Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Націск дзеясловаў і дзеепрыметнікаў
§§ 976–989
Націск дзеясловаў адзінаццатага непрадуктыўнага класа
§ 976. Да гэтага класа адносіцца некалькі дзеясловаў з асновай інфінітыва на галосны, аснова цяперашняга часу ў якіх ускладняецца суфіксамі -j-, -в- або -н-: абу́ць, дуць, разу́ць, чуць; жыць, злоўжы́ць, пражы́ць, ужы́ць, слыць, праслы́ць, плыць, праплы́ць, прыплы́ць, дзець, надзе́ць, раздзе́ць, адта́ць, прата́ць, раста́ць, стаць, стрэць, сустрэць, стыць, засты́ць, насты́ць і іншыя прыставачныя. Паводле месцаразмяшчэння націску ў спрагальных формах дзеясловаў гэтага класа вылучаюцца два акцэнтныя тыпы — A і D.
§ 977. У акцэнтны тып A ўваходзяць дзеясловы, у якіх націск ва ўсіх спрагальных формах на аснове: абу́ю, абу́еш, абу́е, абу́ем, абу́еце, абу́юць, абу́ў, абу́ла (ж., н. р.), абу́лі, абу́й, абу́йма, абу́йце; адзе́ну, адзе́неш, адзе́не, адзе́нем, адзе́неце, адзе́нуць, адзе́ў, адзе́ла (ж., н. р), адзе́лі, адзе́нь, адзе́нем, адзе́ньце. Да тыпу A належаць дзеясловы абу́ць, дуць, разу́ць, чуць, жыць, дзець, надзе́ць, раздзе́ць, адта́ць, прата́ць, раста́ць, стаць, стрэць, сустрэць, стыць, засты́ць, насты́ць аста́цца, заста́цца. Адхіленні: дзеясловы аста́цца, заста́цца ў формах будучага і прошлага часу адзначаны ў варыянтах з націскам на аснове — аста́нуся, аста́нешся, аста́нецца, аста́немся, аста́нецеся, аста́нуцца, аста́лася (ж., н. р.), аста́ліся.
§ 978. Да акцэнтнага тыпу D адносяцца дзеясловы, у якіх ва ўсіх спрагальных формах націск на флексіі: жыву́, жыве́ш, жыве́, жывём, жывяце́, жыву́ць, жыў, жыла́, жыло́, жыве́ш, жылі́, жыві́, жыве́м, жыві́це. Гэта дзеясловы жыць, злоўжы́ць, пражы́ць, ужы́ць, слыць, праслы́ць, плыць, праплы́ць, прыплы́ць.
Размеркаванне дзеясловаў па акцэнтных тыпах
§ 979. У акцэнтны тып A ўваходзяць:
1. Дзеясловы першага прадуктыўнага класа (§ 938).
2. Каля 100 дзеясловаў другога прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі а-, аб-, ад-, да-, з-, за-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, рас-, с-, у-, уз-, ус- (§ 940).
3. Дзеясловы трэцяга прадуктыўнага класа, акрамя 9, што адносяцца да акцэнтнага тыпу B, і вытворныя ад іх (§ 944, 945).
4. Каля 30% дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі аб-, ад-, да-, з-, за-, на-, наз-, напера-, неда-, па-, паад-, пад-, паз-, паза-, пана-, папера-, папры-, параз-, пера-, пра-, пры-, раз-, у-, уз- (§ 947).
5. Каля 30 дзеясловаў першага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 950, 951).
6. Дзеясловы другога непрадуктыўнага класа нудзе́ць, руне́ць і вытворныя ад іх, а таксама вытворныя ад дзеясловаў гэтага ж класа глядзе́ць, ляжа́ць, маўча́ць, стая́ць, сядзе́ць (§ 955).
7. Каля 40 дзеясловаў трэцяга непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 958).
8. Дзеясловы чацвёртага непрадуктыўнага класа кра́сці, ле́зці, се́сці і вытворныя ад іх (§ 960).
9. Дзеясловы шостага непрадуктыўнага класа даста́ць, заста́ць, стаць (§ 969).
10. Дзеясловы дзясятага непрадуктыўнага класа брыць, выць, мыць, ныць, рыць, шыць і вытворныя ад іх (§ 975).
11. Каля 20 дзеясловаў адзінаццатага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 977).
У акцэнтны тып A1 ўваходзяць дзеяслоў пятага прадуктыўнага класа ле́гчы і вытворныя ад яго (§ 966).
§ 980. У акцэнтны тып B уваходзяць:
1. Каля 100 дзеясловаў другога прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі а-, аб-, аба-, ад-, ада-, да-, з-, за-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, рас-, с-, у-, ува-, уз-, ус- (§ 941).
2. Дзевяць дзеясловаў трэцяга прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 945).
3. Каля 30% дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі а-, аб-, ад-, да-, з-, за-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, рас-, с-, у-, уз- (§ 948).
4. Каля 25 дзеясловаў першага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 952).
5. Каля 60 дзеясловаў другога непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 956).
6. Дзеясловы трэцяга непрадуктыўнага класа сягну́ць, уракну́ць і вытворныя ад іх (§ 958).
7. Пераважная большасць дзеясловаў чацвёртага непрадуктыўнага класа (акрамя трох, якія належаць да акцэнтнага тыпу A, і трынаццаці дзеясловаў, якія належаць да акцэнтнага тыпу D) і вытворныя ад іх (§ 960, 961, 962).
8. Дзесяць дзеясловаў пятага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 964).
9. Каля 15 дзеясловаў шостага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 970).
10. Усе дзеясловы сёмага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 972).
11. Усе дзеясловы восьмага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 973).
12. Усе дзеясловы дзевятага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 974).
Да акцэнтнага тыпу B₁ належаць:
1. Дзеясловы другога непрадуктыўнага класа бая́цца, стая́ць (§ 957).
2. Дзеяслоў дзесятага непрадуктыўнага класа гніць і вытворныя ад яго (§ 975).
§ 981. У акцэнтны тып C уваходзяць:
1. Каля 10 дзеясловаў другога прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі а-, аб-, ад-, з-, за-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, раз-, рас-, с-, у- (§ 942).
2. Каля 35% дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа і вытворныя ад іх з прыстаўкамі а-, аб-, ад-, з-, за-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, раз-, рас-, с-, у-, уз- (§ 949).
3. Каля 70 дзеясловаў першага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 953).
4. Дзеясловы другога непрадуктыўнага класа вярце́ць, гнаць, лама́ць і вытворныя ад іх (§ 957).
У акцэнтны тып C1 уваходзяць:
1. Дзеяслоў пятага непрадуктыўнага класа магчы́ і вытворныя ад яго (§ 967).
2. Каля 15 дзеясловаў шостага непрадуктыўнага класа (§ 971).
§ 982. У акцэнтны тып D уваходзяць:
1. Каля 15 дзеясловаў чацвёртага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 962).
2. Каля 10 дзеясловаў пятага непрадуктыўнага класа і вытворныя ад іх (§ 965).
3. Дзеясловы шостага непрадуктыўнага класа зача́ць, пача́ць, уня́ць (§ 971).
4. Каля 10 дзеясловаў адзінаццатага непрадуктыўнага класа (§ 978).
Націск дзеепрыметнікаў
§ 983. Дзеепрыметнікі, як і прыметнікі, характарызуюцца нерухомым націскам, але ў адрозненне ад прыметнікаў, якім уласцівы два акцэнтныя тыпы нерухомага націску А і В, належаць да акцэнтнага тыпу А — ва ўсіх склонавых формах адзіночнага і множнага ліку маюць націск на аснове.
§ 984. Дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) у беларускай мове ўжываюцца рэдка, галоўным чынам у творах мастацкай літаратуры. Як правіла яны захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы: вяду́чы (вяду́чая, вяду́чае) — вяду́ць; выкліка́ючы (выкліка́ючая, выкліка́ючае) — выкліка́юць; дасяга́ючы (дасяга́ючая, дасяга́ючае) — дасяга́юць; нараста́ючы (нараста́ючая, нараста́ючае) — нараста́юць і інш.
§ 985. Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу з суфіксамі -ш-, -ўш-, -л- захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы: затаі́ўшы (затаі́ўшая, затаі́ўшае) — затаі́ць; перазімава́ўшы (перазімава́ўшая, перазімава́ўшае) — перазімава́ць; прыбы́ўшы (прыбы́ўшая, прыбы́ўшае) — прыбы́ць і інш.; збяле́лы (збяле́лая, збяле́лае) — збяле́ць; павесяле́лы (павесяле́лая, павесяле́лае) — павесяле́ць; счарне́лы (счарне́лая, счарне́лае) — счарне́ць і інш.
§ 986. Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім- захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы: апрацоўваемы (апрацоўваемая, апрацоўваемае) — апрацоўваюць; вывуча́емы (вывуча́емая, вывуча́емае) — вывуча́юць; дасле́дуемы (дасле́дуемая, дасле́дуемае) — дасле́дуюць; кіру́емы (кіру́емая, кіру́емае) — кіру́юць; ствара́емы (ствара́емая, ствара́емае) — ствара́юць і інш.
§ 987. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксам -т- у пераважнай большасці захоўваюць націск утваральнай асновы: абу́ты (абу́тая, абу́тае) — абу́ць; здабы́ты (здабы́тая, здабы́тае) — здабы́ць, накры́ты (накры́тая, накры́тае) — накры́ць; памы́ты (памы́тая, памы́тае) — памы́ць і інш., але паколаты (паколатая, паколатае) — пакалоць; змолаты (змолатая, змолатае) — змалоць. Дзеепрыметнікі ад дзеясловаў з суфіксам -ну- захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы, калі ў дзеяслове ён на каранёвай частцы: пакі́нуты (пакі́нутая, пакі́нутае) — пакі́нуць; прыці́снуты (прыці́снутая, прыці́снутае) — прыці́снуць і інш. Калі ж націск у дзеяслове на суфіксе -ну-, утвораны ад яго дзеепрыметнік мае націск на перадсуфіксальным складзе: абма́нуты (абма́нутая, абма́нутае) — абману́ць; пераапра́нуты (пераапра́нутая, пераапра́нутае) — пераапрану́ць і інш.
§ 988. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксам -н- (-ен-, -ан- (-ян-)), утвораныя ад дзеясловаў першага прадуктыўнага класа (група A) звычайна захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы: заблы́таны (заблы́таная, заблы́танае) — заблы́таць; захава́ны (захава́ная, захава́нае) — захава́ць; намата́ны (намата́ная, намата́нае) — намата́ць; паабіра́ны (паабіра́ная, паабіра́нае) — паабіра́ць і інш. Але для некаторых дзеепрыметнікаў назіраюцца выпадкі варыянтнасці (на першым месцы падаецца норма): закапа́ны і закопаны ад закапа́ць, насука́ны і насу́каны ад насука́ць, схава́ны і схованы ад схава́ць і інш.
Дзеепрыметнікі ад дзеясловаў трэцяга прадуктыўнага класа таксама захоўваюць месца націску ўтваральнай асновы — на суфіксальным складзе -ва-: абмалява́ны (абмалява́ная, абмалява́нае) — абмалява́ць; арганізава́ны (арганізава́ная, арганізава́нае) — арганізава́ць; заваява́ны (заваява́ная, заваява́нае) — заваява́ць; накірава́ны (накірава́ная, накірава́нае) — накірава́ць; падпарадкава́ны (падпарадкава́ная, падпарадкава́нае) — падпарадкава́ць; прааналізава́ны (прааналізава́ная, прааналізава́нае) — прааналізава́ць; распрацава́ны (распрацава́ная, распрацава́нае) — распрацава́ць і інш. Паралельна з нарматыўным націскам на складзе -ва- ў моўнай практыцы, асабліва ў мове мастацкай літаратуры, шырока выкарыстоўваюцца варыянты з націскам на перадсуфіксальным складзе: абмалява́ны і абмалёваны, абгаблява́ны і абгаблёваны, адбудава́ны і адбудо́ваны, апрацава́ны і апрацо́ваны, арганізава́ны і арганізо́ваны, заваява́ны і заваёваны, накірава́ны і накіро́ваны, падпарадкава́ны і падпарадко́ваны, прааналізава́ны і прааналізо́ваны, распрацава́ны і распрацо́ваны і інш.
Дзеепрыметнікі ад дзеясловаў акцэнтнага тыпу A чацвёртага прадуктыўнага класа захоўваюць націск утваральнай асновы — на корані: агра́блены (агра́бленая, агра́бленае) — агра́біць; запрэ́жаны (запрэ́жаная, запрэ́жанае) — запрэ́гчы; зні́шчаны (зні́шчаная, зні́шчанае) — зні́шчыць; прыне́сены (прыне́сеная, прыне́сенае) — прыне́сці і інш., а ад дзеясловаў акцэнтнага тыпу C маюць націск на адзін склад бліжэй да пачатку слова ў параўнанні з націскам утваральнай асновы: забаронены (забароненая, забароненае) — забарані́ць; зроблены (зробленая, зробленае) — зрабі́ць; наточаны (наточаная, наточанае) — натачы́ць; пага́шаны (пага́шаная, пага́шанае) — пагасі́ць і інш.
Дзеепрыметнікі, утвораныя ад дзеясловаў чацвёртага і пятага непрадуктыўных класаў (акцэнтнага тыпу A) захоўваюць націск на каранёвым складзе: зве́зены (зве́зеная, зве́зенае) — зве́зці; згры́зены (згры́зеная, згры́зенае) — згры́зці; спра́дзены (спра́дзеная, спра́дзенае) — спра́сці; запрэжаны (запрэжаная, запрэжанае) — запрэгчы; ссе́чаны (ссе́чаная, ссе́чанае) — ссе́кчы і інш.
Дзеепрыметнікі ад дзеясловаў акцэнтнага тыпу B маюць націск на адзін склад бліжэй да пачатку слова ў параўнанні з утваральнай асновай: зберажоны (зберажоная, зберажонае) — зберагчы́; здзёўбаны (здзёўбаная, здзёўбанае) — здзяўбці́; зняможаны (зняможаная, зняможанае) — знемагчы́; спе́чаны (спе́чаная, спе́чанае) — спячы́; сцеражоны (сцеражоная, сцеражонае) — сцерагчы́ і інш.
Націск дзеепрыслоўяў
§ 989. Дзеепрыслоўі з суфіксамі -учы (-ючы), -ачы (-ячы) захоўваюць націск утваральнай асновы — форм цяперашняга часу: абіва́ючы — абіва́юць, адмаўля́ючы — адмаўля́юць, быва́ючы — быва́юць, ве́рачы — ве́раць, гамонячы — гамоняць, начу́ючы — начу́юць, працу́ючы — працу́юць, се́ючы — се́юць і інш.
Ад некаторых дзеясловаў другога і трэцяга прадуктыўных класаў, а таксама ад большасці непрадуктыўных класаў дзеепрыслоўі маюць іншы націск, чым формы цяперашняга часу. У адных выпадках ён знаходзіцца бліжэй да пачатку слова, напрыклад: гле́дзячы — глядзе́ць, ле́жачы — ляжа́ць, се́дзячы — сядзе́ць, стоячы — стая́ць, а ў другіх — на канцавым галосным суфікса, напрыклад: бегучы́ — бягу́ць, кладучы́ — кладу́ць, несучы́ — нясу́ць, пасучы́ — пасу́ць.
Дзеепрыслоўі з суфіксамі -ўшы, -шы захоўваюць націск утваральнай асновы — формы прошлага часу: абабра́ўшы — абабра́ў, адве́даўшы — адве́даў, дае́хаўшы — дае́хаў, забра́ўшы — забра́ў, залёгшы — залёг, нанёсшы — нанёс, узя́ўшы — узя́ў і інш.
