Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Націск прыслоўяў

§§ 990–998

Націск прыслоўяў

Націск невытворных прыслоўяў

§ 990. Часцей за ўсё месца націску ў прыслоўі залежыць ад месца націску тых часцін мовы, ад якіх утворана прыслоўе. Але частка прыслоўяў характарызуецца індывідуальнымі акцэнтнымі асаблівасцямі. Гэта нематываваныя прыслоўі. Частка з іх мае націск на апошнім складзе: калі́, куды́, сюды́, туды́, тады́, яшчэ́, ужо́, пасля́, спакваля́, іна́кш, цяпе́р, ама́ль і некаторыя іншыя. Невытворныя прыслоўі з націскам не на апошнім складзе: усю́ды, го́дзе, учо́ра, во́кал, до́сыць, за́гадзя, за́пар, за́саб, за́ўтра, на́дта, на́шча.

Калі да прыслоўяў куды́, калі́, сюды́ далучаюцца прыстаўкі, то націск з канцавога склада перамяшчаецца на прыстаўку (не-) або на перадапошні склад (пры далучэнні іншых прыставак):

калі́ніколі
не́калі
куды́ніку́ды
не́куды
сюды́— усю́ды

Націск вытворных прыслоўяў

Націск прыслоўяў, утвораных ад назоўнікаў

§ 991. У прыслоўях, якія суадносяцца з творным склонам назоўнікаў, у большасці выпадкаў націск захоўваецца на тым жа складзе, што і ў форме творнага склону назоўніка: абара́нкам, ава́нсам, агу́лам, адвячоркам, бачком, ве́чарам, вінтом, восенню, вясной, галопам, гу́жам, гу́ртам, дабром, за́дам, за́лпам, зімой, кружком, ле́там, ма́хам, мігам, нака́там, ноччу, паражняком, поўнасцю, прае́здам, ры́ссю, сілай, сле́дам, цу́гам і інш.

Па аналогіі з прыслоўямі тыпу бачком, якія маюць адпаведныя формы назоўнікаў, націск на апошнім суфіксальным элеменце атрымліваюць прыслоўныя ўтварэнні без адпаведных форм назоўнікаў: гуськом, паўзком, цішком і інш. У некаторых прыслоўях націск у параўнанні з формай назоўніка перамяшчаецца на іншы склад. Напрыклад: бег — бе́гам (наз.) — бягом (прысл.); верх — ве́рхам (наз.) — вярхом (прысл.). У прыставачным утварэнні ад тайком націск перамяшчаецца на прыстаўку: потайкам.

У радзе выпадкаў назіраецца варыянтнасць націску, звязаная з уплывам народных гаворак. Так, адзначаны формы бягом — бе́гам, вечарам — вечаром, вярхом — ве́рхам, гу́жам — гужом, гу́ртам — гуртом, крадком — кра́дкам, маўчком — моўчкам, ра́ніцай — раніцой. Першыя ў прыведзеных парах варыянты выступаюць як літаратурная норма, другія — знаходзяцца па-за яе межамі.

Некаторыя прыслоўі ў залежнасці ад месца націску адрозніваюцца па значэнню: кругом ’навокал’, ’цалкам’ і кру́гам ’у круг’ (сесці кругам); ца́лкам ’поўнасцю, без выключэння’ і цалком ’адным куском’.

§ 992. У прыслоўях, якія ўтварыліся ад ускосных склонаў назоўнікаў з прыназоўнікамі, у асноўным месца націску захоўваецца на тым жа складзе, што і ў адпаведнай форме назоўніка: адве́ку, адра́зу, даволі, дагары́, дадому, збоку, зве́ку, зве́рху, зве́чара, зду́ру, зза́ду, зні́зу, знутры́, зра́нку, зроду, спадылба́, спача́тку, набок, накася́к, напе́рад, напралом, напра́ўду, насі́лу, наспе́х, угалоп, уголас, упе́рад, упокат, услы́х, штого́д, якра́з, апоўдні, апоўначы, наве́рсе, напе́радзе, нарэшце, угары́, удалечыні́, уні́зе, уночы і інш.

Але ў некаторых прыслоўях такога тыпу націск пераходзіць на прыстаўку: досвету, за́грудкі, на́крыж, на́нач, сосмеху, сосну, спады́спаду і г. д. Націск пераходзіць на прыстаўку таксама ў прыслоўях, якія суадносяцца з вінавальным склонам назоўнікаў без матэрыяльна выражаных склонавых канчаткаў: на́сцеж, побач, паблізу, вобзем, поплеч, поруч, потарч, удосталь і некаторыя іншыя.

Некаторыя прыслоўі маюць варыянтны націск: апаўдні — апоўдні, набок — на́бак, наспе́х — на́спех, падве́чар — подвечар, падча́с — подчас, паначы́ — поначы, спады́спаду — спадысподу, уні́зе — унізу́ і некаторыя іншыя. Варыянты ў парах на першым месцы кваліфікуюцца як літаратурная норма, на другім месцы — адхіленне ад нормы.

Для часткі прыслоўяў націскныя варыянты з’яўляюцца раўнапраўнымі: вакол — вокал, навокал — навакол, навы́лет — навылёт.

У залежнасці ад месца націску некаторыя прыслоўі разглядаемага тыпу адрозніваюцца семантыкай: за́раз ’у гэту мінуту’, ’хутка’ і зара́з ’разам, у адзін прыём’.

Націск прыслоўяў, утвораных ад прыметнікаў

§ 993. У прыслоўях, якія суадносяцца з беспрыназоўнікавымі формамі вінавальнага склону кароткіх прыметнікаў, націск звычайна захоўваецца на тым жа складзе, што і ў прыметніку: абду́мана, аднолькава, асаблі́ва, бага́та, балю́ча, бе́дна, безумоўна, бе́ла, бру́дна, ву́зка, высока, гістары́чна, гла́дка, дадаткова, далёка, дарэмна, дастаткова, доўга, жахлі́ва, ма́рна, ні́зка, праці́ўна, рашу́ча, роўна, свабодна, све́тла, сіметры́чна, слі́зка, сме́шна, спакойна, страшэнна, сярэдне, та́нна, тонка, ху́тка, цёмна, цёпла, ця́жка, чы́ста, я́сна і г. д.

У частцы двухскладовых прыслоўяў, якія ўтвораны ад двухскладовых прыметнікаў з націскам на канчатку, націск перамяшчаецца на першы склад: глу́ха (параўн. глухі́), гу́ста, жы́ва, кру́та, кры́ва, ма́ла, не́ма, пра́ма, пу́ста, ску́па, сле́па, су́ха, ту́га, ту́па.

У трохскладовых прыслоўях, якія ўтвораны ад трохскладовых прыметнікаў з націскам на канчатку або на складзе, які папярэднічае канчатку, націск перамяшчаецца на першы склад: ве́села (параўн. вясёлы), здорава, голадна, горача, дорага, зе́лена, коратка, молада, соладка, холадна, хораша і некалькі іншых.

Націск на апошнім складзе мае прыслоўе даўно (параўн. да́ўні).

У мове мастацкай літаратуры, а таксама ў размоўным стылі для некаторых прыслоўяў адзначаны акцэнталагічныя варыянты: боязна — баязно, відно — ві́дна, высока — вы́сака, глыбока — глы́бака, шырока — шы́рака і некаторыя іншыя. Другі варыянт выходзіць за межы літаратурнай нормы.

У адпрыметнікавых прыслоўях, якія ўтвораны прыставачна-суфіксальным спосабам, месца націску супадае з націскам у адпаведных формах прыметнікаў: дасы́та (параўн. сы́ты), звысоку, здалёку, зле́ва, злёгку, знова, зрэдку, наве́чна, надоўга, нале́ва, намертва, падоўгу, папросту, пароўну і інш.

Але ў радзе прыслоўяў з прыстаўкамі на-, за-, по-, со- націск перамяшчаецца на прыстаўку: за́відна, за́жыва, за́светла, за́цемна, за́цепла, зза́маладу, на́гала, на́суха, на́глуха, на́нава, на́чыста, повідну, посуху, сослепу.

У прыслоўях з прыстаўкай да- націск перамяшчаецца на апошні склад: дабяла́, давідна́, дагала́, дапазна́, дапаўна́, дацямна́, дачыста́, таксама здаўна́, спаўна́. Але дачы́рвана.

На прыслоўным суфіксе замацаваўся націск у словах удвайне́, утрайне́.

Акцэнталагічныя варыянты дапускаюцца літаратурнай нормай для прыслоўяў дасу́ха і досуха, нараўні́ і нароўні. У варыянтных парах дабяла́ — дабе́ла, дагала́ — дагола, дапазна́ — дапозна, дасы́та — дасыта́ звысока — звысока́, здаўна́ — зда́ўна, на́нава — нанова, на́чарна — начорна першы варыянт з’яўляецца літаратурнай нормай, другі — адхіленнем ад нормы.

У якасных прыслоўях з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі націск звычайна супадае з націскам у суадносных формах суб’ектыўнай ацэнкі прыметнікаў: бялю́сенька (параўн. бялю́сенькі), бялю́тка, гусце́нька, добранька, драбню́тка, дробненька, ні́зенечка, ні́зенька, прыгожанька, ціху́тка. Але хорашанька — харошанькі. У некаторых прыслоўях з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі адзначаны акцэнтныя варыянты: гу́сценька — гусце́нька, дробненька — драбне́нька, ні́зенька — нізе́нька. Першыя ў парах варыянты — літаратурная норма, другія — па-за яе межамі.

Застаецца нязменным месца націску таксама ў прыслоўях, утвораных ад якасных прыметнікаў з суфіксамі -энн-, -эзн-, -ават-: высачэнна (параўн. высачэнны), высачэзна, малава́та, шырачэзна, шырачэнна.

У формах ступеней параўнання якасных прыслоўяў націск супадае з націскам адпаведных форм ступеней параўнання якасных прыметнікаў. Так, часцей за ўсё націск прыходзіцца на суфікс -ей (-эй): бліжэй, буйне́й, важне́й, вальне́й, вышэй, гладзе́й, глыбе́й, дале́й, даражэй, даўжэй, драбне́й, дружне́й, званчэй, здараве́й, караце́й, крапчэй, лягчэй, ляпе́й, мацне́й, ніжэй, пазне́й, радзе́й, ране́й, раўне́й, саладзе́й, слабе́й, смачне́й, скарэй, сушэй, сытне́й, тужэй, цвярдзе́й, цяжэй, цямне́й, часце́й, чырване́й, шырэй, ямчэй, ярчэй і г. д.

Частка прыведзеных вышэй прыслоўяў можа мець формы з націскам на корані: блі́жай, вы́гадней, вы́шай, гла́дзей, глы́бей, да́лей, дарожай, кароцей, ласка́вей, ле́пей, спакойней, су́шай, ціка́вей, шы́рай і інш. Такія акцэнтныя варыянты адзначаюцца ў мове мастацкай літаратуры.

Прыслоўі, утвораныя ад трохскладовых (чатырохскладовых) прыметнікаў, у форме вышэйшай ступені захоўваюць націск на ўтваральнай аснове: акрэсленей, акты́ўней, ахвотней, бале́сней, вы́гадней, выра́зней, галасі́сцей, заме́тней, напоры́сцей, натура́льней, прые́мней, ра́дасней, справядлі́вей, стара́нней, упа́рцей, яскра́вей.

З націскам на суфіксе ўжываюцца ўсе прыслоўі, утвораныя ад поўных форм якасных прыметнікаў вінавальнага склону з прыназоўнікамі на, пад, у: напрапалу́ю, наўдалу́ю, начысту́ю, падчысту́ю, укругаву́ю, урассыпну́ю, уручну́ю, усляпу́ю, ухаласту́ю, ушчыльну́ю. Але наадкры́тую, насме́лую, урукапа́шную.

Ва ўсіх астатніх адпрыметнікавых прыслоўях суфіксальнага і прэфіксальна-суфіксальнага ўтварэння націск падае на той жа склад, што і ў прыметніках: важне́цкі, маста́цкі, па-белару́ску, па-бра́цку, па-гарадскому, па-дзіця́чы, па-лю́дску, па-новаму, па-ру́ску, па-старому, па-чалаве́чы і г. д.

Націск прыслоўяў, утвораных ад лічэбнікаў

§ 994. У прыслоўях з прыстаўкай у-, якія ўтвораны ад колькасных і парадкавых лічэбнікаў, націск прыходзіцца на суфікс: удву́х, удваі́х, утрох, утраі́х, упяцёх, упяцяры́х, увасьмёх, увасьмяры́х, усямёх, учатыро́х, учацвяры́х, удвая́, утрая́.

У прыслоўях з прыстаўкай на- націск пераходзіць на прыстаўку: на́двае, на́трае. Хаця ў размоўным стылі і ў мове мастацкай літаратуры ўжываюцца формы надвое, натрое.

Прыслоўі удвая́, утрая́ маюць размоўныя акцэнтныя варыянты удвое, утрое.

На прыслоўным суфіксе замацаваўся націск у словах спярша́, заадно. У прыслоўях двойчы, тройчы націск на корані.

Націск прыслоўяў, утвораных ад займеннікаў

§ 995. Значная частка адзайменнікавых прыслоўяў характарызуецца ў большасці выпадкаў індывідуальнымі націскамі.

У частцы прыслоўяў месца націску тое ж, што і ў адпаведных формах займеннікаў: па-ва́шаму, па-і́хняму, па-на́шаму, затое, зусі́м, нашто, нізашто.

У прыслоўі потым націск на прыстаўцы.

Адрозніваюцца месцам націску прыслоўі, утвораныя пры дапамозе прыстаўкі па- ад форм давальнага склону займеннікаў мой, твой, свой: па-мойму (параўн. майму́), па-свойму, па-твойму. Акцэнтныя варыянты па-мае́му, па-свае́му, па-твае́му знаходзяцца за межамі літаратурнай нормы.

Прыслоўі, утвораныя ад займенніка што пры дапамозе прыставак і ўстаўкі -во-, маюць націск на гэтай устаўцы, аднак лічацца гутарковымі формамі: завошта.

У частцы прыслоўяў са звязанымі асновамі націск прыходзіцца на перадапошні склад: адгэтуль, дагэтуль, пагэтуль, адне́куль, зне́куль.

У прыслоўях адку́ль, адту́ль, дату́ль, паку́ль, пату́ль, адсю́ль, дасю́ль, пасю́ль націск падае на апошні склад. Акцэнтныя варыянты покуль, посюль з’яўляюцца адступленнем ад літаратурнай нормы.

Націск прыслоўяў аддзеяслоўнага паходжання

§ 996. У прыслоўях, якія суадносяцца з дзеепрыслоўямі, націск супадае з месцам націску ў адпаведных дзеепрыслоўях: гле́дзячы, дзя́куючы, е́дучы, жарту́ючы, жывучы́, ідучы́, ле́жачы, се́дзячы, сто́ячы, хва́лячы, пла́чучы і інш.

У прыслоўях за́гадзя і не́хаця націск на прыстаўцы.

У частцы аддзеяслоўных прыслоўяў з суфіксам -ма націск знаходзіцца на корані: бе́гма, гу́льма, ле́жма, роўма, се́дзьма, а таксама ні́цма. З націскам на суфіксе -ма ўжываюцца прыслоўі кішма́, старчма́, тарчма́.

У прыслоўях, якія суадносяцца з формамі дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга часу ніякага роду, націск застаецца нязменным: захапля́юча, хвалю́юча.

Націск прыслоўяў, утвораных ад прыслоўяў

§ 997. Прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў пры дапамозе прыставак за-, на-, па-, паза-, пасля-, у-, часцей за ўсё захоўваюць націск на тым жа складзе, што і ва ўтваральнай аснове: завысока (параўн. высока), заглыбока, загу́ста, задалёка, задорага, задоўга, зале́тась, залі́шне, замоцна, зара́на, заўчора, нааба́пал, наводдаль, надоўга, назаўжды́, назаўсёды, наза́ўтра, назусі́м, напотым, наскрозь, настолькі, насу́праць, наўзбоч, наўздоўж, наўсцяж; пааба́пал, пазале́тась, пазаўчора, пасляза́ўтра; удвойчы, употай, утройчы. Толькі некалькі прыслоўяў адрозніваюцца месцам націску: напоперак, упоперак (параўн. папярок), за́даўга (параўн. доўга). Прыслоўе надалей мае два акцэнталагічныя варыянты, якія дапускаюцца як літаратурныя: нада́лей і надале́й (параўн. дале́й).

Акцэнталагічныя варыянты за́даўга і задоўга адрозніваюцца па семантыцы: за́даўга ’за многа часу да чаго-небудзь’; задоўга ’надта доўга’.

Націск складаных прыслоўяў

§ 998. У складаных прыслоўях, якія ўтварыліся шляхам зліцця займенніка што з назоўнікам або прыметнікам, націск падае на матываваную аснову: штогадзі́нна, штогадзі́ны, штогод, штодзе́нь, штодзённа, штодня́, штоле́та, штоме́сяц, штосу́тачна, штоты́дзень.

Націск на другім кампаненце складанага прыслоўя назіраецца ў словах басанож, мімаволі, мімаходам, навідавоку, самату́гам. Але абе́руч.

У прыслоўях сяголета, сягоння націск падае на другі склад першай часткі.

Складаныя прыслоўі, утвораныя шляхам паўтарэння асноў або злучэння сінанімічных або антанімічных асноў, маюць два націскі, прычым на кожным кампаненце месца націску захоўваецца без змен: высо́ка-высо́ка, далёка-далёка, ра́на-ра́на, ці́ха-ці́ха, да́лей-болей, даўны́м-даўно, кругом-вокала, ма́ла-многа, ма́ла-пама́лу, позна-ра́на, сюды́-туды́, сяды́-тады́, тады́-сяды́, туды́-сюды́, шы́варат-навы́варат, шы́та-кры́та і інш.

Складаныя прыслоўі, якія ўтварыліся шляхам паўтарэння аднолькавых слоў з далучэннем адмоўя або прыназоўніка да другога кампанента, часцей за ўсё маюць націск на другой частцы: дзе-нідзе́, калі-ніка́лі, крыж-на́крыж, перш-на́перш, як-нія́к.

Складаныя прыслоўі, якія ўтварыліся шляхам злучэння прыслоўяў і словаўтваральных частак, маюць адзін націск на прыслоўі: абы-адку́ль, абы-дзе́, абы-калі́, абы-куды́, абы-я́к, адку́ль-небудзь.

Адзін націск маюць таксама прыслоўі, утвораныя шляхам злучэння назоўнага і творнага склонаў аднаго і таго ж назоўніка ці лічэбніка: адзін-адны́м, век-ве́кам, час-ча́сам, чын-чы́нам. Але во́ляй-няво́ляй, даўны́м-даўно.

Адзін націск маюць таксама прыслоўі, складзеныя з усечаных частак (прыслоўяў або прыслоўя і часціцы): сюд-ту́д, сям-та́м, сяк-та́к, там-ся́м, так-ся́к.

Захоўвае націск кожная частка ў такіх выразах, як адзі́н на адзі́н, вока на вока, сле́д у сле́д.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел