюм, дзвюма́; трох, тром, трыма́), а ў лічэбніку чаты́ры — ва ўсіх формах, акрамя назоўнага і вінавальнага (чатырох, чатыром, чатырма́).

Флексійны націск маюць лічэбнікі пяць, шэсць, сем (пяці́, пяццю́; шасці́, шасцю́; сямі́, сямю́).

Лічэбнікі восем, дзе́вяць, два́ццаць, тры́ццаць у назоўным склоне маюць націск на аснове, а ў формах іншых склонаў — на флексіі (васьмі́, васьмю́; дваццаці́, дваццаццю́).

У лічэбніках адзіна́ццаць — дзевятна́ццаць сталы націск на складзе -на- (адзіна́ццаці, адзіна́ццаццю; чатырна́ццаці, чатырна́ццаццю).

У вымаўленні лічэбнікаў адзіна́ццаць, чатырна́ццаць сустракаюцца адхіленні — націск перасоўваецца на адзін склад к пачатку слова.

Лічэбнікі пяцьдзеся́т, шэсцьдзеся́т у пачатковай форме маюць націск на апошнім складзе другой часткі слова, а ў іншых склонах — на апошнім складзе першай часткі слова (пяці́дзесяці, пяццю́дзесяццю). У моўнай практыцы ў назоўным склоне сустракаюцца адхіленні — перанос націску на першы склад першай часткі, відаць, пад уплывам се́мдзесят, во́семдзесят, якія маюць націск на першым складзе ў назоўным склоне, а ў іншых — на апошнім складзе першай часткі (сямі́дзесяці, сямю́дзесяццю).

Лічэбнікі дзве́сце, тры́ста, чаты́рыста ў назоўным склоне маюць націск на першай частцы слова, а лічэбнікі пяцьсот, шэсцьсот, семсот, восемсот, дзевяцьсот — на другой.

У родным склоне націск на другім кампаненце слова (двухсот, пяцісот), а ў астатніх — на флексіі: на апошнім складзе ў давальным і месным склонах (двумста́м, (аб) двухста́х; пяціста́м, (аб) пяціста́х), а ў творным склоне — на перадапошнім (двумаста́мі, пяццюста́мі).

Націск займеннікаў

§ 936. Асабовыя займеннікі я, ты, ён, яна, яно, яны ў склонавых формах, якія маюць двухскладовую структуру, маюць націск на канчатку (мяне́, мною; цябе́, табе́, табой (-ою), (аб) табе́; яго, яму́; яна́, яе́, яны́), а займеннікі мы, вы — на аснове (на́мі, ва́мі).

Зваротны займеннік сябе ва ўсіх формах мае націск на флексіі (сябе́, сабе́, сабой (-ою)).

Прыналежныя займеннікі мой, твой, свой; маё, тваё, сваё; мая́, твая́, свая́ ва ўсіх неаднаскладовых формах маюць націск на флексіі (майго, майму́, маі́м; маё, майго, майму́, маі́м; мая́, маёй, маю́), а займеннікі наш, ваш — на аснове (на́шага, на́шаму, на́шым, на́шы, на́шых, на́шым, на́шымі).

Указальныя займеннікі гэты, гэта, гэтакі, гэтакае, гэтакая ва ўсіх формах маюць націск на аснове (гэ́тага, гэ́таму, гэтымі; гэ́тай, гэ́ту, гэ́тай (-аю); гэтых, гэтым, гэтымі), а займеннікі той, тое, та́я, ты́я, такі́, такое, такая́, такі́я — на флексіі (таго, таму́, та́я, ту́ю, тою; ты́я, ты́мі).

Азначальныя займеннікі сам, само, сама́ ва ўсіх формах, акрамя назоўнага склону множнага ліку, дзе націск на аснове (са́мі), маюць націск на флексіі (самога, самому, самі́м, самой, саму́ю, самі́х, самі́м, самі́мі). Націск на флексіі ва ўсіх формах займеннікаў уве́сь, усё, уся́ (усяго, усяму́; усёй, усёю, усі́х, усі́м, усі́мі). Займеннікі са́мы, са́мае, са́мая, уся́кі, уся́кае, уся́кая, кожны, кожнае, і́ншы, і́ншае, і́ншая заўсёды маюць націск на аснове (са́мага, са́маму, са́мым; са́май, са́мую; са́мых, са́мым, са́мымі).

Пытальна-адносныя займеннікі хто, што, які́, якое, якая́, чый, чыё, чыя́ і адмоўныя ніхто́, нішто́, ніякі́, ніякае, ніякая, нічы́й, нічыё маюць націск на флексіі (каго, каму́, чаго, чаму́; якога, якому, які́м, якой; які́х, які́м, які́мі), а пытальна-адносныя займеннікі каторы, каторае, каторая і адмоўныя не́кага, не́чага заўсёды маюць націск на аснове (каторага, катораму, каторым, каторай, каторых, каторым, каторымі; не́кага, не́каму).

Няпэўныя займеннікі не́хта, не́шта, не́чы, не́йкі ва ўсіх формах маюць націск на першым складзе асновы, а займеннік некаторы — на трэцім. Займеннікі з часціцай -сьці (хтосьці, штосьці, чы́йсьці, які́сьці) і з часціцай абы- (абы-хто, абы-што, абы-які́, абы-чы́й) захоўваюць месца націску ўтваральных асноў (займеннікаў хто, што, чый, які́). Займеннікі з часціцай -небудзь (хто-не́будзь, што-не́будзь, чы́й-не́будзь, като́ры-не́будзь) маюць два націскі: на першай частцы захоўваецца месца націску ўтваральнай асновы (хто, што і інш.), а ў другой частцы — націск на адмоўі не-.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел